Дакрычацца да глухіх

У Беларусі галадалі непаўнагадовыя маладафронтаўцы, экс-кандыдаты ў прэзідэнты, пенсіянеры і журналісты. Галадалі за мову, свабоду, справядлівасць. Усе галадоўкі ў кароткай гісторыі суверэннай Беларусі і не прыгадаць. Ці ёсць плён у ахвяраванні свайго здароўя ў імя гучных мэтаў і ідэалаў, сказаць цяжка, але часам «зашыты» рот хіба што застаецца магчымасцю дакрычацца да глухіх. Цяпер у Віцебскім СІЗА ад 19 снежня трымае галадоўку актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі КХП-БНФ Сяргей Каваленка.



У Беларусі галадалі непаўнагадовыя маладафронтаўцы, экс-кандыдаты ў прэзідэнты, пенсіянеры і журналісты. Галадалі за мову, свабоду, справядлівасць. Усе галадоўкі ў кароткай гісторыі суверэннай Беларусі і не прыгадаць. Ці ёсць плён у ахвяраванні свайго здароўя ў імя гучных мэтаў і ідэалаў, сказаць цяжка, але часам «зашыты» рот хіба што застаецца магчымасцю дакрычацца да глухіх. Цяпер у Віцебскім СІЗА ад 19 снежня трымае галадоўку актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі КХП-БНФ Сяргей Каваленка.

Яго вінавацяць у парушэнні рэжыму адбывання «хатняй хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага яму за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 года на гарадской навагодняй ёлцы ў цэнтры Віцебска. Каваленку пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Суд над упартым актывістам апазіцыйнага руху Сяргеем Каваленкам пачнецца 21 лютага ў судзе Першамайскага раёна Віцебска. Да гэта ж дня ад свайго затрымання 10 снежня 2010 года Сяргей трымае галадоўку.

12 студзеня суд Першамайскага раёна Віцебска разглядаў адміністрацыйную справу ў адносінах да актывіста. Суддзя Вольга Іванова прызнала Каваленку вінаватым у здзяйсненні «дробнага хуліганства» і пакарала яго штрафам у памеры 4 базавыя велічыні (140 тысяч рублёў). Каваленку абвінавачвалі ва ўжыванні нецэнзурнай лаянкі ў будынку крымінальна-выканаўчай інспекцыі Першамайскага РАУС, куды ён прыйшоў адзначацца ў сувязі са знаходжаннем на «хатняй хіміі». Сяргей Каваленка ў судзе заявіў: «Буду галадаць, пакуль альбо не выйду з-за кратаў, альбо не памру».

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў гаворыць, што ведае Каваленку асабіста і ўпэўнены, што той можа сапраўды пайсці да канца.

На 31-ы дзень галадоўкі ў сярэдзіне студзеня жонка палітвязня даведалася, што Сяргея пачалі карміць прымусова, праз зонд. Павел Левінаў гаворыць, што цяпер няма інфармацыі пра прымусовае кармленне. «Відаць, у СІЗА усё ж зразумелі, што такімі дзеяннямі парушаюцца міжнародныя нормы. У мяне ёсць інфармацыя, што праз некалькі дзён пасля актаў прымусовага кармлення Каваленка быццам бы раз на дзень прымаў ежу. 10 лютага з ім меў сустрэчу адвакат, ён распавёў, што выглядае Каваленка кепска, знясілена», — распавядае праваабаронца. Да слова, Левінаў запісаўся на прыём да намесніка начальніка СІЗА, дзе ўтрымліваецца Каваленка, на 20 лютага — акурат за дзень да суда над актывістам.

Абмяркоўваючы сэнс, мэтазгоднасць галадовак у Беларусі, Павел Левінаў падкрэслівае — гэта ёсць! «Я сам трымаў некалькі галадовак, хаця і мне спрабавалі давесці, што гэта марная трата здароўя. Але ўявіць, што той жа Каваленка мог бы проста сядзець у СІЗА і хто б пра яго ведаў, хто б гаварыў пра гэтую справу? Мы не можам інакш данесці інфармацыю, толькі вось такімі радыкальнымі метадамі», — зазначае Левінаў.

Наконт справы Каваленкі з ім звязваліся з Еўрапейскага парламенту. На днях прэзідэнт Еўрапарламента Марцін Шульц з гэтай нагоды распаўсюдзіў адпаведную заяву. «Я ўзрушаны пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі ў галіне правоў чалавека і палітычных свабодаў. Доўгая галадоўка ў турме актывіста апазіцыі Сяргея Каваленкі выдзяляе парушэнні дэмакратычных прынцыпаў і непавагу да вяршэнства закона. Я заклікаю беларускія ўлады неадкладна вызваліць Каваленку без усялякіх умоў і даць яму неабходную медыцынскую дапамогу. Беларускія ўлады будуць мець кроў на руках, калі ён памрэ. Я паўтараю свой заклік вызваліць і рэабілітаваць усіх астатніх палітычных зняволеных, у тым ліку двух былых кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Андрэя Саннікава, вядомага абаронца правоў чалавека Алеся Бяляцкага, актывістаў апазіцыі Дзмітрыя Бандарэнку, Мікалая Аўтуховіча, Дзмітрыя Дашкевіча ды іншых. Я таксама хацеў бы паўтарыць свой асабісты зварот да Лукашэнкі аб памілаванні Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якія асуджаныя да смяротнага пакарання», — гаворыцца ў заяве прэзідэнта Еўрапарламента Марціна Шульца.

Апантанаму беларускай ідэяй, упартаму Каваленку ў мясцовай дзяржаўнай прэсе стварылі вобраз хулігана, бандыта, «мутанта, якому месца ў заапарку». Сяргей звяртаўся ў суд, каб прыцягнуць да адказнасці рэдактара газеты «Віцьбічы» Ніну Тулінаву і журналістку Наталлю Васільеву, якая напісала абразлівы артыкул, аднак у разглядзе скаргі было адмоўлена.

У Сяргея засталіся маці-пенсіянерка, жонка з двума дзецьмі.

Справядлівае пытанне віцебскага праваабаронцы, чаму вывешванне нацыянальных сцягоў у вачах мясцовых уладаў такое злачынства, што Каваленка трапіў у няміласць ды быў ізаляваны? А ў той жа час двое віцебскіх міліцыянтаў, якія праходзілі па сапраўды гучных справах, былі абвінавачаныя ў злачынствах ды асуджаныя на 4 і 4,5 гады пазбаўлення волі, нават на свае касацыйныя пасяджэнні прыходзілі вольна. А былы палкоўнік міліцыі Дынас Лінкус, які збіваў людзей, пагражаў згвалтаваннямі жанчыне, разгульвае на свабодзе пад падпіскай аб нявыездзе.
 

Каментаваць