Дэфіцыт матывацыі

Цэнтрвыбаркам вызначыўся з датай правядзення выбараў у мясцовыя саветы. Абіраць дэпутатаў ад пасялковага да абласнога ўзроўню беларусы будуць 25 красавіка гэтага года. Але ці будзе з каго выбіраць? Электаральныя кампаніі ў мясцовыя саветы не адзначаюцца ні актыўнасцю народнага волевыяўлення, ні разнастайнасцю працы кандыдатаў. “НЧ высвятляў, што сёлета прапануюць выбарцам буйнейшыя апазіцыйныя палітычныя структуры.



Цэнтрвыбаркам вызначыўся з датай правядзення выбараў у мясцовыя саветы. Абіраць дэпутатаў ад пасялковага да абласнога ўзроўню беларусы будуць 25 красавіка гэтага года. Але ці будзе з каго выбіраць? Электаральныя кампаніі ў мясцовыя саветы не адзначаюцца ні актыўнасцю народнага волевыяўлення, ні разнастайнасцю працы кандыдатаў. “НЧ высвятляў, што сёлета прапануюць выбарцам буйнейшыя апазіцыйныя палітычныя структуры.

Выбары ў мясцовыя саветы — кампанія маштабная. Агулам на іх мусяць быць абраныя больш за дваццаць тысяч дэпутатаў. Але маштаб гэты толькі фармальны. Традыцыйна ў кампаніі ад адной акругі ўдзельнічае пару правераных кандыдатаў ад улады, некаторым акругам шанцуе, і ў якасці альтэрнатывы на іх вылучаецца чалавек з прадэмакратычных палітычных колаў. Аднак з кожным годам такіх актыўных самавылучэнцаў, ды яшчэ з дадатковай апазіцыйна-палітычнай характарыстыкай, усё менш.

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, як, зрэшты, і яго калегі па палітычнаму полю, лічыць, што прычына апатыі і выбарцаў, і кандыдатаў палягае ў дзеючай сістэме. “За 15 гадоў улада фактычна забіла ўсякую матывацыю прымаць удзел у кампаніях пад назвай “выбары, — гаворыць Лябедзька. — Людзі, якія не першы год у дэмакратычных структурах, якія прымалі ўдзел у выбарах, мелі падтрымку насельніцтва, а на выхадзе сутыкаліся з татальнай фальсіфікацыяй у падліку галасоў, і іх месцы займалі іншыя, расчараваныя, ім насамрэч складна знайсці матывацыю для ўдзелу ў кампаніі.

Аднак палітык не лічыць, што апазіцыя мусіць трымацца байкоту ці ігнаравання выбараў, хаця з апазіцыйнага лагера перыядычна гучаць заклікі байкоту выбараў усіх узроўняў, бо ўдзел у іх — усяго толькі гульня на чужым полі і легітымізацыя ўлады. Анатоль Лябедзька ўпэўнена заяўляе, што АГП “пры нармальным раскладзе магла б выставіць на мясцовыя выбары да тысячы кандыдатаў, а ў цяперашніх умовах будзе каля 150–200. Разам з тым кіраўніцтва партыі не супраць каардынацыі дзеянняў з іншымі палітструктурамі, падтрымлівае ідэю агульнага спіса і назіранняў.

Папраўкі ў Выбарчы кодэкс, да якіх апелююць прадстаўнікі ЦВК, калі гавораць пра паляпшэнне ўмоў для дзейнасці кандыдатаў, з боку палітыкаў успрымаюцца спакойна і нават скептычна. “Сёлета апазіцыйных кандыдатаў могуць зарэгістраваць і нават дадуць мажлівасць кантактаваць з выбарцамі. Але папраўкі не закранулі самага галоўнага — удзелу апазіцыі ў падліку галасоў і кантролю за гэтым працэсам, — агучвае прэтэнзіі Лябедзька (іншыя апазіцыйныя палітыкі, безумоўна, пагодзяцца з гэтым). — Улады пакінулі за сабой права прызначаць, а не быць абранымі. Дарэчы, новая норма ў выбарчым заканадаўстве аб скасаванні парогу яўкі падчас выбараў у мясцовыя саветы іграе на руку сістэме. Раней нізкую цікаўнасць да гэтых кампаній трэба было падаграваць, цяпер у такіх дзеяннях няма патрэбы.

Ад партыі БНФ на выбары плануюць вылучыць каля 150 кандыдатаў. Але тут рэальна глядзяць на стан спраў, таму стаўку партыя робіць прыблізна на дваццаць асобаў, якія маюць аўтарытэт у сваёй мясцовасці і досвед працы. Старшыня партыі Аляксей Янукевіч заяўляе, што БНФ “сур’ёзна рыхтуецца да мясцовых выбараў, перадусім для здабыцця пэўнай колькасці ў мясцовых саветаў і змены іміджу партыі. “Акцэнт будзем рабіць на гарадскіх і раённых саветах, бо яны маюць найбольш паўнамоцтваў. Зацверджаная платформа, з якой пойдзе партыя на выбары. У ёй закранаюцца аспекты жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, экалогіі, транспарту, — бадзёра рэпартуе малады старшыня БНФ.

Але ён не выключае неспрыяльных (чытай — ранейшых) умоў для правядзення кампаніі, што зробіць яе нізкаэфектыўнай. Аляксей Янукевіч не адмаўляе і праблемы з матывацыяй у актывістаў: “Гэта тычыцца і старых сябраў партыі, і больш маладых. Асабліва праблема абвастраецца, калі чалавек мае працу, тым больш дзяржаўную. Перад ім паўстае пытанне, ці “ўлазіць у гэты працэс, бо маем многа прэцэдэнтаў, калі з-за сваёй палітычнай актыўнасці людзі страчвалі працу. Іншы бок: асобы, якія вылучаліся некалькі разоў, мелі падтрымку, але так і не атрымалі мандату, маюць слабую матывацыю для ўдзелу ў чарговай кампаніі.

Рух “За свабоду Аляксандра Мілінкевіча плануе вылучыць для ўдзелу ў мясцовых выбарах каля 120 чалавек, набяруць некалькі дзесяткаў кандыдатаў іншыя палітычныя структуры, але наўрад ці апазіцыя зможа закрыць сваімі кандыдатамі ўсе дэпутацкія месцы. Адпаведна, не будзе і абвостранай барацьбы за дэпутацкія мандаты. Не апошні фактар “нецікавых, па вызначэнню старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, кампаній — нізкая ўплывовасць інстытуту мясцовых саветаў.

Ускосна на мясцовы выбары дзеючае кіраўніцтва краіны ўскладае і прадстаўнічую функцыю: па іх выніках Еўропа будзе рабіць высновы адносна наступнай прэзідэнцкай кампаніі і наконт практыцы правапрымянення новага выбарчага заканадаўства. “Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб прадаць гэту выбарчую кампанію як дэмакратычную, — выказвае меркаванне Анатоль Лябедзька. — Але разам з тым улады пастараюцца зрабіць гэта найменшым коштам. Многае залежыць ад таго, наколькі еўрапейскія структуры будуць прытрымлівацца люстэркавай ацэнкі таго, што адбываецца ў Беларусі. Ужо цяпер мусіць быць рэакцыя на пэўныя дзеянні ўладаў, як, напрыклад, ціск на настаўнікаў, якія з’яўляюцца сябрамі палітычных партый. Бо ў агульнарэспубліканскім маштабе гэта паўплывае на тое, што ніхто з бюджэтнай сферы не наважыцца рызыкнуць сваім працоўным месцам дзеля палітычнай кампаніі.

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі па выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў будуць сфармаваныя да 29 студзеня. Вылучэнне кандыдатаў пачнецца ўжо ў сярэдзіне лютага, за 70 дзён да выбараў, і працягнецца месяц.

Каментаваць