Даклада Палецкіса: Еўрапейскі тупік

З ухваленнем еўрадэпутатамі «дакладу Палецкіса» для Беларусі нічога не змянілася. Як і чакалася, даклад ператварыўся ў апавяданне для еўраструктураў пра тое, што дзецца ў Беларусі (прынамсі, што было паўгады таму, калі гэты даклад складаўся). Зараз еўрапейцы павінны чухаць патыліцу і выпрацоўваць новую стратэгію — на носе саміт краінаў «Усходняга партнёрства» ў Вільні, які павінныя наведаць беларускія афіцыйныя асобы.



Фота delfi.lt


Дакумент Палецкіса ўяўляе сабой больш дэталёвы аналіз унутрыпалітычнага становішча ў краіне. Аднак аналіз патрэбен перш за ўсё для тых ці іншых рэкамендацый, накіраваных на паляпшэнне сітуацыі. Што ж тычыцца рэкамендацый, то тут — анічога новага. Найперш, Палецкіс рэкамендуе Беларусі вызваліць усіх палітвязняў і канстатуе, што «перадумовай для будзь-якога прагрэсу, які мог бы прывесці да зняцця санкцый і разблакоўкі двухбаковых адносін, з’яўляецца безумоўнае і неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў». У той жа час у дачыненні да чыноўнікаў, «адказных за парушэнні дэмакратычных выбарчых стандартаў і правоў чалавека», санкцыі адмяняцца не павінны.

ЕС, гаворыцца ў дакладзе, павінен «з найбольшай карысцю выкарыстоўваць часовае прыпыненне візавых санкцый у дачыненні да міністра замежных спраў Беларусі як дыпламатычнага канала сувязі, і яго магчымы ўдзел у саміце «Усходняга партнёрства», перш за ўсё для таго, каб садзейнічаць вырашэнню пытання аб палітвязнях». Падкрэсліваецца, што Беларусь павінна выканаць усе рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, зняць абмежаванні на свабоду сходаў, выказвання, друку, слова для прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і НДА, ліквідаваць перашкоды па рэгістрацыі НДА, правесці рэформы, якія гарантуюць незалежнасць судовай сістэмы, не прыводзіць у выкананне вынесеныя ў 2013 годзе смяротныя прысуды і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Нічога новага — гэта стандартныя патрабаванні, якія высоўваліся да Беларусі заўсёды. Аднак насцярожвае толькі тое, што саміт «Усходняга партнёрства» павінен быць выкарыстаны для размовы пра вызваленне палітвязняў.

Фактычна, гэта азначае адно: ліпеньскі візіт Уладзіміра Макея на рабочую сустрэчу міністраў замежных справаў ЕС, дзе Макею былі зробленыя таямнічыя прапановы з боку ЕС, вынікаў не даў. Больш за тое: афіцыйная беларуская дэлегацыя будзе запрошаная на саміт УП незалежна ад таго, выканаў афіцыйны Мінск тыя прапановы ЕС альбо не.

Амаль праз тыдзень пасля прыняцця «даклада Палецкіса» кіраўнік руху «За Свабоду», былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч дае інтэрв’ю аўстрыйскай «Die Presse». У ім ён, у прыватнасці, кажа пра тое, што міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, які хутчэй за ўсё прыме ўдзел у Віленскім саміце, з’яўляецца «прагрэсіўным рэфарматарам», а Аляксандр Лукашэнка — гандляр. «Брусэль павінен падумаць аб тым, што Лукашэнку трэба даць магчымасць захаваць свой твар. Лукашэнка — гэта гандляр, а палітычныя зняволеныя — гэта яго тавар для абмену. Ён павінен атрымаць ясную прапанову для таго, каб пасля гэтай сустрэчы на вышэйшым узроўні актывісты больш не затрымліваліся», — лічыць Мілінкевіч.

Мілінкевіч прасоўвае ўдзел афіцыйнай дэлегацыі Беларусі ў саміце УП для таго, каб палітвязні былі вызваленыя. Гэта добра. Але дрэнна тое, што пры гэтым парушаецца асноўны прынцып, на якім стаіць ЕС у дачыненні да Беларусі: спачатку вызваленне — потым перамовы. І даклад Палецкіса, і Аляксандр Мілінкевіч прапануюць удзел афіцыйнаму Мінску ў Віленскім саміце (чытай — дыялог), без выканання галоўнай умовы ЕС.

Між тым, усё павінна быць наадварот. Да Віленскага саміту засталося каля двух месяцаў. І зараз — найлепшы шанец для Еўропы дамагчыся свайго. Трэба не аслабляць пазіцыю плануемымі размовамі пра палітвязняў на саміце УП, а наадварот, узмацніць яе. Калі ўжо беларускі бок так ірвецца на саміт, то трэба патрабаваць вызвалення палітвязняў (не толькі Міколы Статкевіча, але і Ігара Аліневіча, і Андрэя Гайдукова, і іншых) не «пасля», а «да» саміту. Менавіта гэта можна паставіць умовай для ўдзела ў саміце прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска.

Гэта будзе выкананнем патрабавання Еўропы: «Ніякага дыялогу, пакуль ёсць палітвязні», а сам дыялог можна пачаць на саміце. Тады будзе задаволеная і афіцыйная беларуская дэлегацыя, якая на саміт патрапіць, і ўлада, калі з вызваленнем «палітычных» у апазіцыі пачнуцца «разборкі» (а без гэтага, пэўна, не абыдзецца, да гэтага мы ўжо прызвычаіліся).

У такім разе на саміт УП беларуская апазіцыя паедзе з аслабленай пазіцыяй (выбачайце за каламбур) — палітвязні ўжо выпушчаныя. І Еўропа мае поўнае права распачаць на саміце той самы «дыялог для мадэрнізацыі Беларусі», пра які яна так доўга казала і на чым настойвала.

Каментаваць