Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Сёння Дзень Пагоні і бел-чырвона-белага сцяга

Дваццаць шэсць гадоў таму, 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў назву беларускай дзяржавы — Рэспубліка Беларусь і яе дзяржаўныя сімвалы бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Прапануем вам сем фактаў пра нашы нацыянальныя сімвалы.

Факт першы

Бела-чырвоны сцяг і Пагоня вядомыя ў Беларусі са старажытнасці. У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, выяву ўзброенага вершніка  пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII ст. Гербам упрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў». «Пагоня» была на сцягах беларуска-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў — ад Грунвальда да Оршы.

Пасля Люблінскай уніі «Пагоня» нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу. Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII ст., калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, «Пагоня» засталася гербам беларускіх губерняў.

Праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сцяга распрацаваў беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917 года на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу (Дуж-Душэўскi быў супрацоўнiкам гэтага таварыства).

А 12 сакавiка ў Мінску ўпершыню адбылося масавае свята — нацыянальны Дзень беларускага значка. Бел-чырвона-белыя значкi, кукарды і сцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах. Бел-чырвона-белую стужку ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.

 

Клаўдзій Дуж-Душэўскі злева 

Факт другі

У снежнi 1917 года ў Мінску падчас Усебеларускага з’езда бел-чырвона-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. У 1918 годзе Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі зацвердзіў бел-чырвона-белы сцяг, а «Пагоня» была абвешчана дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Факт трэці

Падчас Другой сусветнай вайны бел-чырвона-белы сцяг разам з іншымі нацыянальнымі сімваламі вярнуў да ўжытку калабарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада).

Факт чацвёрты

У савецкія часы бел-чырвона-белы сцяг на тэрыторыі СССР быў пад забаронай. Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі бел-чырвона-белы сцяг залунаў падчас жорстка разагнанага шэсця «Дзяды» ў 1988 годзе. Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня для многіх сталі не толькі сімваламі перамен, але і спосабам апазнаць «сваіх»: каб насіць маленькі бел-чырвона-белы значок тады трэба было мець мужнасць.

Пры гэтым усе масавыя акцыі тых часоў — шматтысячныя мітынгі і дэманстрацыі з перакрыццём праспекта Леніна (цяпер Незалежнасці), страйкі рабочых, пікеты — праходзілі пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Б-ч-б аўтамабіль. Фота artsiadziba.by

Б-ч-б аўтамабіль. Фота artsiadziba.by

 

Старшыня ТБМ Алег Трусаў, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 склікання і ўдзельнічаў у распрацоўцы афіцыйных сімвалаў Беларусі, узгадваў:


«Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг зацвярджаліся без малюнкаў. Пасля была створаная камісія з найлепшых мастакоў краіны. Наша задача была ў тым ліку, каб наша «Пагоня» на сто адсоткаў адрознівалася ад літоўскай. Літоўцы, дарэчы, спецыяльна памянялі герб — да вайны «Пагоня» ў іх была іншай. Мы за ўзор узялі «Пагоню» з магілы Ягайлы — самую старажытную з вядомых. З крыжам Ефрасінні Полацкай. Літоўцы — «Пагоню» XVI стагоддзя з іншым крыжам. Атрымліваецца, што наш герб больш адносіцца да готыкі, літоўскі — да барочнага Рэнесансу. Цяпер зблытаць іх не змагло б нават дзіця».

 

Вінцук Вячорка распавядаў, што пра змену сцягу над Домам ураду ў яго захаваўся неадназначны ўспамін:

«Зроблена ўсё было паціху. Мы думалі, што будзе ўрачыстасць, чырвона-зялёны сцяг здымуць і аднясуць у музэй, а мы заспяваем гімн падчас узняцця нашага нацыянальнага сцягу. Нічога падобнага. Уначы адзін сцяг банальна памянялі на другі. Як сказаў тады Віктар Івашкевіч, «адбылася рэвалюцыя заўхозаў…»


Першыя паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь з выявай яе дзяржаўных сімвалаў — бел-чырвона-белага сцягу і гербу «Пагоня». Выявы былі зроблены ў 1992 годзе мастаком Міколам Купавам

Факт пяты

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» пазбавілі статусу афіцыйных дзяржаўных сімвалаў у 1995 годзе ў выніку рэферэндуму, які быў ініцыяваны Лукашэнкам. Кіраўнік справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Іван Ціцянкоў апроч іншага ўвайшоў у гісторыю як чалавек, які зняў з даху Дома ўраду бел-чырвона-белы сцяг і разарваў яго на кавалкі.

Пасля гэтага нацыянальныя сімвалы Беларусі зноў трапілі ў няміласць, хаця афіцыйна іх выкарыстанне не было забаронена. Тым не менш, людзей з сімволікай на акцыях хапалі ў першую чаргу, за майку з «Пагоняй» штрафавалі і нават збівалі, за сцяг, вывешаны на ўласным балконе, пагражалі суткамі арышту, на канцэрты ці спартовыя мерапрыемствы з бел-чырвона-белай атрыбутыкай не пускалі, а мадэратары некаторых паблікаў у «Вконтакте» называлі герб фашысцкім сімвалам.

Факт шосты

У лістападзе 2015 года з выставы, прысвечанай 25-годдзю суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў і 75-годдзю Аляксея Марачкіна, былі зняты тры творы. Прычым, адзін з іх — партрэт амерыканскай мастачкі беларускага паходжання Галіны Русак работы Віктара Маркаўца — за тое, што фон карціны нагадаў цэнзаршы бел-чырвона-белы сцяг.

У адказ актывісты грамадскіх і палітычных арганізацый развешвалі на вуліцах беларускіх гарадоў «100 сцягоў», раздавалі кіламетры бел-чырвона-белых стужак мінакам.

Факт сёмы

Зараз нацыянальная сімволіка ў трэндзе. Модна насіць вышымайку ці швэдары з бел-чырвона-белым арнаментам. Усё часцей на вуліцах можна пабачыць аўто, у якіх едзе «маленькі беларусік», пра што сведчыць адпаведная налепка. Міліцыянты, відаць у адпаведнасці з новым загадам, спакойна  прапускаюць праз турнікеты оўпэн-эйраў людзей з Пагоняй на грудзі. А вядомыя беларускія спартоўцы выказаліся  ў падтрымку нацыянальнага сцяга: Аляксандра Герасіменя, Віталь Гуркоў, Аліна Талай, Уладзімір Парфяновіч ды іншыя.
Засталося толькі дачакацца, калі гістарычныя сімвалы незалежнасці зоймуць свае законнае месца. Але, здаецца, уяўным парадкам гэта паступова адбываецца. Бо ж «старадаўняй Літоўскай Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць».

Са святам!


Каментаваць