Дэжавю ад АГП

У той час, як іншыя палітычныя структуры ўжо ва ўсю вядуць збор подпісаў за «кандыдатіаў у кандыдаты», Аб’яднаная грамадзянская партыя толькі вызначылася са сваім фарматам удзелу ў кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы. Палітрада АГП 29 студзеня засядала каля пяці гадзінаў, і, як ні дзіўна, анічога новага не прыдумала.



Па словах лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, не толькі партыя, але і грамадства, і іншыя палітычныя сілы стаяць перад няпростым выбарам. «Удзельнічаць у гэтай кампаніі — амаральна, а не ўдзельнічаць альбо байкатаваць — бессэнсоўна», — азначыў гэтую дылему палітык.
 
 
Таму АГП вырашыла ўдзельнічаць у выбарах у мясцовыя саветы прыкладна так жа, як удзельнічала ў парламенцкіх выбарах 2012 года. АГП працягвае кампанію «За сумленныя выбары дзеля лепшага жыцця». Гэта значыць, што АГП вылучае не кандыдатаў у дэпутаты, а «спікераў», якія праводзяць агітацыю, каб патлумачыць народу, што свабодных сумленных выбараў няма, і гэта ёсць тупік. Краіна не можа разлічваць на перамены, пакуль у краіне няма сумленных выбараў. І трэба, перш за ўсё, падымаць пытанне справядлівасці выбараў.
 
 
Разам з тым, змянілася заканадаўства. Зараз забароненая агітацыя за байкот. Таму АГП проста, па словах Лябедзькі, «не будзе заклікаць выбаршчыкаў удзельнічаць у такіх выбарах». «Тым людзям, якіх улада будзе прымушаць да ўдзелу ў выбарах, заганяць сілком на ўчасткі, мы кажам: «Калі вы не можаце не прыйсці на выбарчы ўчастак — ідзіце, вазьміце бюлетэннь, і на гэтым бюлетэні напішыце: «Патрабую сумленных выбараў», —кажа Лябедзька.
 
 
А намеснік старшыні АГП Леў Марголін заклікаў людзей фатаграфаваць такія бюлетэні, выкладваць здымкі ў інтэрнэт, у сацыяльныя сеткі, альбо проста дасылаць у АГП.
 
 
Як адзначыў Лябедзька, нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што жадаў бы, каб 75% выбаршчыкаў прынялі ўдзел у галасаванні. Таму, па ягоных словах, адміністратыўны рэсурс па «заганянні» людзей на выбарчыя ўчасткі будзе ўключаны на поўную. Таму і трэба даць людзям ясную прапанову, што ім трэба патрабаваць і што рабіць у кабіне для галасавання.
 
 
І яшчэ адно адрозненне сённяшніх мясцовых выбараў ад мінулых парламенцкіх. У 2012 годзе «спікеры» АГП зняліся з выбараў перад пачаткам галасавання. Зараз рэгламент для іх менш жорсткі. «Гэтае пытанне зараз мы пакінулі на рашэнне самім спікерам. Акрамя агульных партыйных мэтаў ёсць яшчэ і прыватныя мэты. Некаторыя, асабліва гэта тычыцца моладзі, хочуць заваявацьпапулярнасць і вядомасць на сваіх акругах. Некаторыя спрабуюць вырашыць мясцовыя праблемы. Таму, калі чалавек адчувае, што для яго карысней прайсці шлях да канца, значыць, гэта ягонае права. Калі чалавек па маральных меркаваннях лічыць, што яму трэба зняцца з гэтых «квазівыбараў», то ён гэта зробіць», — патлумачыў Леў Марголін.
 
 
Зараз у АГП налічваецца 150 «спікераў». Пад час агітацыі яны будуць уздымаць не толькі пытанне сумленнасці і справядлівасці выбараў. Будзе патрабаваанне вызвалення палітвязняў, будуць збірацца подпісы за адмену новага падатку на аўто і адначасова — за адстаўку ўрада. А рэгіянальныя структуры АГП будуць засяроджвацца налакальных праблемах: для кожнай вобласці распрацаваныя праграмы рэгянальнага развіцця, што павінна паўплываць на агульную вядомасць і папулярнасць АГП у краіне.

Каментаваць