Другі тур? Забудзьцеся!

Лідзія Ярмошына знайшла новае апраўданне датэрміновым выбарам. НІбыта, перанос даты выбараў зроблены з разлікам на другі тур галасавання.  Некаторыя паставіліся да гэтай заявы надзіва сур'ёзна.



Старшыня ЦВК сказала, што выбары перанеслі з-за апазіцыі. Маўляў, калі б выбары праходзілі ў апошнюю прыдатную для гэтага нядзелю, адразу ж былі б папрокі: улада ўпэўненая, што яна арганізуе перамогу ўжо ў першым туры. Бо, калі будзе другі тур, то ён выйдзе за межы двухмесячнага тэрміну да заканчэння паўнамоцтваў прэзідэнта. Таму дата 11 кастрычніка — гэта не толькі зручнасць для чальцоў Палаты прадстаўнікоў, якім не трэба будзе збірацца на пазачарговую сесію, каб прызначыць дзень галасавання. Гэта яшчэ і «наш адказ» розным чэмберленам, якія папракаюць улады ў несумленнай гульні.

З гэтай заявы частка аналітычнай супольнасці Беларусі пачала рабіць далёка ідучыя высновы. Маўляў, каб сапраўды прадэманстраваць Захаду сумленнасць нашых выбараў, улада гатовая пайсці і на другі тур выбараў. Тады сапраўды Захаду ўжо крыць будзе няма чым. Выбары пройдуць канкурэнтна, Лукашэнка, у адрозненне ад мінулых «элегантных перамогаў», гэтую «перамогу» здабудзе «ва ўпартай барацьбе». Галоўнае — прызначыць яму партнёрам у другім туры чалавека, якога Аляксандр Рыгоравіч стопрацэнтова «зробіць».

Насамрэч, ніякага другога туру не будзе. У другім туры Лукашэнка прайграе на 100%, якога б «спарынг-партнёра» ён сабе б ні прызначаў. Нават калі гэта будзе звыклы лідар ЛДП Сяргей Гайдукевіч альбо «дармаед у дэкрэце» Юрый Шульган. Яны ў любым выпадку выйграюць гэты самы другі тур — без праблемаў і кампрамісаў. Гэта чыстая арыфметыка.

Згодна ўсім сацыялагічным апытанкам апошніх гадоў, так званы «пратэстны электарат», які ў выбарах галасуе «абы за каго, толькі не ён», складае каля 25%. У перыяд першага тура ён ніколі не быў мабілізаваны. У 2001 годзе яго раздзіралі Домаш і Ганчарык (Домаш зняў сваю кандыдатуру толькі ў апошні момант, за два тыдні да выбараў), у 2006-м — Мілінкевіч і Казулін, не кажучы ўжо пра «парад кандыдатаў» 2010-га года. У выпадку другога тура гэтыя 25% шчыльнымі радамі прагаласуюць за апанента Лукашэнкі.

Згодна з лічбамі апытанак Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва) розных гадоў, 40% тых, хто падтрымлівае Лукашэнку, робяць гэта таму, што «няма нікога іншага, хто быў бы лепш».

Не тое, што сапраўды няма лепшага — проста яны такіх не бачаць. А як іх убачыць, калі ў тэлевізіі заўсёды — толькі адзін твар: «Гэта ўсё пра яго і крышачку пра надвор’е»?

У выпадку другога туру прадугледжваюцца тэледэбаты. У першым туры таксама, але на першым туры «асноўны кандыдат» можа і не з’явіцца, што было прадэманстравана ў 2010-м годзе. Нез’яўленне на дэбаты ў другім туры можа апраўдаць хіба што катастрофа альбо надзвычайнае становішча.

У тэледэбатах у прамым эфіры Лукашэнка прайграе ўчыстую. Ягоным апанентам дастаткова прыйсці з «праграмай пяцігодкі», зацверджанай на мінулым Усебеларускім сходзе. І пацікавіцца: «Дзе заробак у тысячу долараў?». Альбо: «Чаму мы выйшлі на ўзровень еўрапейскіх краінаў, і нават абагналі яго, толькі па коштах у крамах?». Альбо: «Ключавая задача пяцігодкі — стварэнне прынцыпова новых вытворчасцяў. Дзе хоць адна такая? Гэта Палац Рэспублікі?»

Але галоўнае — не ў пройгрышы Аляксандрам Рыгоравічам тэледэбатаў. Галоўнае, што тыя 40%, якія «не бачаць альтэрнатывы», раптам атрымаюць прасвятленне, што альтэрнатыва ёсць. І нават самая кепская — гэта ўсё ж альтэрнатыва.

У плюс альтэрнатыўнаму кандыдату ў прэзідэнты ў другім туры варта дадаць яшчэ каля 10% прыхільнікаў байкоту выбараў. Гэта зараз яны крычаць, што «выбараў няма» і «ніякіх выбараў, пакуль ёсць палітвязні». Як толькі з’явіцца рэальная альтэрнатыва з шанцам на перамогу — на выбарчыя ўчасткі пойдуць нават самыя заўзятыя сябры КХП — БНФ.

Такім чынам, 25% пратэстнага электарату, 10% «байкотчыкаў» і 40% раптам відушчых — гэта 75% выбаршчыкаў краіны. Канешне, можна заўважыць, што не ўсе «відушчыя» атрымаюць прасвятленне, аднак адначасова трэба дадаць, што тое прасвятленне атрымаюць тыя, хто ў апытанках НІСЭПД заўжды адзначаюць пункт «складана адказаць». Гэта 10–15%. Тое на тое і выйдзе.

75% выбаршчыкаў краіны — гэта тая лічба, якую сфальсіфікаваць ужо немагчыма. Сябры выбарчых камісіяў, якія шэптам паведамляюць вынікі падліку галасоў старшыні, будуць яўна бачыць, колькі галасоў аддана «за таго», і колькі — «за гэтага». Гэтае ж будуць бачыць — проста па таўшчыні стосаў — і назіральнікі, якіх шырокім жэстам запрасіў на выбары Аляксандр Рыгоравіч. «Лічыце, што мы запрасілі ўсіх вашых прадстаўнікоў, якіх вы лічыце патрэбным накіраваць для назірання за выбарамі», — сказаў Лукашэнка 16 чэрвеня, сустракаючыся ў Мінску з генеральным сакратаром АБСЕ Ламбертам Заньерам і дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Міхаэлем Георгам Лінкам.

Наўрад ці ва ўладзе не ўмеюць лічыць. А таму ўсе размовы пра «другі тур» спадарыні Ярмошынай — гэта не больш, чым «адмазка» датэрміновых выбараў.

Каментаваць