Дыктатары вяртаюцца

Крым, Данбас, дрыгва Іраку, Афганістану і Лівіі, няўдалыя рэвалюцыі Арабскай вясны прымусілі Захад аддаць перавагу стабільнасці, статус-кво, замест дэмакратычных зменаў.



Беларусаў зазвычай мала абыходзіць тое, што адбываецца далёка за межамі краіны і з выгляду не датычыць іх жыцця. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што падзеяй тыдня беларусы назавуць атрыманыя жыроўкі за студзень і ўвядзенне мыта на пасылкі з-за мяжы вартасцю больш за 22 еўра. 
 
Бітва за Алепа, праймерыз у Нью-Гемпшыры, Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы? Не, не чулі.  
 

 

«Нагнуць» Украіну, «нагнуць» і Беларусь  

 
 
І зусім дарэмна. Бо ўсіх жа цікавіць палітычны лёс першага і ўсё яшчэ адзінага беларускага прэзідэнта. Хаця па гэтым пытанні зацікаўленасць беларусаў, скажам так, неаднастайная і рознанакіраваная. Як ні дзіўна, падзеі ў Алепа, Нью-Гемпшыры і Мюнхене могуць істотным чынам на гэты лёс паўплываць. 
 
Беларусаў мусіла б таксама хваляваць, ці ўдасца Расіі  «нагнуць» Украіну. То бок прымусіць сусветную супольнасць зразумець і дараваць анэксію Крыма, а таксама выгадным для сябе чынам замарозіць канфлікт на Данбасе. Пасля чаго Данбас ператворыцца на кароткі ланцуг для Украіны, які не дазволіць ёй далёка адбегчы ад «рускага свету». 
 
Калі ўдасца там, чаму б не паўтарыць поспех у Беларусі? Улічваючы, што мы краіна яшчэ больш «брацкая», нашае «уз'яднанне» можа прайсці нават лягчэй.   
 
Выгандлёўваць для Расіі такую магчымасць паехаў на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы расійскі прэм'ер Дзмітры Мядзведзеў. Напярэдадні сваёй паездкі ён даў вялікае інтэрв'ю нямецкаму выданню Handelsblatt, у якім недвухсэнсоўна даў зразумець: калі не хочаце развязвання новай сусветнай вайны — лепей па-добраму сядайце і дамаўляйцеся з намі. Санкцыі супраць Расіі ўсё роўна не працуюць, яны толькі шкодзяць вашай эканоміцы, а мы някепска сябе адчуваем і нашай пазіцыі так ці іначай не зменім. 
 
 

Колькі дзён да пачатку трэцяй міравой

 
 
Калі заходні свет усур'ёз паставіцца да гэтай пагрозы, вядома ж, паспрабуюць дамовіцца. А да яе ставяцца ўсур'ёз, аб чым сведчыць, напрыклад, псеўдадакументальны фільм BBC пра трэцюю сусветную вайну, які выйшаў на мінулым тыдні. У фільме Расія здзяйсняе «гібрыднае ўварванне» на тэрыторыю Латвіі па данбаскім сцэнары. Паўночнаатлантычны альянс вымушаны рэагаваць. Паступова канфлікт перарастае ў ядзерную вайну... 
 
Аднак у рэальнасці трывожная кнопка міргае зараз у Сірыі. Дзе ўрадавыя войскі пры падтрымцы расійскай авіяцыі вядуць эфектыўны наступ на кантраляваныя апазіцыяй тэрыторыі. Пад пагрозай аказаўся галоўны аплот антыўрадавых паўстанцаў — горад Алепа. На думку экспертаў, яго падзенне стане смяротным ударам для апазіцыі. 
 
Такое развіццё падзей не задавальняе суседнюю Турцыю, для якой яно азначае новыя дзясяткі тысяч уцекачоў і страту сваіх уласных пазіцый — бо Турцыя паслядоўна падтрымлівала паўстанцаў. Турэцкі прэм'ер Ахмет Давутоглу намякнуў у пятніцу, што яго краіна не збіраецца моўчкі назіраць за тым, як сірыйскія ўрадавыя войскі пры падтрымцы расійскай авіяцыі пераразаюць калідор ад Турцыі да Алепа. 
 
Як паведамляе турэцкае выданне Hürriyet, прэм'ер паведаміў журналістам, што ён ужо сказаў канцлеру Германіі пра неабходнасць спыніць Расію ў Сірыі, каб прадухіліць далейшыя прытокі ўцекачоў у Турцыю і Еўропу. Калі яго спыталі, ці будзе Турцыя прымаць меры, каб зноў адкрыць калідор да Алепа, Давутоглу адказаў: «Пачакайце колькі наступных дзён, і вы будзеце мець адказ». 
 
Калі ўспрымаць словы прэм'ера пра неабходнасць «спыніць Расію ў Сірыі» як абяцанне вайсковага ўмяшальніцтва, праз колькі дзён мы можам назіраць пачатак трэцяй сусветнай вайны. 
 
 

Кволае перамір'е

 
 
Нягледзячы на ўжо дасягнутую ў Мюнхене дамову аб «спыненні ваенных дзеянняў», Расія працягвае бамбаваць пазіцыі тых, каго яна лічыць тэрарыстамі, а тэрарыстамі яна лічыць усіх праціўнікаў Асада. 
 
«Спадзяюся, ЗША зробяць усё правільна, бо ў гэтым пытанні давяраць Пуціну немагчыма. Калі рускія будуць дзейнічаць бескантрольна, яны працягнуць  атакаваць усіх. Насамрэч рускія не робяць розніцы паміж тэрарыстамі і ўмеранымі групоўкамі. ЗША і міжнародная супольнасць павінны ўзяць на сябе адказнасць і гарантаваць, што гэтага не адбудзецца», — заявіў у пятніцу ў Мюнхене прадстаўнік Аб'яднанай сірыйскай апазіцыі Салем аль-Муслет.  
 
Тым часам Башар Асад у інтэрв'ю,  , апублікаваным ужо пасля дамовы аб спыненні ваенных дзеянняў, заявіў пра гатоўнасць сваіх узброеных сілаў узяць кантроль над усёй тэрыторыяй Сірыі.  
 
«Галоўнае выйграць бітву за калідор паміж Турцыяй і Алепа. Бо Турцыя з'яўляецца асноўнай крыніцай падтрымкі і забеспячэння тэрарыстаў», — сказаў Асад. 
 
У пятніцу расійская авіяцыя працягвала «працаваць» у паўночнай Сірыі. 
 

 

У Нью-Гемпшыры выйграў Асад

 
 
Калі праз іскру ў Сірыі разгарыцца пажар сусветнай вайны, натуральна, нікому не будзе справы ані да Нью-Гемпшыра, ані да палітычнага лёсу адзінага беларускага прэзідэнта. 
 
Аднак перспектыва трэцяй сусветнай настолькі жудасная, што, хутчэй за ўсё, бакі вымушаны будуць дамовіцца. І на гэты момант больш козыраў у руках у Пуціна, які выступае ў ролі старэйшага брата Асада. Як ні абсурдна, адзін палітык, які развязаў вайну ў сябе ў краіне на пяць гадоў, заліў сірыйскую зямлю крывёю, а Еўропу затапіў патокам бежанцаў, і другі, які падвёў свет да мяжы трэцяй сусветнай, цяпер аказаліся галоўнымі гарантамі навядзення парадку ў рэгіёне. Прынамсі «меншым злом». 
 
Гэта пацвердзілася падчас рэпетыцыі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, якая адбылася 9 лютага ў Нью-Гемпшыры. Пасля чаго амерыканскі партал Truthdig надрукаваў матэрыял з загалоўкам: «У Нью-Гемпшыры выйграў Башар Асад?» 
 
Нягледзячы на тое, што Нью-Гемпшыр даволі маленькі штат, дзе жыве 1,3 мільёна жыхароў, раз на чатыры гады ён робіцца эпіцэнтрам палітычнага жыцця ў ЗША. Бо штат традыцыйна першым праводзіць рэпетыцыю прэзідэнцкіх выбараў, падчас якой выбаршчыкі маюць магчымасць абраць свайго кандыдата непаспрэдна шляхам тайнага галасавання. Гэтую рэпетыцыю ў значнай ступені можна лічыць палітычным барометрам, бо пераможцы маюць вялікія шанцы  змагацца за прэзідэнцтва ў лістападзе. Як кажуць, «калі ты можаш зрабіць гэта тут, ты зможаш зрабіць гэта ўсюды».  
 
Што паказаў нью-гемпшырскі барометр ў гэты раз? 
 
Ён паказаў, што Амерыка знаходзіцца ў стане браджэння. Абодва пераможцы ўступілі ў прэзідэнцкую гонку як маргінальныя кандыдаты. Дональд Трамп, адыёзны мільярдэр, вядомы сваімі рэзкімі непаліткарэктнымі выказваннямі. І Берні Сандэрс, найбяднейшы амерыканскі сенатар, які адкрыта называе сябе «сацыялістам», што яшчэ нядаўна лічылася б у ЗША скандалам. Іхную перамогу ўжо ахрысцілі «рэвалюцыяй супраць істэблішменту», бо яны абодва ўяўляць з сябе выклік традыцыйным амерыканскім палітыкам. 
 
Гэта асобная цікавая гісторыя, але нас тут цікавіць толькі іх пазіцыя па сірыйскім пытанні.  
 
Дональд Трамп выказаўся наогул супраць звяржэння Башара Асада, матывуючы гэта тым, што мы не ведаем, хто там зойме ягонае месца, магчыма, хтосці яшчэ горшы. Ён таксама не супраць, каб Сірыяй займаўся Уладзімір Пуцін.  
 
Пазіцыя Сандэрса не зусім супадае з пазіцыяй Трампа, але яна даволі блізкая. 
 
«Мы пазбавіліся Садама Хусэйна, але гэта дэстабілізавала ўвесь рэгіён. Мы пазбавіліся Кадафі, страшнага дыктатара, але стварылі вакуум для Ісламскай Дзяржавы. Так, заўтра мы маглі б пазбавіцца Асада, але гэта стварыла б дадатковы палітычны вакуум, які можа быць на карысць Ісламскай Дзяржаве... Пазбавіцца дыктатараў лёгка, але перш чым рабіць гэта, трэба падумаць пра тое, што будзе на наступны дзень... Нам трэба паступова і, магчыма, павольна рухацца ў бок стварэння дэмакратычнага грамадства. Безумоўна, Асад жудасны дыктатар, але я думаю, што ў Сірыі асноўная ўвага ў цяперашні час павінна надавацца знішчэнню Ісламскай Дзяржавы. Потым цягам многіх гадоў працаваць над тым, каб пазбавіцца ад Асада. Гэта другаснае пытанне», — кажа Сандэрс. 
 
 

Вядомы д'ябал лепш за невядомага

 
 
«На жаль, большая частка людзей, на якіх паўплывае вынік амерыканскіх выбараў, а гэта амаль цэлы свет, ніякім чынам на іх вынік паўплываць не могуць», — заўважыў неяк Джозэф Стыгліц, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы.
 
Важнасць прэзідэнцкіх выбараў у ЗША сапраўды не можа быць перабольшаная. Амерыка — сусветная супердзяржава і лідэр заходняга свету. Калі падчас выбараў фаварыты прэзідэнцкай гонкі выказваюць меркаванне адносна змены стаўлення да дыктатураў як да «меншага зла», гэта можа азначаць прынцыповае змяненне палітыкі заходняга сьвету ў цэлым.
 
Мне здаецца, гаворка павінна ісці менавіта пра дыктатуры, а не пра аднаго Башара Асада. І напужаны заходні свет не толькі Ісламскай Дзяржавай, ён аказаўся не менш напужаны наступствамі рэвалюцыі ва Украіне, якая раззлавала Пуціна. Што ўрэшце і прывяло да адчувальнай магчымасці трэцяй сусветнай вайны.   
 
Адсюль палітычны ціск на Украіну з мэтай прымусіць прыняць план Пуціна адносна яе далейшага лёсу, то бок выканаць Мінскія дамоўленасці фактычна ў аднабаковым парадку. Адсюль жа і рашэнне зняць санкцыі супраць беларускіх уладаў, якое, хутчэй за ўсё, будзе прынятае ў панядзелак Саветам Еўропы. 
 
Таму што Еўропа, як піша Браян Клаас ў Foreign Policy, цяпер аддае перавагу вядомаму д'яблу.
 
«Многія заходнія дыпламаты, з якімі я размаўляў, казалі мне, што прыйшоў час перастаць кідаць выклік Лукашэнку. Замест гэтага трэба працягнуць яму аліўкавую галіну "эвалюцыі, а не рэвалюцыі". Такі падыход сведчыць аб зрухах у дачыненні да палітыкі прасоўвання дэмакратыі. 
 
Крым, Данбас, дрыгва Іраку, Афганістану і Лівіі, няўдалыя рэвалюцыі Арабскай вясны прымусілі Захад аддаць перавагу стабільнасці, статус-кво, замест дэмакратычных зменаў. У Вашынгтоне, Лондане і Бруселі цяпер лічаць за лепшае жыць з вядомым дыктатарскім д'яблам у асобе Лукашэнкі, чым рызыкаваць з'яўленнем яшчэ аднаго крызісу ў выглядзе дэмакратычнага д'ябла, якога яны не ведаюць».
 
Браян Клаас лічыць такую палітыку памылковай. Ён піша, што Беларусь праз яе чакае «лукашэнкаўская зіма яшчэ на гады, калі не на дзесяцігоддзі». 
 
Такім чынам, дыктатары вяртаюцца як ухвалены інструмент стрымлівання праблемнай перыферыі. А калі яны пачнуць паглынаць адзін аднаго разам з краінамі, ці будзе камусці да гэтага справа? Пытанне рытарычнае. 

Абмеркаванне:

  • Рыгор
  • 2016-02-13 16:04:40

Прабачце, але мне здаецца, што прэтэндэнты на пост прэзідэнта ЗША маюць нейкую рацыю: ці не на самой справе "Арабская вясна" пагоршыла сітуацыю, ў тым ліку і для народаў ня толькі
гэтых краін, але ўскосна і для заходніх? Здаецца, не ўсё так адназначна. Ёсць шматвекавыя традыціі народаў розных куткоў света. Не ўсім могуць падыходзіць дэмакратычныя правілы жыцця. Менталітэт
розны, рэлігійныя погляды - таксама, гістарычныя шляхі адрозніваюцца... Навошта на ўсіх - адзіная мадэль жыццёвага ладу. Гэта можа быць таксама пагрозай. Хоць і іншай за дыктатуру. Таму я б ня стаў
лічыць дэмакратыю найлепшым варыянтам для КОЖНАГА народа. Для Еўропы - так. А для іншых, тым больш - краін Усходу, гэта можа ўспрымацца як ненатуральнае. Нас спрабавалі ашчасціць камунізмам, іх -
дэмакратыяй. Але ўсё штучнае калі - небудзь адвяргаецца.
  • София
  • 2016-02-13 16:48:07
Из интервью Светланы Алексиевич:

" Диктатуры бессильны. Они не могут остановить время ".
  • Вераценскі А.
  • 2016-02-13 16:20:20
Вельмі сур'ёзны і цікавы тэкст, глыбокі аналіз.На самой справе, ёсць з-за чаго хвалявацца нават беларусам. І нас не абміне трагедыя, калі мы будзем абыякава адносіцца да таго, што дзеецца навокал. А
тым больш - побач з нашымі межаміі. І такая перадасцярога - не дарэмная. Дзякуй за яе.
  • Мікола
  • 2016-02-13 18:15:49
Дыктатары не могуць спыніць час. Хто будзе з гэтым спрачацца? Але дыктатары затарможваюць нашы жыцці і пазбаўляць жыццяў сваіх праціўнікаў.

Каментаваць