Дэмакратаў шмат не бывае

З’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які прайшоў у Мінску 17 ліпеня, не мог быць сенсацыйным. Зразумела, галоўным было партыйнае вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Але і без цікавостак не абышлося.


Дэмакратаў шмат не бывае


Перад самым пачаткам мерапрыемства лідар АГП Анатоль Лябедзька распавёў «НЧ», што будзе высунута ў кандыдаты «каля 70 чалавек». Але не ўсе з іх менавіта АГПшнікі. «Я б сказаў, што гэта спіс «Аб’яднаная грамадзянская партыя — Аб’яднаныя дэмакраты». Сярод аб’яднаных дэмакратаў большасць — сябры аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», ёсць нават намеснік Мікалая Статкевіча з аргкамітэту па стварэнні партыі БСДП (Народная грамада). Мы адкрытыя для тых людзей, якія хочуць змагацца за перамены. І мы не імкнуліся любым коштам, каб гэта былі толькі прадстаўнікі АГП», — сказаў кіраўнік партыі.

Раней шмат такіх «тэхнічных выбарчых пытанняў абмяркоўвалася» пад час стала дзеючай нарады апазіцыйных партый. Але, падаецца, яна ўжо выканала сваю ролю, калі прыняла рашэнне пра каардынацыю высілкаў дэмакратычных кандыдатаў. Прынамсі, Лябедзька шмат увагі ёй не надае. «Ёсць жорсткія дамовы ў межах правацэнтрысцкай кааліцыі, — гэта на сённяшні дзень бадай што адзіная дзейсная не на словах, а ў дзеяннях кааліцыя. Есць іншыя дамовы з іншымі структурамі, але гэта кропкава, гэта, напрыклад. БНФ, «Справядлівы свет», БСДП (Грамада)», — кажа ён.

Што ж тычыцца мажлівага «перасячэння дэмакратаў» у адной акрузе, то палітык не бачыць у гэтым ніякіх заганаў: «Перасячэнне не з’яўляецца праблемай. Праблемай можа быць адсутнасць кандыдата на акрузе. Калі ёсць такое перасячэнне прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі з прадстаўнікамі, напрыклад, левых партый, то тут можа быць каардынацыя і супраца, і пра гэта ёсць дамоўленасць».



«Не трэбе перабольшваць моц беларускай апазіцыі, апазіцыйных структур. —- папярэджвае Лябедзька. — Шмат беларускіх выбарчых акругаў — гэта тры раёны краіны. У некаторых кандыдатаў усяго па тры-пяць сябраў ініцыятыўных груп. Таму, калі ў іншых раёнах ёсць структуры ў партнёраў, то мы можам кааперавацца і дапамагаць адзін аднаму. Гэта толькі рух наперад».


Людзі замест подпісаў


Аднак з’езд быў не толькі «тэхнічны», але і справаздачна-выбарчы. Кіраўнік партыі павінен быў даць адказ на пытанні, якія, можа быць, назапасіліся за два гады са з’езду мінулага. Найперш, гэта, канешне, правал самога Лябедзькі на прэзідэнцкіх выбарах — ён не набраў неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты сто тысяч подпісаў грамадзян.

Так, прызнаўся Лябедзка, не набралі. Але, нагадаў ён, Палітрада партыі ўсё адно прымала рашэнне зняцца з прэзідэнцкай гонкі на апошнім этапе выбараў. Так што — не істотна.

А што было істотнага? Па-першае, АГП згуляла па новых правілах, усталяваных не толькі ўладай, але і самой партыяй, зрабіўшы стаўку на «валанцёрскую» (то бок зусім без грошай) кампанію. І тое, што «за ідэю» працавала вялікая колькасць народу, паказвае — партыя не «фэйк», а рэальная палітычная структура.



Задачай партыі было прапанаваць людзям «пазітыўную альтэрнатыву» дзеючай уладзе. Гэта больш-менш атрымалася. Яшчэ адна задача, — сабраць доказы і факты, што ў Беларусі няма свабодных і справядлівых выбараў, — была выкананая поўнасцю, лічыць Лябедзька. «Заключэнне БДІПЧ АБСЕ не з паветра з’явілася — гэта вынік вашай працы. Там выразна напісана, што вынікі выбарчай кампаніі не адпавядаюць прынцыпам АБСЕ. Калі перакладаць з дыпламатычнай мовы:  свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі няма», — доўга дзякаваў кіраўнік АГП сваіх назіральнікаў і сябраў выбарчых камісій.

Таксама стаяла задача істотна павялічыць колькасць удзельнікаў палітычнага працэсу. «Мы не стварылі магутны рух за перамены, у які б увайшлі дзясяткі тысяч чалавек», — прызнаўся Лябедзька. Аднак і тое, што ў кампаніі ўдзельнічалі валанцёры, і тое, што народ не спыніўся, нават калі было зразумела, што 100.000 подпісаў «не збіраюцца», дасюль выклікае ў Лябедзькі дзіўныя пачуцці. «Я рэальна не разумею. Калі стала зразумела, што мы не збярэм 100.000 подпісаў, адбыўся нейкі прыліў энергетыкі. Гэта было нешта фантастычнае, калі людзі не кінулі кампанію, пасля працы беглі ў пікеты і гэтак далей», — адзначае Лябедзька.

Не каманда лузераў


Тактычна церпячы паразу, стратэгічна апазіцыя выйграе адну бойку за адной. «Мы не лузеры», — пераконваў кіраўнік АГП. «20 год таму ўвогуле стаяла пытанне, ці быць Беларусі як незалежнай краіне. Лукашэнка праводзіў перадвыбарчую кампанію ў Расіі, яшчэ 20 гадоў таму за плакат «Жыве Беларусь» давалі 15 сутак. Гэта было змаганне двух стратэгій: незалежная Беларусь альбо вяртанне ў СССР. Хто змагаўся за Беларусь? Вы і вашыя калегі. Гэта была стратэгічная бітва, якую вы выйгралі», — казаў ён.

«Мы казалі: Еўропа, еўрапейскія каштоўнасці, еўрапейскія стандарты. Нам супрацьстаялі тысячы дзяржаўных ідэолагаў, дзяржаўныя СМІ, тэлебачанне, у што разам укладаліся мільённыя грошы. Што атрымліваецца? Што праз 20 год гаворыць улада? З кім яны хочуць размаўляць? Супраць сваёй волі, але ж… Хто выйграў гэтую бітву?», — задаецца пытаннем Лябедзька.

І зараз таксама апазіцыя — не лузеры, бо, нягледзячы на ўсё, улада вымушана рэгулярна нешта красці з апазіцыйных эканамічных праграм. З гэтага нічога не атрымліваецца. Бо яны дзяруць кускамі, а не падыходзяць да рэформаў комплексна, як трэба, кажа Лябедзька. Але і адзначае: «Ва ўлады з’яўляюцца такія людзі, як Кірыл Руды, якія кажуць тое ж, што і мы, але іншымі словамі».

Ну, калі ж мы ўжо кажам пра дасягненні за 20 год… Яшчэ пад час «Байкоту-2000» сам Анатоль Лябедзька ўспрымаўся, як чыста «рускамоўны» палітык. Зараз жа ён без паперкі амаль сорак хвілінаў шпарыў на чысцюткай беларускай мове.



Мэты і задачы


Такім чынам, АГП высунула кандыдатамі ў дэпутаты 70 чалавек. Варта заўважыць, што 65 з іх стварылі ініцыятыўныя групы і збіраюць подпісы за сваё вылучэнне, адначасова стасуючыся з народам. Але, у мэтах партыі па-ранейшаму не перамога (паколькі выбараў няма), а прасоўванне пазітыўнай альтэрнатывы, збор доказаў адсутнасці ў Беларусі выбараў (асаблівы ўпор Лябедзька зрабіў на вылучэнне сябраў участковых камісій) і павелічэнне колькасці актыўных ўдзельнікаў палітычнага працэсу.

«Калі ў арганізацыі тры актыўных чальца, а на выхадзе будзе шэсць — рэспект і павага. Калі іх будзе восем — вы амаль героі Беларусі. Калі ў дзеянні будуць дзясяткі тысяч, а не сотні, як зараз, сітуацыя можа змяніцца», — зазначыў кіраўнік АГП.


Вынік


Напярэдадні з’езду АГП Партыя БНФ распаўсюдзіла свой спіс кандыдатаў у дэпутаты, якіх  набраўся 71 чалавек. З’езд БНФ адбудзецца 23 чэрвеня. І ўжо зараз відавочна: кандыдатаў будзе больш чым адзін на акругу. Што, канешне, спрыяе як агітацыі, так і назіранню. Бо перамагаць у сітуацыі, калі кіраўнік краіны наўпрост кажа, колькі «мінулых» дэпутатаў пройдуць у новы парламент, наўрад ці мажліва. Але бой сістэме дадуць.


Каментаваць