Дабрачынны джаз

А 7-й вечара, калі канцэрт ужо мусіў пачацца, грошы толькі крыху прыкрылі дно празрыстай урны для ахвяраванняў. 15 мая ў Мінску адбыўся дабрачынны канцэрт у падтрымку ахвяраў тэракту ў мінскім метро.



А 7-й вечара, калі канцэрт ужо мусіў пачацца, грошы толькі крыху прыкрылі дно празрыстай урны для ахвяраванняў. 15 мая ў Мінску адбыўся дабрачынны канцэрт у падтрымку ахвяраў тэракту ў мінскім метро.

Джаз-рок канцэрт для маральнай і матэрыяльнай падтрымкі людзей, якія найгорш пацярпелі ад страшнага выбуху, меў хутчэй прыватны характар. Яго арганізатарам выступіў Павел Аракелян — малады джазмэн, лідар музычнага праекта «The Outsiders». Да незвычайнай у беларускіх умовах ініцыятывы далучылася каля 100 людзей творчай прафесіі. З музыкаў і спевакоў — Нака, Аляксандр Памідораў, Святлана Шэіна, Яўген Глебаў, Іван Кірчук і этна-трыа «Тройца», гурт «Акана». З паэтаў — Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, Анатоль Івашчанка, Вольга Гапеева і Віталь Рыжкоў. Правяла вечарыну Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Пры ўсім узроўні і цеплыні вечару ён меў вобмаль старонніх назіральнікаў. Большасць лю­дзей у зале былі арганізатары, удзельнікі або журналісты. Паломніцтва «простых смяротных» — тысяч тых, хто яшчэ месяц таму голасна спачуваў пацярпелым у сеціве і налева-направа абвінавачваў сяброў і знаёмых у цынізме, чэрствасці і «скоку на касцях», — не назіралася. Як заўжды: сышла эмацыйнасць моманту — засталася штодзённая неабходнасць падтрымаць чалавека ў бядзе. Нягледзячы на даволі шырокую рэкламу ў інтэрнэце, людзей прыйшло даволі мала.

Спрацавалі, трэба думаць, два фактары. Па-першае, недавер беларусаў да ўсяго, што адбываецца навокал выбуху. Сумная тэма абрасла столькімі спекуляцыямі, што ў інтэрнэце можна было сустрэць, напрыклад, такія заўвагі: «Я б пайшоў на канцэрт, калі б быў упэўнены, што сродкі сапраўды будуць накіраваныя пацярпелым і іх сем’ям. Можна падумаць, што пацярпелыя атрымаюць болей за сумы, вызначаныя прэзідэнтам… Аналізуючы інфармацыю, звязаную з 11 красавіка, складваецца ўражанне, што нехта (сам ведаеце, хто) хоча нажыцца на гэтай трагедыі за кошт людзей, якія жадаюць дапамагчы пацярпелым».

Па-другое — ужо даўся ў знакі эканамічны крызіс. Беларусы адчувальна пабяднелі. На ўваходзе ў клуб прадаваліся дыскі і кнігі. Пакупнікам прапаноўвалі ўспрымаць іх як падарунак за фінансавую дапамогу — грошы ад продажаў сыпаліся ў тую ж празрыстую урну. Але ўсё адно лунала атмасфера кірмашу: «А чаму так дорага?» Адзіным выключэннем сталі кнігі Уладзіміра Арлова: за іх прасілі сімвалічны (на сёння) кошт у 5 тысяч беларускіх рублёў, але чытачы давалі і 10, і 20...

Калі адвыступаў апошні пункт дабрачыннай праграмы — тыя самыя «Аўтсайдэры», — арганізатары акцыі падлічылі паступленні ў празрыстую урну. Выйшла — 4 мільёны беларускіх рублёў. Прычым ладная частка гэтай сумы паступіла ў канверце і была падарункам ад аднаго з беларускіх СМІ, кіраўніцтва якога яўна мае ўяўленне пра еўрапейскі фармат дабрачыннасці.

4 мільёны — многа ці мала? Гэтую «мізэрную» суму, якая ўжо нават не тысяча долараў — абсмяялі ў тым жа самым інтэрнэце, у якім так роспачна спачувалася месяц таму ахвярам... Але арганізатары задаволеныя. Магло быць і горш... Не варта забывацца, што трагедыя адбылася не дзе-небудзь, а ў Беларусі. Ужо сам факт, што свае дапамагаюць сваім, без прыкладу ці пасрэдніцтва замежных гуманітарных фондаў, — пасяляе надзею.

Сабраныя грошы музыкі перадалі сваякам Яраслава Пясэцкага, які пазбыўся абедзвюх ног, але папраўляецца і мае шанец зноў хадзіць (на пратэзах), і Андрэя Ільіна — лекара па прафесіі, які пасля выбуху аслеп, перанёс некалькі складаных аперацый, але не страціў надзею на вяртанне зроку.
 

Каментаваць