Данос як форма палітычнай дзейнасці

Вера апазіцыйных палітыкаў у магчымасць данесці да выбарцаў свой варыянт праўды невынішчальная. Амерыканскі гісторык Рычард Пайпс лічыць, што адной з абавязковых умоў існавання феномену інтэлігенцыі з’яўляецца масавая вера адукаваных людзей у магчымасць стварэння «расы абсалютна рацыянальных чалавечых істотаў».



Гэтыя перакананні ўзводзяць інтэлігентаў у шэрагі сацыяльных інжынераў і як бы апраўдваюць іх замахі на месца кіроўнай эліты.

Інтэлігенты-бальшавікі ў гэтым сэнсе не былі арыгіналамі. Уладу яны разглядалі як сродак для стварэння новага чалавека. У першыя гады свайго кіравання для фармавання новых людзей бальшавікам бракавала рэсурсаў, але пасля згортвання НЭПу праца закіпела.

Бальшавікі назаўсёды засталіся ў мінулым, і, на першы погляд, пошук палітыкаў, схільных да сацыяльнай інжынерыі ў Беларусі, можа здацца справай безнадзейнай. Асобныя заклікі «планамерна, спакойна працаваць на змену ладу мыслення людзей» з’яўляюцца хутчэй выключэннем, чым правілам. Але ніхто нам не забароніць зноў і зноў углядацца ў беларускую палітычную рэальнасць.

Чым тлумачаць шматлікія апазіцыйныя палітыкі свой удзел у выбарах? Не ў апошнюю чаргу імкненнем данесці да выбарцаў свой варыянт праўды, свае каштоўнасці, сваю пазіцыю. Такога кшталту даносы, аднак, маюць сэнс толькі ў выпадку гатоўнасці выбарцаў успрымаць апазіцыйныя варыянты праўды, каштоўнасцяў і пазіцый.

У такой гатоўнасці, прычым масавай, прыхільнікі даносаў, як правіла, не сумняваюцца. Праблемы на гэтым шляху калі і ўзнікаюць, то тэхнічныя, да якіх я адношу, апроч спрадвечнага дэфіцыту сродкаў на выраб агітацыйных матэрыялаў, таксама процідзеянне з боку ўлады, якая не абцяжарвае сябе выкананнем канстытуцыйных нормаў.

Такім чынам, цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад сітуацыі, апісанай Пайпсам, толькі тым, што новы чалавек, на думку сучасных прадстаўнікоў інтэлігенцыі, ужо існуе. І калі ён не стаў актыўным прыхільнікам каштоўнасцяў дэмакратыі і рынка, то толькі па тэхнічных прычынах, што пералічаныя вышэй.

Канстытуцыя — жонка Канстанціна

Да XVII стагоддзя еўрапейская культура не заўважала свету дзяцінства. Дзіця для яе адрознівалася ад дарослага выключна колькасцю засвоеных ведаў. Стадыі ж развіцці дзіцячага інтэлекту былі адкрытыя швейцарскім псіхолагам Жанам Піажэ толькі ў другой палове мінулага стагоддзя.

Адна з галоўных высноў Піажэ — пераход на наступную стадыю інтэлектуальнага развіцця немагчымы без засваення папярэдняй стадыі. Узгадаем бравага салдата Швейка, якога сам аўтар несмяротнага рамана называў ідыётам. А ў чым, уласна кажучы, палягаў ідыятызм Швейка? У няздольнасці абстрактна думаць, таму ён і зводзіў любыя развагі да пераліку фактаў. У тэрміналогіі Піажэ, бравы салдат затрымаўся на стадыі канкрэтных аперацый, так і не здолеўшы падняцца да стадыі аперацый фармальных, якую дзіця асвойвае ва ўзросце 11–15 гадоў.

Скарыстаюся досведам Швейка і праілюструю абстрактныя развагі пэўным прыкладам. Гэта фрагмент размовы дасведчанага музычнага педагога (так мне яе прадставілі) з маёй шасцігадовай унучкай:

— А цяпер, дзетачка, гучыць галоўная тэма музычнага твора.

— Цётачка, а ў вас ёсць коцік?

Пачуўшы такі абмен рэплікамі, я без асаблівых цяжкасцяў пераканаў дачку больш не марнаваць грошы на гэтага дасведчанага педагога.

Але вернемся на палітычнае поле. Паводле сучасных даследаванняў, 30% дарослых амерыканцаў так і не выходзяць на стадыю фармальных аперацый. Адпаведныя айчынныя даследаванні мне не вядомыя, але я не бачу падстаў лічыць, што колькасць паслядоўнікаў Швейка ў Беларусі ніжэйшая, чым у Амерыцы.

Гісторык Аляксандр Ахіезер у свой час адзначаў, што мова ўлады «ў Расіі на працягу ўсёй гісторыі краіны была больш абстрактнай, імкнулася да шырэйшых і глыбейшых абагульненняў, чым народная культура. Мова ўлады далёкая ад мовы архаічнага сялянства, якое складала амаль усё насельніцтва Расіі». Адсюль паўстае патрэба ў перакладзе мэтаў і праграмаў улады на мову, зразумелую народу.

З падобнай праблемай сутыкаецца і апазіцыя. Як тут ні згадаць крыкі мяцежных палкоў на Сенацкай плошчы: «За Канстанціна і яго жонку Канстытуцыю!»

Але няма правіл без выключэнняў. Палітычнае даўгалецце адзінага палітыка (АП) не ў апошнюю чаргу звязана з яго ўменнем размаўляць з народам на мове народа. У якасці ілюстрацыі працытую палітыка Канстанціна Затуліна: «Аляксандр Рыгоравіч — майстар спрэчкі, і я гэта выдатна разумею. Падчас той выбарчай кампаніі 1994 года, ён, напрыклад, выступаючы перад сялянамі, мог размаўляць у такім стылі: «Вы стоите здесь, женщины, руки ваши потрескались от мозолей, вы доите корову, приходите домой, видите пьяного мужа, а надо его еще кормить. А я вчера зашел к Кебичу, а он сидит в своем кабинете и колбасу жрет!»

Безумоўна, ёсць свая праўда і ў тых, хто бачыць у беларусах «гатовых еўрапейцаў» («і па адукацыі, і па ментальнасці, і па працоўнай маралі»). Вось толькі я не ўпэўнены, што гэту праўду можна данесці да тых, чые рукі «потрескались от мозолей», бо камунікацыйная праблема не вырашаецца колькасцю ўлётак і асабістых кантактаў.

Захад — гэта не падзея, а працэс

Гісторыя, паводле Маркса, ёсць працэс паслядоўнай змены грамадска-эканамічных фармацый. Кожнай фармацыі адпавядае свая класавая структура грамадства. Што да чалавека, дык ён вандруе па гісторыі, аднак прынцыпова не змяняецца.

Безумоўна, усе мы, незалежна ад узроўню IQ, належым да віду homo sapiens. З гэтага, аднак, не вынікае наша прыналежнасць да аднаго сацыяльнага тыпу. Калі ў сусветнай гісторыі і існуе скіраванасць, то абумоўлена яна ўсё большай індывідуалізацыяй чалавека, усё большай яго аўтаномнасцю.

«Па сутнасці, — лічыць культуролаг Андрэй Пеліпенка, — станаўленне чалавечай аўтаномнасці ідзе і зараз. Прынамсі мы можам назіраць ашаламляльныя адрозненні ў стадыях. Дастаткова звярнуць увагу на людзей, арганічна не здольных выбіраць асновы стратэгіі ўладкавання жыцця, мяркуючы, што гэта за іх зробіць хтосьці іншы: вялікі правадыр, манарх, культурны герой, рэлігійны аўтарытэт ці, урэшце, безасабовая традыцыя».

Працэс нарастання аўтаномнасці не з’яўляецца лінейным. У чымсьці ён аналагічны працэсу развіцця дзіцячага інтэлекту, г. зн. уяўляе шэраг паслядоўных стадый. І ўсе стадыі — абавязковыя. Падымацца па гістарычнай лесвіцы і пераскокваць праз прыступку не атрымалася яшчэ ні ў аднаго народу.

Кожнаму сацыяльнаму тыпу адпавядае свой тып цывілізацыі. Напрыклад, заходнееўрапейская цывілізацыя, у аснове якой ляжаць дэмакратыя і рынак, — гэта цывілізацыя асобы. З гэтага не вынікае, што насельніцтва заходніх краін спрэс складаецца з асобаў, гэта азначае, што сярод набору магчымых сацыяльных тыпаў асоба дамінуе.

У гэтым сэнсе Захад — гэта не падзея, а працэс. Таму яго характарыстыкі напачатку XX стагоддзя і напрыканцы — далёка не ідэнтычныя. І не варта дзівіцца, што радзіма прамысловай рэвалюцыі па сумяшчальніцтву стала і радзімай фашызму і нацызму. Урэшце, абедзве з’явы — ні што іншае, як рэакцыя «абдзеленых» і «прыніжаных» еўрапейскіх народаў на сацыяльна-эканамічную дынаміку.

Пералічу найбольш значныя рысы асобы: аўтаномнасць, самадастатковасць і пастаянная арыентацыя на здзяйсненне выбару. Таму асоба ў мінімальнай ступені можа быць аб’ектам сацыяльнай маніпуляцыі і ідэалагічных гіпнозаў. Запатрабаванне ў свабодзе як вышэйшай каштоўнасці ўласцівае толькі асобе. Няма большай памылкі, чым прыпісваць гэта імкненне ўсяму чалавечаму роду. He-асоба шукае не свабоду, а «гаспадара».

Грамадства электронных гаджэтаў

Зараз самы час прыгледзецца да згуртаванай адзінай сям’і, якая летась сабрала «небывалый урожай хлебов» і «замахнулись на строительство собственной атомной электростанции». Сам факт узнаўлення аўтарытарнага палітычнага рэжыму на чале з АП сведчыць пра тое, што ў структуры беларускага грамадства асоба так і не стала пераважным сацыяльным тыпам.

І не варта вінаваціць апазіцыю за тое, што яна не здолела падабраць патрэбныя словы, каб растлумачыць перавагі свабоды над няволяй. Асобы ў такіх тлумачэннях не маюць патрэбы, а не-асобам свабода супрацьпаказаная.

Але час не стаіць на месцы. Пры жаданні можна разгледзець масу зменаў на побытавым узроўні. Каб здзейсніць гэта, звернемся па  дапамогу да дырэктара «Левада-цэнтра» Льва Гудкова: «На працягу апошніх 20 гадоў мы назіралі, як хутка змяняецца структура ўзаемадзеяння ў тых сферах, дзе слабее ці знікае ранейшая дзяржаўная манаполія, як хутка ўзнікаюць новыя сацыяльныя арганізацыі і формы ўзаемадзеяння (бізнэс, масавыя камунікацыі, масавая культура, узоры спажывання і ладу жыцця). Аднак нязменным застаецца апорны інстытут таталітарнага грамадства — структура бескантрольнай улады».

Перад Новым годам я наведаў сяброў у Гомелі. Кожны пяты (калі не чацвёрты) у плацкартным вагоне бесперапынна тыкаў пальцамі ў якую-небудзь электронную прыладу. Але з якой мэтай? Для атрымання ведаў? Пытанне рытарычнае.

Самі па сабе электронныя прыбамбасы не фармуюць асобу. Тут прамая паралель з тэлебачаннем, якое разумных робіць разумнейшымі, а дурных — дурнейшымі. Працытую «Нью-Ёрк таймс» за 19 сакавіка 1939 года: «Галоўная праблема тэлебачання ў тым, што людзі павінны сядзець як прывязаныя каля экрана: у сярэдняй жа амерыканскай сям’і на гэта папросту няма часу». Якая наіўнасць!

У Беларусі тэлевізар штодня глядзіць 61% насельніцтва, яшчэ 18% аддае гэтаму занятку 4–6 дзён на тыдзень, што не перашкодзіла 53% рэспандэнтаў нічога не чуць пра ліквідацыю наглядальных радаў на «Камунарцы» і «Спартаку» (НІСЭПД).

У не-асобаў свая інфармацыйная пясочніца. І той, хто ў ёй гуляецца, ведае ўсё пра адносіны Галкіна з Пугачовай. Спрабаваць данесці да спажыўцоў падобнай інфармацыі свой варыянт палітычнай праўды — марны занятак.

(працяг будзе)

Каментаваць