Толькі дадатковы выходны

Паводле прызнання адзінага палітыка, савецкія прынцыпы ляглі ў аснову патэнцыялу беларускай дзяржавы.


Без ацэнак

Практычна ўсе даследчыкі, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі, згодныя з тым, што Кастрычнік паўплываў на лёсы народаў. Як тут ні прыгадаць раман Джона Рыда «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет». Але ці зрабіўся ад гэтага ўзрушаны свет лепшым? Вось у чым пытанне.

Год таму ў сваім віншаванні АП пералічыў цэлы букет дасягненняў савецкай эпохі. Для гэтага яму спатрэбіліся 64 словы (50% тэксту), пасля чаго цалкам гарманічна выглядала заключная прапанова: «З намі бясцэнны вопыт папярэдніх пакаленняў, а значыць, нам многае па сілах».

Віншаванне ў сувязі са 100-гадовым юбілеем ацэнак не ўтрымлівае. Ні пазітыўных, ні негатыўных. Чаму? Таму што, тлумачыць палітолаг Таццяна Станавая, «галоўны сэнс цяперашніх мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю рэвалюцыі, з пункту гледжання схаваных гістарычных комплексаў цяперашняй улады — гэта не дазволіць ні грамадству, ні якім-небудзь палітычным сілам выкарыстоўваць рэвалюцыю для каштоўнаснай мабілізацыі...».

«Дзяржава для народа», заклапочаная праблемай уласнага выжывання, не зацікаўленая ў з’яўленні пазітыўных арыенціраў, здольных кансалідаваць (мабілізаваць) насельніцтва, бо ва ўмовах эканамічнага крызісу любая кансалідацыя апынецца апазіцыйнай у адносінах да рэжыму.

У якасці прыкладу дастаткова прыгадаць актыўнасць інтэрнэт-супольнасці ў сувязі з гібеллю салдата Аляксандра Коржыча ў 72-й «вучэбцы» ў Печах. Аператыўнае падключэнне АП да канфлікту грамадскай думкі з Міністэрствам абароны фактычна на баку грамадскай думкі прадэманстравала, што ён не страціў яшчэ здольнасць у крытычных сітуацыях «ісці ад жыцця». Да ахвяры значнай фігуры (міністра абароны) справа, зразумела, не дайшла, але і ахвяраваннем пешак АП на гэты раз не абмежаваўся.

Адкрыццё ад Макея

Без Кастрычніка не было б сучаснай беларускай дзяржавы, якая прэтэндуе, на думку АП, на званне «полюса стабільнасці» ў Еўрапейскім рэгіёне. Аднак імкненне выдаваць жаданае за сапраўднае ўласціва не толькі палітыкам. Яно шырока распаўсюджанае і на побытавым узроўні.

Бальшавікі абвясцілі права нацый на самавызначэнне. Але для таго, каб ім скарыстацца, трэба было... быць нацыяй. А, як паказалі наступныя падзеі, на момант распаду Расійскай імперыі ў сваім развіцці на гэты ўзровень у «турме народаў» выйшлі толькі палякі, фіны і прыбалты, якія здолелі адстаяць сваю незалежнасць у барацьбе з будаўнікамі «новага ўкладу».

Аднак вернемся ў сённяшні дзень. «Калі браць выключна палітычнае вымярэнне, — тлумачыць палітолаг Уладзімір Пастухоў, — дык мэтай рускай рэвалюцыі было і застаецца пераадоленне рускага самадзяржаўя і стварэнне рускай версіі еўрапейскай нацыянальнай дзяржавы. Гэтая місія і зараз застаецца нявыкананай, і таму рэвалюцыя працягваецца».

А ў Беларусі «гэтая місія выканана»? Наколькі тое, што мы пабудавалі, адпавядае нормам еўрапейскай нацыянальнай дзяржавы? Каб не навязваць чытачам сваё азбукавае меркаванне, звярнуся па дапамогу да міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. «Менталітэт беларускіх грамадзян моцна адрозніваецца ад менталітэту еўрапейцаў», — заявіў міністр у кастрычніку карэспандэнту брытанскай «Financial Times».

Брава! За ўсіх беларусаў не скажу, але менталітэт так званай «большасці», што рэгулярна галасуе на прэзідэнцкіх выбарах за АП, з менталітэтам еўрапейцаў, безумоўна, мае мала агульнага.

На думку Пастухова, галоўнае ў бальшавізме — гэта «вера ў творчы патэнцыял гвалту, у тое, што вінтоўка спараджае не толькі ўладу, але і шчасце. Зваротным бокам гэтай веры з’яўляецца глыбокая пагарда ўсім прававым, і перш за ўсё — правам уласнасці. У гэтым сэнсе руская культура з’яўляецца дысідэнтам у сям’і еўрапейскіх культур».

Зноў жа не скажу за ўсіх суайчыннікаў, але пра дысідэнцтва культуры беларускай «большасці» ў Еўропе і распавядаў Макей у сваім апошнім інтэрв’ю, і распавядаў пераканаўча.

Дынаміка фразеалагізму

Пры Мікалаі II пераважаў празаходні падыход да эканомікі, і, нягледзячы на поспехі, што фіксавала статыстыка, усё скончылася рэвалюцыяй. Новы ўклад, пра які АП казаў у віншаванні з нагоды юбілею Кастрычніка, адкінуў краіну ў мінулае, як мінімум на 50 гадоў — у дарэформенныя часы з прыгонным правам у вёсцы, татальным адміністрацыйным кантролем і саслоўным грамадствам. Толькі месца дваран у дзяржаве рабочых і сялян заняла наменклатура.

Цаной шматмільённых ахвяраў новы ўклад забяспечыў індустрыялізацыю, аднак постіндустрыяльная эканоміка апынулася камунізму не па зубах, што і стала адной з галоўных прычын «найвялікшай геапалітычнай катастрофы XX стагоддзя».

Якую выснову з яе зрабіў архітэктар «беларускай мадэлі»? Яна зафіксаваная ў пачатку артыкула: «Сфармаваныя ў перыяд Савецкага Саюза сацыяльна-эканамічныя прынцыпы пакладзеныя ў аснову развіцця прамысловага, навуковага, сельскагаспадарчага і сацыяльнага патэнцыялу сучаснай беларускай дзяржавы». Такім чынам, на нашых вачах разгортваецца другая спроба на савецкім укладзе паехаць у постіндустрыяльны свет.

Зразумела, «беларуская ма­дэль» не з’яўляецца поўным клонам мадэлі савецкай. Сам факт, што аўтар «Азбукі паліталогіі» на працягу сямі гадоў адкрыта публікуе свае опусы ў НЧ, гэту выснову пацвярджае.

Калі ў Савецкім Саюзе праява асабістай ініцыятывы ў эканоміцы была крымінальна караная, дык сёння, фармальна, яна вітаецца. Больш за тое, у сувязі са складанасцямі па «раздачы хлеба», з якімі сутыкнулася «беларуская мадэль», рэзка вырас попыт на «разняволенне дзелавой ініцыятывы», што і зафіксавала газета «Советская Белоруссия» (глядзі табліцу).


Ад стымуляванняда разняволення

Цяперашняя спроба разняволіць дзелавую ініцыятыву — не першая. Дапытлівым чытачам нагадаем пра Дырэктыву №4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь», што была прынятая пад бой курантаў у 2010 годзе.

Слабы водгалас Дырэктывы №4 у табліцы звязаны з тым, што ў 2010 годзе модна было разважаць пра стымуляванне дзелавой актыўнасці (18 артыкулаў у «СБ» у 2011 годзе), а не пра разняволенне дзелавой ініцыятывы. Наколькі важная падобная перамена — меркаваць чытачам.

Але якія б змены ні адбываліся ў публічнай рыторыцы за пяць няпоўных «тэрмінаў» АП, нязменным застаецца непадкантрольнасць улады грамадству. І ў гэтым сэнсе нічога з часоў Савецкага Саюза і Расійскай імперыі не змянілася.

Зноў вернемся да сведчанняў Макея: «Мы верым, што сацыяльна-эканамічныя правы маюць большае значэнне для асобнага чалавека, чым палітычныя. Што я маю на ўвазе? Нас вучылі, што права на працу, адукацыю, жыццё і гэтак далей важней, чым права на свабоду выказвання меркаванняў ці нешта падобнае».

І зноў траплянне ў «яблычак» з пункту гледжання беларускай «большасці». Мне ўжо неаднаразова даводзілася адзначаць, што УЛАДА ёсць вытворная ад уяўленняў грамадства (яго «большасці») пра яе. Палітычны рэжым Беларусі пераканаўча ілюструе дадзеную азбукавую ісціну.

***

Сучасную фазу развіцця Беларусі можна характарызаваць як рэстаўрацыю посткамунізму, што і пацвярджае віншаванне АП. Калі Савецкі Саюз будаваў сацыялістычную дэмакратыю, і казаў пра гэта адкрыта, то Беларусь, працягваючы савецкую традыцыю, спрабуе імітаваць дэмакратыю еўрапейскую. Таму задачы перад краінай сёння стаяць тыя ж, што і на мяжы 80–

90-х гадоў мінулага стагоддзя.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць