Дэмакратычныя сілы агучылі супольную пазіцыю наконт правядзення выбараў

Дэмакратычныя сілы Беларусі выступілі з супольнай заявай адносна парламенцкай кампаніі 2016 года. Прадстаўляем вашай увазе тэкст гэтай заявы.

Фота прэс-службы Еўрапарламента


Супольная пазіцыя дэмакратычных сілаў па ўмовах правядзення парламенцкай кампаніі ў Беларусі


Улады вымушаныя дэманстраваць жаданне ўлічваць рэкамендацыі АБСЕ/БДІПЧ. Змененая тактыка паводзінаў уладаў — ад заяваў пра дасканаласць і дэмакратычнасць выбарчага працэсу ў Беларусі ды поўнага непрыняцця рэкамендацыі АБСЕ/БДІПЧ да дэманстрацыі нібыта добрай волі і размоваў пра магчымыя змены — ёсць пэўным крокам наперад.

Аднак рэальныя крокі і абяцаныя змены ідуць у разрэз з духам і літарай рэкамендацыяў міжнароднай супольнасці і дэмакратычнай грамадскасці Беларусі.

Галоўная і самая відавочная хіба выбарчага працэсу ў Беларусі — гэта непразрысты падлік галасоў. Ва ўмовах Беларусі празрыстасць падліку гарантуецца толькі:

• прыярытэтным ўключэннем прадстаўнікоў палітычных партыяў і ўсіх кандыдатаў ў склад найперш УВК, а таксама і вышэйстаячых камісіяў з роўнымі правамі для ўсіх;

• публічнага абвяшчэння выбару асобна па кожным выбарчым бюлетэні;

• рэальнай магчымасці для назіральнікаў, міжнародных і нацыянальных у роўнай ступені, назіраць за ўсімi аспектамi выбарчага працэсу на ўсім яго працягу, за галасаваннем, падлікам і падвядзеннем вынікаў. 

Абяцаная нібыта «адкрытасць» аднаго боку стала на якім праводзіцца падлік галасоў не з’яўляецца вырашэннем праблемы.

Наступная агульнапрызнаная хіба выбараў — гэта маніпуляцыі ўладамі са спісамі выбарцаў. Нішто не перашкаджае стварыць агульнанацыянальны публічны рэестр выбарцаў з падзелам на акругі, зрабіць яго даступным у інтэрнэце і публічна вывешваць спісы выбарцаў на кожным выбарчым участку да поўнага сканчэння галасавання. Назіральнікі павінны мець права азнаёміцца са зместам спісаў выбаршчыкаў і атрымаць завераную копію пратаколу аб выніках.

Трэцяя найбольш відавочная загана выбарчага працэсу ў Беларусі — гэта злоўжыванне працэдурай датэрміновага галасавання, якое павінна быць абмежаваным і насіць вынятковы характар толькі па адпаведным пісьмовым запыце.

Пералічаныя крокі — гэта толькі самыя пільныя і толькі неадкладныя захады, якія павінны забяспечваць празрыстасць, справядлівасць і дэмакратычнасць выбараў у Беларусі. Іх прыняцце магчымае праз адпаведныя інструкцыі ад ЦВК у бліжэйшыя дні. Прывядзенне ўсяго выбарчага заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з міжнароднымі дэмакратычнымі нормамі павінна быць зробленым з шырокім публічным удзелам АБСЕ/БДІПЧ, Венецыянскай камісіі Рады Еўропы, а таксама і найперш дэмакратычных палітычных партыяў і НДА цягам бліжэйшых 12 месяцаў.

Існуе небяспека, што ўлады адхіліўшы прапановы АБСЕ/БДІПЧ і не зрабіўшы рэальных крокаў па дэмакратызацыі і падвышэнні празрыстасці выбарчага працэсу, назначаць дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў грамадзян, якіх паспрабуюць выдаць за прадстаўнікоў апазіцыі. Для нас падобны падыход з’яўляецца абсалютна непрымальным, які толькі закансервуе сітуацыю адсутнасці рэальных выбараў у Беларусі.


bchd.info

Каментаваць