Дамова аб ЕАЭС нясе пагрозу незалежнасці Беларусі

Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенню Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць падтрымаў праект заключэння аб неканстытуцыйнасці дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе.



Гэты дакумент вынесены на разгляд удзельнікаў кангрэсу. Такое рашэнне было прынятае 11 кастрычніка ў Мінску на чарговым пасяджэнні аргкамітэту кангрэса.

Праект заключэння падрыхтаваў доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Беларусі Міхаіл Пастухоў — суддзя Канстытуцыйнага суду першага складу, які захаваў адданасць прысязе і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У праекце, між іншым, паведамляецца, што 29 траўня 2014 году ў сталіцы Казахстана Астане прэзідэнтамі Беларусі, Казахстану і Расіі падпісаная дамова аб Еўразійскім эканамічным звязе. 9 кастрычніка 2014 года дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і сябры Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны ратыфікавалі згаданую дамову. У гэты ж дзень кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведны закон аб ратыфікацыі дамовы. Такім чынам выкананы неабходныя юрыдычныя працэдуры для стварэння новага міждзяржаўнага аб'яднання.

Разам з тым, у праекце заключэння адзначаецца, што шэраг палажэнняў дамовы ўступаюць у супярэчнасць з агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права,  нормамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і пагражаюць суверэнітэту беларускай дзяржавы і народа.

Так, артыкул 6 дамовы ўсталёўвае прыярытэт рашэнняў саюзных органаў над нормамі нацыянальнага заканадаўства, што супярэчыць артыкулу 1 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулу 1 Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь.

Згодна з часткай другой артыкула 13 дамовы, дзяржава можа выйсці са складу ЕўрАзЭЗ толькі са згоды іншых дзяржаў-сяброў. Гэта азначае, што не прадугледжана магчымасць свабоднага выхаду са звязу. Дадзенае палажэнне ўступае ў супярэчнасць з правам беларускай дзяржавы самастойна ажыццяўляць сваю ўнутраную і знешнюю палітыку.

Палітыка паглыбленай інтэграцыі дзяржаў-сяброў ЕўрАзЭЗ, фарміраванне адзінага рынку тавараў, паслуг, капіталу і працоўных рэсурсаў у рамках саюза непазбежна прывядуць да ўсталявання эканамічнай і іншай залежнасці Беларусі ад больш моцных і развітых дзяржаў-сяброў. Намечанае ў перспектыве ўвядзенне агульнай грашовай адзінкі супярэчыць норме Канстытуцыі аб правядзенні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адзінай бюджэтна-фінансавай, падатковай, грашова-крэдытнай і валютнай палітыцы.

Пасля прызнання ў далейшым дамовы неканстытуцыйнай яна не будзе мець юрыдычнай сілы з моманту падпісання, г. зн. з 29 траўня 2014 года, падкрэсліваецца ў праекце заключэння.

Сябры аргкамітэту кангрэса звярнулі ўвагу на наступнае. Па-першае, партыі дэмакратычнай апазіцыі пакуль не адрэагавалі на стварэнне ЕўрАзЭЗ. Па-другое, беларускае грамадства не ведае, якія пагрозы незалежнасці Беларусі нясе ўваходжанне краіны ў ЕўрАзЭЗ, поўны тэкст дамовы пра стварэнне якога нават не быў апублікаваны ні ў адным з айчынных друкаваных СМІ. Па-трэцяе, гаворка пра эканамічныя выгоды ад стварэння ЕўрАзЭЗ, што вядзецца ў дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ, засланіла галоўную палітычную пагрозу, якую нясе гэты звяз суверэнітэту Беларусі і народу краіны.

Як паведаміла каардынатар аргкамітэту, грамадская дзяячка і мовазнаўца Алена Анісім, 11 кастрычніка яна вітала XVIз’езд Партыі БНФ ад аргкамітэту кангрэса. У сваім выступе яна акцэнтавала ўвагу на тым, што менавіта на грамадзянах Беларусі ляжыць адказнасць за тое, каб захаваць незалежнасць Беларусі, бо няма большага шчасця, чым годна жыць на бацькоўскай зямлі ў роднай краіне, размаўляць на матчынай мове, гадаваць дзяцей, любіць айчынную гісторыю, шанаваць сваіх продкаў і ўслаўляць нацыянальных герояў..

Сябры аргкамітэту вызначылі квоту вылучэння прадстаўнікоў на кангрэс — ад 1 да 5 чалавек ад кожнага з 117 раёнаў Беларусі ў залежнасці ад колькасці жыхароў і актыўнасці грамадзянаў, якія выступаюць за незалежнасць краіны. Парадак вылучэння прадстаўнікоў на кангрэс залежыць ад вольнага выбару саміх грамадскіх актывістаў: у адным раёне гэта можа быць сход грамадзянаў, а ў другім — сход сябраў грамадскай арганізацыі, якая падтрымала ідэю правядзення кангрэса.   

Нагадаем, што 30 жніўня быў створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы і скліканні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць, які мае адбыцца ў краіне ў першай палове снежня.

Сябры аргкамітэту чакаюць ад людзей канкрэтныя прапановы па фармату кангрэса, яго тэматыцы, месцы і часу правядзення, наконт механізму вылучэння дэлегатаў і збору сродкаў для арэнды памяшкання і на іншыя выдаткі. Свае прапановы і заўвагі жадаючыя могуць даслаць на адрас электроннай пошты niezaleznasc@gmail.com.

Каментаваць