Конкурс маладых журналістаў

«Дармаедскія» пратэсты і перспектыва Майдану

Беларусь паднялася — гэта стала відавочна ўсім. Ці дастаткова рашуча, ці ўсур'ёз, ці надоўга — гэта яшчэ належыць убачыць, але пратэстны пад'ём не выклікае сумневаў ні ў каго. Усё часцей раздаюцца галасы пра хуткі Майдан у Беларусі. Наколькі рэальны такі сцэнар?

Дзень салідарнасці. 16 красавіка 2009 года. Фота Юрыя Дзядзінкіна

Перш за ўсе кідаецца ў вочы заклік: «Лукашэнка, сыходзь!». Гэты настрой падаграюць многія, здавалася б, дасведчаныя ў палітычным жыцці Беларусі апазіцыянеры, якія кажуць пра пачатак перабудовы і пра тое, што Лукашэнка — «калі ён разумны\ паважае народ\ не хоча крыві» (патрэбнае падкрэсліць) — мусіць сысці сам.

Але Лукашэнка ніколі не сыдзе самастойна. Ён ніколі не аддасць уладу. Ён ніколі не распачне справядлівыя і дэмакратычныя выбары. Ён не саступіць грамадскаму ціску, нават калі супраць яго мірна падымецца некалькі мільёнаў жыхароў Беларусі. Тыя, хто перакананы ў адваротным, хай паслухаюць, што ён сказаў у размове з прадстаўнікамі міліцыі: «У МУС зараз хапае магчымасцяў звярнуць галаву і адной і двум тысячам адмарозкаў».

Таму інтрыга беларускага Майдану не ў тым, будзе ўлада ўжываць сілу ці не, а ў тым, ці здолее народ арганізаваць супраціў уладзе, і як сябе павядуць у гэтым выпадку армія і МУС.

Пакуль што ўлада выбрала тактыку кропкавых рэпрэсій. Так, нават нягледзячы на тое, што лік затрыманых і асуджаных на суткі ўжо пайшоў на дзясяткі, рэпрэсіі дагэтуль можна лічыць толькі кропкавымі. «Выкалупліваюць разынкі з булкі», — сказаў Лукашэнка (дарэчы, тут ён зноў абмовіўся па Фрэйду, бо, як вядома, гэтая алегорыя мае на ўвазе, што разынкі — гэта лепшае, што ёсць у булцы; такім чынам ён прызнаў, што арыштоўвае лепшых прадстаўнікоў народу). Бо, нагадаю, у 2006-м годзе да, падчас і пасля акцый пратэсту колькасць тых, хто сядзеў ці ўжо прайшоў затрыманні і «суткі» пераваліла, па некаторых дадзеных, за 1000 чалавек — нашмат больш, чым зараз.

Вялікае адрозненне Беларусі ад Грузіі, Украіны, і нават арабскіх краін — у непамерна раздзьмутым сілавым блоку. Лічыцца, што ў Беларусі 1440 міліцыянты на 100 000 насельніцтва, што ў тры з паловай разы больш, чым у той жа Украіне.

Аднак і супрацоўнікі МУС, а тым больш армія, — не робаты. І, як паказвае, зноў жа, досвед папярэдніх рэвалюцый, у выпадку сапраўды масавага пратэсту, калі ў паветры вітае адчуванне нелегітымнасці ўлады і немагчымасці далей рушыць ранейшым шляхам, а тым больш — калі ўлада пачынае праліваць кроў, вялікі адсотак паліцэйскіх фарміраванняў і арміі можа перайсці на бок пратэстоўцаў. Так адбылося ў Сірыі, у Лівіі, у Егіпце, ва Украіне.

Наколькі Лукашэнка можа разлічваць на свае сілавыя структуры? Безумоўна, пакуль пратэст мае адносна мірны характар (маю на ўвазе, што нікога яшчэ не забілі і не пакалечылі), яго загады будуць выконвацца. Людзей будуць хапаць, суды будуць працаваць. Але калі пральецца першая кроў, і тым больш, у выпадку свядомай правакацыі, якую можа арганізаваць улада (не дарма ж нас па БТ пужаюць трацілам у заплечніку анархіста...), гэтая падтрымка можа моцна пахіснуцца.

Дзень салідарнасці. 16 красавіка 2009 года. Фота Юрыя Дзядзінкіна

Калі пратэст пяройдзе ў гвалтоўную стадыю, мне бачацца верагоднымі чатыры варыянты развіцця падзей.

Варыянт першы. Частка сілавых структур пераходзіць на бок пратэстоўцаў ці адмаўляецца іх разганяць (што, у прынцыпе, адно і тое ж). Другая частка маўкліва чакае і хуценька «перафарбоўваецца» ў абаронцаў дэмакратыі і незалежнасці. Цэнтр Мінску захоплены «майданутымі», дыктатар збягае, абвяшчаюцца новыя выбары, Беларусь ідзе ў Еўропу.

Варыянт другі. Частка сілавых структур пераходзіць на бок пратэстоўцаў ці адмаўляецца іх разганяць, але пры гэтым сутыкаецца з жорсткім супрацьдзеяннем другой часткі, якая задаволеная «статус-кво», баіцца люстрацыі і хоча захаваць свае прывілеі. Гэты варыянт бачыцца вельмі верагодным, улічваючы, колькі суддзяў, пракурораў, АМАПаўцаў, чыноўнікаў, КДБшнікаў, апероў і следчых паспелі засвяціцца ў гвалце супраць грамадзянскіх актывістаў і простага насельніцтва. У людзей накапілася вялікая крыўда на карны апарат. Дый на «зніклых» ніхто не забыўся. Сілавікі гэта ведаюць і могуць супраціўляцца да апошняга, бо не хочуць на нары. У гэтым выпадку адбываецца самы горшы варыянт: грамадзянская вайна.

Дарэчы, як пры першым, так і пры другім варыянце вельмі верагоднае ўмяшанне Расіі. Нагоду для гэтага падабраць будзе прасцей простага: абарона расійскіх вайсковых аб'ектаў, «абарона рускамоўнага насельніцтва» альбо наўпрост «абарона канстытуцыйнага строю саюзнай дзяржавы». Захад прамаўчыць і прыме гэта як факт (хіба што санкцыі ўзмоцніць), бо лепш мець ля межаў марыянеткавую рэспубліку, чым другую Сірыю.

Дзень салідарнасці. 16 красавіка 2009 года. Фота Юрыя Дзядзінкіна

Варыянт трэці. Сілавыя структуры застаюцца маналітнымі, і пратэст падаўляецца з максімальнай жорсткасцю. Дакладна можна сказаць, што гэта будзе пераходам ад фармальна «дэмакратычнай» рэспублікі да адкрытай ваеннай дыктатуры. Пасля гэтага магчыма ўсе што заўгодна, але такі сцэнар, безумоўна, моцна скарачае дні Лукашэнкі, бо цалкам пазбаўляе яго кіраванне легітымнасці як на ўнутрыпалітычнай арэне, так і ў свеце.

Варыянт чацвёрты. На фоне масавых пратэстаў, катастрафічнага падзення легітымнасці, ціску з Захаду і Усходу адбываецца палацавы пераварот у на чале з якім-небудзь высокім чыноўнікам, які заяўляе аб «змяшчэнні дыктатара», абвяшчаюцца новыя выбары, на якія запрашаюць учорашніх апазіцыянераў — само сабой, пры ўмове забароны нават намёку на люстрацыю і пераразмеркаванне ўласнасці. Праводзяцца касметычныя дэмакратычныя рэформы, выпускаюцца палітвязні, у краіну ідзе іншаземны капітал. Беларусь робіцца другой Турцыяй.

Дзень салідарнасці. 16 красавіка 2009 года. Фота Юрыя Дзядзінкіна

Практыка паказвае, што чым больш недэмакратычная краіна, тым больш крывава ў ёй адбываецца рэвалюцыя. Чым болей дыктатар прасядзеў на троне, тым больш злачынстваў ён паспеў зрабіць і тым больш выразна ён разумее, што іх яму ўжо ніхто не даруе.

Што пераважыць у Беларусі: шал у змаганні за ўладу ці ўсе ж ментальная «памяркоўнасць» разам з еўрапейскім геаграфічным становішчам? А можа, Лукашэнка пойдзе на далейшыя саступкі і здолее збіць пратэстную хвалю? Пра гэта мы даведаемся ў бліжэйшы час.

 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-03-14 01:14:51
Наконт таго, што разынкі - гэта лепшае, што ёсць у булцы, добра адзначана. Вось яшчэ думкі: "У чым я, выпускнік ЕГУ, згодзен з фізматаўцам Юрыем Дракахрустам, дык гэта ў тым, што «выкалупванне правакатараў» (завадатараў), як разынак з булкі, не дасць эфекту, пажаданага для ўладаў. Ну, пасадзілі на суткі Губарэвіча, Лябедзьку, Рымашэўскага і «прымкнуўшую да іх» Вольгу Кавалькову – на іх месца прыйдуць іншыя. Як той спяваў, «прежде путал народ, кто здесь друг, а кто враг, а теперь сам народ – “враг народа”!» Дый Сібіры ў нас няма, так што, «адкінуўшыся» з чарговага Акрэсціна, актывісты зноў зоймуцца сваёй справай, умела або няўмела." http://belisrael.info/?p=10017
  • Yury
  • 2017-03-14 03:37:56
Супер артыкул !
Вельмі падабаецца.
Кропка пасля якой краіна рушыць па іншаму. У любым выпадку незалэжна ад выніку падзеяў.
  • Зеленый человек
  • 2017-03-22 01:55:06
Вельмиi грунтоуны артыкул, аутар валодае тэмай)
  • Пятро
  • 2017-03-30 22:31:18
Божачкі, якая наіўная аналітыка. І да 25ага, і асабліва пасьля зразумела, што пры сёньняшней арганізацыі грамадзвта і апазіцыйных палітычных структур ніякая вуліца нічагошанькі ня зьменіць. А мы ўсё танчым па граблях, нават у аналітыцы

Каментаваць