Дэпартаваная паэзія

4 ліпеня з тэрыторыі Беларусі быў дэпартаваны малады балгарскі паэт, лаўрэат прэміі «Дэбют» 2002 года Дзімітар Кенараў. Да гэтага ён правёў без малага 5 сутак у ізалятары часовага ўтрымання ў Мазыры.

Прычынай арышту стала тое, што пры хлопцы не было дакументаў (ён згубіў пашпарт падчас паездкі па Беларусі). Прычынай дэпартацыі — спроба займацца журналістыкай без акрэдытацыі МЗС РБ.

4 ліпеня з тэрыторыі Беларусі быў дэпартаваны малады балгарскі паэт, лаўрэат прэміі «Дэбют» 2002 года Дзімітар Кенараў. Да гэтага ён правёў без малага 5 сутак у ізалятары часовага ўтрымання ў Мазыры.

Прычынай арышту стала тое, што пры хлопцы не было дакументаў (ён згубіў пашпарт падчас паездкі па Беларусі). Прычынай дэпартацыі — спроба займацца журналістыкай без акрэдытацыі МЗС РБ.

Як паведаміў Кенараў у інтэрв’ю парталу tut.by, ён прыехаў у Беларусь, каб зрабіць рэпартаж для амерыканскага часопіса «Virginia Quarter Review», які запланаваў на восень гэтага года спецвыпуск, прысвечаны краінам былога СССР. Дзімітар і яго сябар журналіст Джэйсан Мотла выбралі для камандзіроўкі Беларусь: «Я размаўляю па-руску, а Джэйсан добра фатаграфуе». 29 чэрвеня яны апынуліся ў Мазыры, паколькі адной з тэмаў, якая іх цікавіла, быў Чарнобыль і яго наступствы.

Дзімітар планаваў зрабіць рэпартаж, прысвечаны беларускаму машынабудаўніцтву. Аднак на мінскі МТЗ яго не пусцілі, хоць у візіце — слаўная чынавенская звычка — наўпрост не адмовілі. І тады Дзімітар патэлефанаваў на «Мазырмаш». Журналістаў запрасілі прыехаць, але пасля кароткай экскурсіі па цэху здалі ў міліцыю.

Амерыканскі журналіст быў выпушчаны праз некалькі гадзінаў, дзякуючы ўмяшанню консула ЗША. Балгарына пакінулі пад арыштам «для высвятлення асобы», дзе ён і правёў увесь час да дэпартацыі.

Балгарыя — якую нездарма колісь называлі 16-й рэспублікай СССР — адна з новых краін-сябровак Еўрасаюзу. Нягледзячы на гэта, грамадзянская супольнасць Балгарыі востра незадаволеная сваім урадам які, паводле іх апісанняў, успадчынніў шмат якія негатыўныя рысы ад сваіх папярэднікаў-камуністаў. Пра ўсё гэта можна было прачытаць у суполцы Фэйсбука, створанай у падтрымку Дзімітара Кенарава. Адной з актывістак суполкі была маці паэта — Благавеста Кенарава. Дарэчы, бацька Дзімітара — Пламен Кенараў — доктар медыцыны, палітык з ліберальнага ўраду балгарскага прэм’ера 2001–2005 гадоў, былога (і апошняга) караля Балгарыі Сімяона ІІ.

Толькі дзякуючы розгаласу, які стварылі бацькі і сябры Кенарава ў Балгарыі, балгарскі МЗС паскорыў працэдуру выдачы вязню мазырскага ІЧУ часовага пашпарту — зазвычай гэтая працэдура займае да двух тыдняў. Ужо ў суботу 2 ліпеня хлопец меў на руках дакументы. Але пад арыштам яго трымалі аж да 4-га.

Кенараву таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю РБ на тры гады — «у мэтах грамадскай бяспекі». Зараз былы вязень знаходзіцца ў Сафіі ў коле сям’і. «Нягледзячы на непрыемнасці, я мушу зазначыць, што я ні разу не быў падвергнуты жорсткаму абыходжанню з боку беларускіх уладаў. Наадварот — большасць міліцыянтаў ставіліся да мяне з павагай і нават сімпатыяй. Я маю толькі найлепшыя ўражанні ад звычайных беларусаў, гэта чуллівыя і вельмі добрыя людзі. Усе праблемы Беларусі — на вышэйшым палітычным узроўні», — напісаў Дзімітар Кенараў 6 ліпеня, падзякаваўшы актывістам Фэйсбуку (і асабіста Марку Цукербергу) за падтрымку. Ён перакананы, што без розгаласу ў сацыяльных сетках яго б ні вызвалілі так хутка.

Дзімітар Кенараў вядомы ў Балгарыі найперш як паэт. Ён — аўтар двух зборнікаў вершаў «Вандроўка на кухню» (2001) і «Апокрыфныя жывёлы» (2010). Ён вывучае амерыканскую і рускую літаратуры ў дактарантуры ўніверсітэта Берклі (Каліфорнія) і піша нарысы для розных амерыканскіх выданняў.

Цікава, што Кенараў — не адзіны замежны паэт, якому забаронена прыязджаць у Беларусь. У сакавіку 2006-га з тэрыторыі РБ тэрмінам на 10 гадоў быў дэпартаваны студэнт філфаку Ужгарадскага нацыянальнага ўніверсітэта Андрый Любка. Ён працаваў у Мінску замежным назіральнікам, а таксама дарадцам штабу Аляксандра Мілінкевіча. Па ягоных словах, яго арыштавалі і пасадзілі на 15 сутак («у адну камеру з Анатолем Лябедзькам!») яшчэ да выбараў 19 сакавіка.

Ужо пасля гэтых невясёлых падзеяў ён стаў вядомы ва Украіне як цікавы малады паэт, аўтар паэтычных зборнікаў «Восем месяцаў шызафрэніі» (2007) і «Тэрарызм» (2008), аўтар эсэ і мастацкай прозы.

Адна з будучых старонак свабоднай Беларусі — гэта супольны творчы вечар Дзімітра Кенарава і Андрыя Любкі на адной з творчых пляцовак краіны.
 

Каментаваць