Да выбараў гатовыя — кожны па-свойму

Апазіцыйныя лідары не могуць дамовіцца аб фармаце ўдзелу ў выбарах. Некаторыя прапануюць байкот, некаторыя — удзельнічаць і зняцца, калі не будуць выкананыя пэўныя ўмовы. Парламенцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней 25 верасня. Выбарчая кампанія пачнецца ў чэрвені.



Апазіцыйныя лідары не могуць дамовіцца аб фармаце ўдзелу ў выбарах. Некаторыя прапануюць байкот, некаторыя — удзельнічаць і зняцца, калі не будуць выкананыя пэўныя ўмовы. Парламенцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней 25 верасня. Выбарчая кампанія пачнецца ў чэрвені.

“Кааліцыя шасці планавала 31 студзеня падпісаць пагадненне, у якім быў бы вызначаны план сумесных дзеянняў апазіцыі на выбарах. У «кааліцыю шасці» ўваходзяць Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, партыя левых «Справядлівы свет», афіцыйна незарэгістраваная партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Рух «За Свабоду», а таксама грамадзянская кампанія «Гавары праўду!». Аднак дакумент падпісаны не быў.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька прынёс журналістам выбачэнні за сарваную прэс-канферэнцыю, дзе і мусілі абвесціць вынікі перамоў. “Прыношу прабачэнні, што вас адарвалі ад нейкіх важных спраў. Да выбараў мы гатовыя, але кожны гатовы па-свойму. Не ўсё атрымліваецца ў палітыцы адразу, як хочацца, — заўважыў Лябедзька, і дадаў, што трэба правесці яшчэ адзін раунд перамоў: — Калі рашэнне нараджаецца складана і цяжка, яно можа быць больш эфектыўным, чым тое, якое прымаецца лёгка, а потым нікім не выконваецца. У нашай краіне вельмі лёгка падпісваюць усе паперы і потым ніхто іх не выконвае. Трэба, каб у мяне з жонкай была згода ва ўсім, а ў палітыцы гэта не абавязковая рэч, галоўнае — каб быў вынік.

Па словах Анатоля Лябедзькі, аптымальнай формулай падпісантаў пагаднення кааліцыі была б «шэсць плюс», а “пяць мінус адзін ці «чатыры плюс два» — не самая лепшая. Палітык гаворыць, што ўмовамі супрацы ёсць два крытэрыі — эфектыўнасць і маральнасць. Дэкларацыю гатовыя былі падпісаць усё ўдзельнікі кааліцыі, акрам БХД.

«Права на выбар замененае яго імітацыяй, а сам электаральны працэс ператварыўся ў фарс, прычым дзяржава нават не лічыць неабходным гэта хаваць. Дэмакратычныя сілы гатовыя да сумленнай барацьбы за дэпутацкія мандаты, але на сапраўдных свабодных выбарах», — гаворыцца дэкларацыі. Чаму ў такім выпадку абмяркоўваецца магчымасць удзелу ў выбарах? Бо прапісаная ў заканадаўстве працэдура з’яўляецца адзінай законнай магчымасцю на працягу трох месяцаў быць у кантакце з выбаршчыкамі. Менавіта гэтая магчымасць, а не «фармальнае дэпутацтва», і ёсць мэтай удзелу апазіцыі ў выбарах 2012 года.

У апазіцыйным лагеры ёсць і прадстаўнікі ідэі татальнага байкоту.

Прыхільнікі байкоту перакананыя: нельга ўдзельнічаць у спектаклі, якога няма. Адпаведна, калі апазіцыйныя палітыкі заяўляюць, што выбараў няма, то якім чынам яны збіраюцца ў іх удзельнічаць? Па задуме, байкот “выбарчага фарсу стане фактычна рэферэндумам аб недаверы Лукашэнку і першым крокам да адлучэння дыктатара ад улады. Адзін з арганізатараў кампаніі байкоту Віктар Івашкевіч падкрэслівае, што з’езд БХД і палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі раней прынялі рашэнне правесці актыўны байкот. Такое ж рашэнне прыняла і палітрада АГП. Адпаведна, на думку Івашкевіча, партыйцы мусяць быць паслядоўнымі, трымацца свайго рашэння і не весці цяпер перамоў з калегамі па цэху аб фармаце ўдзелу ў выбарах.

Таксама Івашкевіч мяркуе, што ўльтыматум апазіцыянераў зняцца з выбараў, калі не вызваляць палітвязняў, адкладае вызваленне вязняў сумлення да восені. Арганізатары байкоту заклікаюць сваіх прыхільнікаў не чакаць, калі Лідзія Ярмошына дасць старт выбарчай кампаніі, а “ісці ў бытоўкі да сантэхнікаў ЖЭСаў ужо цяпер.

Ідэю байкоту падтрымалі Рада беларускай інтэлігенцыі, грамадзянскай кампанія “Еўрапейская Беларусь, незалежны прафсаюз РЭП.

Разам з тым кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына раней заяўляла, што яна “абсалютна ўпэўненая — ніякага байкоту парламенцкіх выбараў у Беларусі не будзе. “Асновай існавання ўсіх палітычных сілаў, якія ў нас называюцца апазіцыйнымі, з’яўляюцца тыя замежныя інвестыцыі, якія яны атрымліваюць па праграме развіцця дэмакратыі. Калі яны не будуць удзельнічаць у выбарах і праводзіць якія-небудзь палітычныя акцыі, гэтыя сродкі (а гэта іх заработная плата) ім не будуць вылучацца. Таму, я думаю, усе гэтыя заявы з’яўляюцца спробамі запалохаць уладу, прычым вельмі непераканаўчымі, — сказала яна.

Ярмошына адзначыла, што пагрозы байкоту выбараў гучаць напярэдадні кожнай выбарчай кампаніі. “Як правіла, заклікі да яго зыходзяць ад сіл, якія пазіцыянуюць сябе апазіцыйнымі. Толькі адзін раз у 2000 годзе на парламенцкіх выбарах рэальна ажыццяўляўся байкот з боку некаторых апазіцыйных партый. За мінулыя 11 гадоў, нягледзячы на заявы, ніхто дзеянняў па байкоту не рабіў, — адзначыла старшыня ЦВК.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркаму мяркуе, што насельніцтва перш за ўсё зацікаўлена не ў палітычным разнастайнасці, а ва ўстойлівым сацыяльна-эканамічным існаванні дзяржавы. Калі насельніцтва будзе добра жыць у гэтай дзяржаве, то яго, па сутнасці, менш за ўсё будзе хваляваць, хто знаходзіцца ва ўладзе. “Для насельніцтва Беларусі, як і жыхара любой еўрапейскай краіны, галоўным з’яўляецца ўласнае дабрабыт, — гаворыць Ярмошына.
-------------------------------------------


Палітолаг Андрэй Казакевіч:

— Рашэнне ўдзельнічаць ці не ўдзель­нічаць у парламенцкіх выбарах у тых умовах, што мы цяпер маем, залежыць выключна ад таго, якія меты ставяць перад сабой палітычныя суб’екты. І толькі адштурхоўваючыся ад гэтага ёсць сэнс абіраць стратэгію дзеянняў. Калі ёсць мэта атрымаць прадстаўніцтва ў парламенце, хаця гэта залежыць не ад кандыдатаў у дэпутаты, то трэба ісці і максімальна працаваць. Калі ставіцца мэта толькі інфармацыйнай кампаніі, то можна абраць стратэгію байкоту.

Вельмі істотны момант — наяўнасць рэсурсаў. Канешне, лепш актыўна ўдзельнічаць і выкарыстаць усе дазволеныя механізмы. Але для гэтага мусяць быць фінансавыя і арганізацыйныя рэсурсы. Калі гэтых рэсурсаў няма, то больш рацыянальна выкарыстоўваць варыянт байкоту.

Я хутчэй не згодны з тэзай: “Калі ёсць палітвязні, то няма маральнага права ўдзельнічаць у выбарах. Мне падаецца, што відавочнай сувязі паміж гэтымі пунктамі няма. Не бачу ніякага этычнага моманту, што перашкаджаў бы ўдзелу ў выбарчай кампаніі, працы з выбарцамі. Калі палітычны суб’ект удзельнічае ў кампаніі, гэта не значыць што ён аўтаматычна займаецца легітымізацыяй рэжыму ці прызнае, што ў палітычнай сістэме Беларусі ўсё нармальна.

Каментаваць