Да Еўрапейскай будучыні для грамадзян Беларусі

Выступ Штэфана Фюле, Камісара ЕС па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства на форуме "Трансфармацыі Беларусі — выбар шляхоў развіцця", 7 снежня 2011 года

7 снежня 2011 года Штэфан Фюле, камісар ЕС па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства, выступіў у Брусэлі на форуме "Трансфармацыі Беларусі — выбар шляхоў развіцця", арганізаваным Еўрапейскім аддзяленнем Фонду Карнэгі.



Выступ Штэфана Фюле, Камісара ЕС па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства на форуме "Трансфармацыі Беларусі — выбар шляхоў развіцця", 7 снежня 2011 года

7 снежня 2011 года Штэфан Фюле, камісар ЕС па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства, выступіў у Брусэлі на форуме "Трансфармацыі Беларусі — выбар шляхоў развіцця", арганізаваным Еўрапейскім аддзяленнем Фонду Карнэгі.

Камісар Фюле заўважыў, што форум адбываецца напярэдадні ўгодкаў прэзідэнцкіх выбараў, калі пачалася новая хваля рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і недзяржаўных СМІ. Па меркаванні спадара Фюле, прыйшоў час зрабіць высновы з таго, што адбылося. Камісар Фюле сказаў, што ў краіне ўсталявалася атмасфера страху і што ён хоча падзяліцца сваім бачаннем лепшай будучыні Беларусі, бачаннем дэмакратычнай альтэрнатывы палітычным рэпрэсіям і эканамічным цяжкасцям. "Гэта бачанне — не пустыя словы, а канкрэтная падтрымка і дапамога з боку ЕС", — адзначыў ён. Паводле слоў еўрапейскага камісара, важна, каб беларускае грамадства аб'яднала імкненне да трансфармацыі і мадэрнізацыі.

Цяперашні падыход ЕС грунтуецца, з аднаго боку, на жорсткім стаўленні да дзейнага рэжыму: далейшае двухбаковае ўзаемадзеянне з беларускімі ўладамі немагчымае, пакуль няма значнага прагрэсу ў забеспячэнні асноўных правоў і свабодаў. Спадар Фюле нагадаў пра тое, што Еўрапейскі Саюз мае моцную пазіцыю, заўсёды выступае з асуджэннем рэпрэсій, выкарыстоўвае кропкавыя санкцыі супраць дзейнага рэжыму, выступіў з асуджэннем палітычна матываванага судовага пераследу былых кандыдатаў у прэзідэнты і выбітных праваабаронцаў, у тым ліку Алеся Бяляцкага, заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць і рэабілітаваць яго і ўсіх палітычных зняволеных, прапануе падтрымку сем'ям палітычных зняволеных, а таксама выступае з асуджэннем праяў рэпрэсій, якія менш вядомыя шырокім колам грамадства, але не менш сур'ёзныя па сваёй сутнасці.

Паводле слоў Камісара Фюле, Еўрапейскі Саюз падтрымлівае супрацоўніцтва з уладамі толькі ў тых сферах, дзе адсутнасць падтрымкі з боку ЕС уплывала б у большай ступені на народ Беларусі, а не на рэжым. Спадар Фюле ўпэўнены, што Беларусі варта працягваць свой удзел у дзейнасці Усходняга партнёрства ў шматбаковым фармаце. Ён падкрэсліў, што двухбаковае супрацоўніцтва з ўладамі будзе магчымае толькі тады, калі яны выканаюць шэраг палітычных умоў, якія не падлягаюць абмеркаванню, — забяспечаць прагрэс у сферы правоў і свабод, вызваляць і рэабілітуюць усіх палітычных зняволеных.

Камісар Фюле адзначыў, што краіна большая за свае ўлады, і палітыка ЕС у адносінах да Беларусі заўсёды адлюстроўвала гэтае разуменне. Другі аспект палітыкі ЕС — узаемадзеянне з тымі людзьмі ў Беларусі, якія выступаюць за рэформы і мадэрнізацыю, праца з усімі беларусамі, зацікаўленымі ў зменах да лепшага. І палітычная апазіцыя, і грамадзянская супольнасць адыгрываюць надзвычай важную ролю: арганізацыі грамадзянскай супольнасці робяць жыццёва неабходную працу для таго, каб забяспечыць захаванне дэмакратычных прынцыпаў, правоў і свабод у краіне, падкрэсліў ён. Спадар Фюле паабяцаў і надалей падтрымліваць арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў гэтай найважнейшай працы і шляхам прадстаўлення дапамогі ахвярам рэпрэсій і іх сем'ям, і ў рамках праекта "Clearing House", які ажыццяўляе "Офіс за дэмакратычную Беларусь". Камісар Фюле нагадаў, што ёсць некалькі магчымасцяў для ажыццяўлення фінансавай падтрымкі. Яе ўзровень дасягнуў 19,3 мільёна еўра на перыяд з 2011 па 2013 гады. Фінансавая падтрымка дзейнасці праваабаронцаў магчымая праз Еўрапейскі інструмент у вобласці дэмакратыі і правоў чалавека, дзейнасці па эканамічным развіцці — праз Еўрапейскую праграму падтрымкі недзяржаўных арганізацый і мясцовых уладаў. У Брусэлі праходзяць рэгулярныя сустрэчы для каардынацыі дзейнасці міжнародных донараў і арганізацый, што ажыццяўляюць праекты. Нядаўна быў абвешчаны конкурс праектных прапаноў у рамках нядаўна створанага Фонду грамадзянскай супольнасці ў рамках еўрапейскай палітыкі суседства. Ідзе праца па стварэнні Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі.

Камісар Фюле таксама сказаў, што Еўрапейскі Саюз працуе над тым, каб узмацніць ролю арганізацый грамадзянскай супольнасці ў рэгіянальным супрацоўніцтве. На мінулым тыдні адбылася трэцяя штогодняя асамблея Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, на якой прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ўсяго рэгіёна распрацавалі стратэгію дзеянняў, скіраваных на дасягненне агульных мэтаў.

"Мы таксама будзем працягваць сваё супрацоўніцтва з палітычнай апазіцыяй Беларусі", — сказаў Камісар Фюле. "Праз узаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю і палітычнай апазіцыяй мы будзем па-ранейшаму імкнуцца да таго, каб звяртацца да ўсяго беларускага грамадства," адзначыў ён. Грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і палітычнай апазіцыі патрэбная падтрымка інтэлігенцыі, якая магла б надаць іх падыходу інтэлектуальную форму і накірунак. Па яго меркаванні, варта ўлічваць расчараванасць у тым ліку "наменклатуры" і вывучаць галоўныя ўрокі трансфармацый у Цэнтральнай Еўропе.

"Мы хочам супольна працаваць з моцным і аб'яднаным беларускім грамадствам," заявіў еўрапейскі камісар. Узмоцненыя палітычныя сувязі паміж краінамі-партнёрамі і ЕС могуць дапамагчы зацвердзіць ключавую ролю дэмакратыі, правоў і свабод. Гэтыя палітычныя сувязі таксама дапамагаюць узмацніць міжнародную ролю краін партнёраў.

Камісар Фюле падкрэсліў, што Беларусь павінна адыгрываць сваю важную ролю ў вызначэнні будучыні Еўропы. ЕС мае інструменты, неабходныя для таго, каб падтрымаць значнае павышэнне ўзроўню дабрабыту ў краінах-партнёрах. Узмоцненая эканамічная інтэграцыя з найвялікшым гандлёвым блокам Еўропы можа адкрыць важныя рынкі і садзейнічаць поўнай рэалізацыі краінамі-партнёрамі свайго эканамічнага патэнцыялу. У выпадку Беларусі эканамічныя сувязі дапамаглі б краіне стаць больш канкурэнтаздольнай замест таго, каб проста разлічваць на танную нафту і газ. Акрамя таго, ЕС можа прапанаваць значныя інвестыцыі і дапамогу ў больш шырокім кантэксце, напрыклад, праз Інвестыцыйны фонд палітыкі суседства, Усеагульную праграму развіцця інстытуцый, Пілотную праграму рэгіянальнага развіцця.

"ЕС таксама мае магчымасць падтрымліваць краіны падчас фінансавых ці эканамічных цяжкасцяў, у тым ліку праз пашырэнне крэдытных ліній ЕБРР, уключэнне ў мандат Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, праз макраэканамічную дапамогу ЕС", — нагадаў спадар Фюле. Патэнцыял такой дапамогі вельмі значны. Напрыклад, аб'ём крэдытаў ЕБРР, выдадзеных краінам Усходняга партнёрства за 2007–2010 гады, перавысіў 4 мільярды еўра.

Камісар Фюле паведаміў, што ЕС таксама можа прапанаваць краінам-партнёрам перспектыву значна большай мабільнасці грамадзян, якія хацелі б наведаць ЕС. Першы крок — гэта заключэнне пагадненняў пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісію. Спадар Фюле заўважыў, што ЕС ужо многія месяцы чакае адказу беларускіх уладаў на прапанову правесці перамовы для заключэння такіх пагадненняў. З усіх краін-партнёраў беларускія ўлады адзіныя, хто не зацікаўлены ў такой перспектыве.

"ЕС таксама можа падтрымаць краіны ў рэалізацыі свайго патэнцыялу ў шэрагу іншых важных сфер, такіх, як энергетычная бяспека і транспарт", — нагадаў еўрапейскі камісар. Ёсць цэлы шэраг праграм ды інстытуцый, праз якія можна ажыццяўляць такое супрацоўніцтва.

На думку Камісара Фюле, ісці да супольнай мэты — значыць па-ранейшаму настойваць на ажыццяўленні рэформ, абараняць галоўныя каштоўнасці — дэмакратыю, правы і свабоды, працаваць і надалей, каб былі вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітычныя зняволеныя. "Лукашэнка можа верыць, што праз рэпрэсіі супраць свайго ўласнага народа ён умацоўвае сваю ўладу. Ён можа верыць у тое, што, прымаючы новыя законы супраць сваіх грамадзян, ён ускладняе іх узаемадзеянне з намі, але калі рэжым дзейнічае такім чынам, гэта насамрэч пачатак канца", — сказаў ён. Па меркаванні камісара, стабільная краіна, стабільнае грамадства без няспынных дэмакратычных пераўтварэнняў — гэта ілюзія, нават калі гэтыя пераўтварэнні спрабаваць замяніць таннымі нафтай і газам. Паводле яго слоў, калі гэтае пытанне не будзе вырашацца, мы апынёмся на шляху да чорнай дзіркі ў Еўропе.

Камісар Фюле адзначыў: "Магчымасць дасягнуць нашых супольных мэтаў з'явіцца, але ключавыя часткі беларускага грамадства, у тым ліку грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ, палітычныя апазіцыя, павінны адыгрываць яшчэ больш значную ролю. Яны павінны працаваць разам, звяртаючыся да больш шырокіх колаў людзей у Беларусі, прапаноўваць дэмакратычную альтэрнатыву дзейнаму рэжыму, абавязкова задзейнічаць кожнага, хто выступае за рэформы". На думку спадара Фюле, моц і еднасць — гэта галоўнае, асабліва ў намаганнях для забеспячэння свабодных і справядлівых выбараў у наступным годзе.

На заканчэнне Штэфан Фюле звярнуўся да аўдыторыі з такімі словамі: "Я з нецярпеннем чакаю таго часу, калі Беларусь будзе краінай свабоды і дэмакратыі, краінай, дзе народ — не ўлады — вызначае сваю будучыню, краінай, што атрымлівае перавагі ад сваіх традыцыйных сувязяў з Расіяй ды іншымі сваімі суседзямі, краінай, што атрымлівае нават большыя перавагі ад выдалення апошняй раздзяляльнай лініі на еўрапейскім кантыненце".

 

Каментаваць