Дэманстрацыя вернасці ці піяр на зброі

NATO даўно заяўляла, што будзе пашыраць сваю групоўку ў краінах Усходняй Еўропы ў адказ на брутальныя дзеянні Расіі ва Украіне. А Расія казала пра адпаведную рэакцыю на гэтыя крокі. У выніку Беларусь апынулася паміж дзвюма вайсковымі групоўкамі. Але гэта ўладу не турбуе.


Альянс

 

У панядзелак у Польшчы адбылася цырымонія адкрыцця міжнародных вучэнняў NATO «Anakonda–16», якія стануць рэкорднымі для альянсу ва Усходняй Еўропе. У манеўрах прымаюць удзел больш за 30 тысяч салдат з 24 краін, у тым ліку з пяці дзяржаў, якія не ўваходзяць у NATO, а таксама больш за 3 тысячы адзінак вайсковай тэхнікі і 12 караблёў.

 

Згодна са сцэнарам вучэнняў, адна з краін Альянсу стала ахвярай паступовай экспансіі з боку магутнага «саюза-суперніка». Атакуюць «сініх» (краіны NATO) выдуманыя «чырвоныя» краіны — Bothnia, Torrike і Lindsey. Групы баевікоў невядомага паходжання спрабуюць раздзьмуць масавыя хваляванні, захапіць уладу ў памежных гарадах, пачынаюць атакі на паліцыю і важныя аб’екты гаспадаркі. Адбываюцца кібератакі і спробы захапіць ці пашкодзіць інфармацыйныя сеткі.

 

Затым адбываецца ўварванне варожых войскаў ва (умоўна) Балтыю і Польшчу, праціўнік імкнецца да анексіі акупаванай тэрыторыі. Польшча звяртаецца ў NATO па дапамогу.

 

Імаверна, тры краіны «саюза-суперніка» — гэта тры расійскія вайсковыя кантынгенты, якія знаходзяцца ў Калінінградскай вобласці ўздоўж межаў Эстоніі і Латвіі, а таксама на тэрыторыі Беларусі. Таксама сцэнар уключае анексію «чырвонымі» яшчэ адной выдуманай краіны. Гэта альбо адна з краін Балтыі, альбо Беларусь.

 

Камандуючы ўзброенымі сіламі ЗША ў Еўропе генерала Бен Годжэс не хавае, што ёсць дзве мэты гэтых вучэнняў. Першая — «Анаконда–16» павінна даць упэўненасць саюзнікам у тым, што NATO адрэагуе на імаверную небяспеку іх анексіі. І другая — напужаць Расію, «пасля таго, як яна напала на Украіну і анексавала Крым».



 

Расія

 

РФ павяла сабе дзіўным чынам. І гэта была не рэакцыя на вучэнні. Яшчэ за месяц да польскіх вучэнняў у Расіі было прынятае рашэнне перакінуць у Клінцы — мястэчка ў 40 кіламетрах ад беларускай мяжы, — 28-ю асобную мотастралковую брыгаду з Екацярынбургу, якая мае значны баявы досвед. Яна ўдзельнічала ў аперацыях у Чачні, Грузіі, Украіне і Сірыі. Прычым перакідванне адбылося звыштэрмінова: па сведчаннях карэспандэнтаў «Радыё Свабода», якія з’ездзілі ў Клінцы, для жаўнераў нават не было папярэдне створана ніякіх умоў. Напрыклад, журналісты пабачылі, як некаторыя вайскоўцы начуюць на адкрытым паветры ля вогнішчаў.

 

Аналізуючы гэта, практычна ўсе каментатары спасылаюцца на селектарную нараду расійскіх вайскоўцаў 4 мая. На ёй міністр абароны Расіі Сяргей Шойгу пацвердзіў, што на заходніх межах групоўка войскаў будзе значна ўзмоцнена з мэтай супрацьдзеяння нарошчванню сілаў NATO ў краінах Усходняй Еўропы. Да канца года ў Заходняй вайсковай акрузе будуць сфарміраваны дзве новыя дывізіі і яшчэ адна — у Паўднёвай акрузе. У Заходнюю акругу плануецца паставіць больш як 1,1 тысячы адзінак новай і мадэрнізаванай вайсковай тэхнікі, у тым ліку самалёты, верталёты, танкі, бронетранспарцёры, сродкі сувязі і кіравання.

 

Дарэчы будзе нагадаць, што ў пачатку гэтага года ў Заходняй акрузе была адноўлена 1-я гвардзейская танкавая армія. Яна ўключыла ў сябе 4-ю Кантэміраўскую танкавую дывізію і 2-ю Таманскую мотастралковую, а таксама 6-ю танкавую і 27-ю Севастопальскую мотастралковую брыгады.

 

Танкі ў Клінцах. Фота "Радыё Свабода"

 

Беларусь

 

Кіраўніцтва нашай краіны, падаецца, не напалохана такой канцэнтрацыяй войскаў ля межаў сваёй краіны — як з Захаду, так і з Усходу. Больш за тое, яшчэ і, нібыта, вітае ўзмацненне расійскага кантынгенту непасрэдна ля мяжы Беларусі.

 

«Расіяне часта кажуць пра тое, што ля межаў Расіі разгортваюцца новыя кантынгенты NATO. Трэба падкрэсліць, што перш за ўсё — ля нашых, беларускіх межаў. Мы гэта бачым і прымаем без гвалту, без шуму адэкватныя захады», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія прымаюць удзел у XVI сесіі Савета кіраўнікоў вышэйшых органаў фінансавага кантролю дзяржаў — удзельніц СНД.

 

«Бачу, што і расійскае кіраўніцтва сёння дзейнічае ў гэтым жа ключы ў заходнім накірунку, маю на ўвазе, што ў нас сумесная групоўка ўзброеных сіл на Захадзе, якая забяспечвае бяспеку нашай бацькаўшчыны — Беларусі і Расіі. І ў аснове гэтай групоўкі — часткі беларускай арміі. У выпадку канфлікту яны першымі ўступаюць у бой і на працягу кароткага часу сюды падцягваюцца часткі, засяроджаныя на захадзе Расійскай Федэрацыі», — працягнуў Лукашэнка.

 

Ён таксама адзначыў: «Мы гэта не хаваем ад нашых заходніх не тое калег, не тое партнёраў, не тое супернікаў. Яны выдатна ведаюць нашы дамоўленасці з Расіяй».

 

Але тут ёсць два моманты, на якія варта звярнуць увагу. Першы: NATO праводзіць свае вучэнні, каб паказаць краінам Альянсу, што яны абароненыя. Мы кажам пра тое, што мы застаемся фарпостам Расіі. То бок, гэта азначае, што Беларусь для Расіі — як NATO для Літвы. Ці не завялікая для нас «шапка Манамаха»?

 

І другі момант: часткі, якія перакідваюцца да мяжы з Беларуссю, — гэта не «абараняльная зброя». Танкі і мотастралковыя палкі — гэта, хутчэй, наступальныя падраздзяленні. 


Калі б рабіўся ўпор на абарону, да мяжы варта было б перакідваць супрацьпаветраныя комплексы і тыя ж «Іскандэры», а не танкі.


 

 

Напужаем «Паланэзамі»?

 

Якія ж «адэкватныя захады» прымае Аляксандр Рыгоравіч для таго, каб рэагаваць на павелічэнне групоўкі NATO ў Польшчы і краінах Балтыі?

 

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін кажа, што, як ні дзіўна, сапраўды «без шуму і гвалту» на заходнім накірунку Беларусь здолела павысіць сваю абароназдольнасць. «Я думаю, што найперш Лукашэнка меў на ўвазе планавыя мерапрыемствы па ўмацаванні беларускага войска. Узгадаем, напрыклад, яго нядаўнія заявы пра тое што «Паланэз» у нас з’яўляецца галоўнай зброяй стрымлівання», — заўважае эксперт.

 

Ракетная сістэма залпавага агню «Паланэз» — гэта распрацоўка беларускага ВПК. Яе далёкасць паражэння складае каля 200 кіламетраў.

 

«У вайсковай дактрыне ў нас запісана, што Беларусь у выпадку неабходнасці можа нанесці і прэвентыўны ўдар па сумежных тэрыторыях. Так што Лукашэнка, хутчэй за ўсё, меў на ўвазе менавіта прыняцце на ўзбраенне першых дывізіёнаў «Паланэзаў» у іх першай версіі, з далёкасцю паражэння да 200 кіламетраў», — працягвае Алесін. Ён кажа, што стрэльбы з гэтых комплексаў ужо адбыліся, і ў той жа час прадстаўнікі беларускага ВПК заявілі, што рыхтуюць наступную версію «Паланэза», які будзе мець далёкасць да 300 кіламетраў. «То бок, фактычна, у поле дзейнасці нават першай версіі трапляюць сталіцы ўсіх нашых краін-суседак апроч Расіі», — адзначыў Алесін.

 

У гэтым выпадку, сапраўды, «без шуму і гвалту» мы можам нанесці ворагу немаленькі ўрон.

 

«Зялёных чалавечкаў» не будзе?

 

Што ж тычыцца патэнцыйнай пагрозы з Усходу, то ваенны эксперт пакуль яе не бачыць, таму што расійскіх вайскоўцаў на мяжы з сінявокай мала для захопніцкай вайны. «Мяжа Расіі і Беларусі даволі шырокая, і для таго, каб весці наступальныя аперацыі, трэба значна больш сілаў. Як мінімум, дзве паўнакроўныя арміі, улічваючы прастору і характар мясцовасці», — зазначае ён.

 

Гэтая пазіцыя Алесіна выклікала крытыку. Яго апаненты — у прыватнасці каардынатар ініцыятывы Informnapalm Дзяніс Івашын, — кажуць, што Алесін забыўся на сцэнар «гібрыднай вайны», апрабаваны Расіяй у Крыме і Данбасе.

 

Але, пярэчыць Алесін апанентам, для «гібрыднай вайны», патрэбна буйная «пятая калона», вялікая колькасць людзей, якія з’яўляюцца ўнутраным ворагам, граюць супраць сваёй дзяржавы і працуюць у інтарэсах знешніх сіл. «Я мяркую, што ў Беларусі такой «пятай калоны» няма», — кажа эксперт. У жыхароў сінявокай да Расіі іншы настрой, чым у Крыме і Данбасе. І, калі беларускае войска і не вытрымае наўпроставага супрацьстаяння з расійскім, то ў Беларусі моцныя традыцыі партызанкі. Дый войскі тэрытарыяльнай абароны ствараліся, пэўна ж, нездарма.

 

І, па меркаванні Алесіна, Расіі значна больш выгадны — з палітычнага і дыпламатычнага пунктаў погляду, — ускосны кантроль за сінявокай з дапамогай эканамічных рычагоў. «Другую такую катастрофу для аўтарытэта Расіі, як пасля прыяднання Крыма і ўдзелу ў канфлікце на Данбасе, расійская знешняя палітыка наўрад ці вытрымае», — кажа эксперт.

 

Вайна на іншым фронце

 

А вось што сапраўды адбываецца зараз, дык гэта, па меркаванні Алесіна, вайна ў інфармацыйным полі. Перакідванне расійскіх войск на беларускую мяжу, па меркаванні эксперта, гэта адна з формаў ціску на кіраўніцтва Беларусі. Расія паказвае, што плануе стварыць «другі эшалон абароны», і сінявокая — ужо не адзіны фарпост на заходнім кірунку. «Гэта дэманстрацыя Лукашэнку, што яго паслугі (у абароне Расіі. — рэд.) не так запатрабаваныя, як раней», — мяркуе эксперт.

 

Лукашэнка таксама вымушаны распачынаць піяр-кампанію. Пасля паляпшэння адносін Беларусі з Захадам, «мяккай непадтрымкі» Расіі па пытаннях Украіны, Турцыі і «харчовага эмбарга», імідж нашай краіны як сталага саюзніка ў расіянаў знікае. «Калі глядзець расійскія навіны, то там пра Беларусь альбо нічога, альбо кепска. Мяркую, што Лукашэнка вымушаны адказваць, таму што маўчанне выглядае ўжо двухсэнсоўным. І ён вымушаны зрабіць рэверанс у бок Расіі», — кажа Алесін.

 

Асабліва ўлічваючы, што ўвесь час у нас з Расіяй ідзе размова пра прадстаўленне краіне чарговых ільготаў, крэдытаў, зніжак на газ, і гэтак далей. І Лукашэнка, па словах Алесіна, «вымушаны, хаця б на словах дэманстраваць вернасць саюзным абавязальніцтвам».

Каментаваць