Дзень паслухмянага таварыша

Першамай выпаў на нядзелю — такая магчымасць прайсціся маршам да адміністрацыі прадпрыемства, горада ці дзяржавы з патрабаваннямі, нагадаць урэшце пра такі панятак, як «грамадзянін». Сітуацыя ж наспела.


Чатыры гады таму я пісала тэкст да Першамаю, дзе гаварылася пра намінальнасць ды неэфектыўнасць прафсаюзаў у дзяржаве. Сёлета згадваць прафсаюзы мала сэнсу, бо ворах праблем у краіне такі вялікі, што не ў прафсаюзах цяпер паратунак.

 

Крызісныя з’явы ў Беларусі ўжо ахопліваюць усе сферы жыцця. Але кіраўніцтва дзяржавы ўпарта адмаўляецца публічна прызнаваць усю сур’ёзнасць сітуацыі. Яшчэ ў лютым Лукашэнка запэўніваў, што «крызіс у нас у галаве». А ў красавіку падчас наведвання Ельскага раёна паабяцаў прад’явіць народу рэалістычную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступную пяцігодку. І нас чакае — так-так! — менавіта рост і поспех.

 

Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў, што ўраду сёлета давялося прымаць меры "па бюджэтнай кансалідацыі", каб справіцца з прагнознымі паказчыкамі на 2016 год.

 

Маўляў, ішоў пошук дадатковых крыніц даходаў. Гэта і павышэнне ставак акцызаў на нафтапрадукты ("без павелічэння рознічных цэнаў"), і адмова ад льгот па ПДВ на грамадскім транспарце ("не павялічваючы тарыфы"). Кабякоў кажа, што кіраўнік дзяржавы не пагадзіўся "на больш глыбокія меры, адчувальныя для насельніцтва".

 

Але д’ябал хаваецца ў дробязях — Кабякоў гаворыць, што насельніцтва нічога не адчула, а кошт праезду ў маршрутцы, паслугамі якой я карыстаюся, падрос акурат на памер ПДВ (і нават абвестку-тлумачэнне для пасажыраў павесілі). Адназначна, нехта нам хлусіць!

 

«Павінны даць аддачу мадэрнізаваныя прадпрыемствы, а іх велізарная колькасць. І мы не спыняемся. Пры ўсіх складанасцях галоўная наша задача — мадэрнізацыя і абнаўленне вытворчасці на інавацыйнай аснове», — распавядаў у Ельскім раёне пра планы наконт прамысловасці Лукашэнка.

 

Нагадаю, пра ўсеагульную мадэрнізацыю было заяўлена яшчэ ў 2012 годзе, была зацверджаная адпаведная праграма, разлічаная да 2020 года, з агульным аб'ёмам выдаткаў у 90 мільярдаў рублёў, з якіх больш за 40 працэнтаў павінны быць з рэспубліканскага бюджэту, яшчэ траціна рэсурсаў меркавалася прыцягнуць ад замежных інвестараў. Але маштабны праект праваліўся.

 

«Пагрозы і прамовы Лукашэнкі, яго рыторыка — настолькі збітае гэта ўсё. А тым часам нашая прамысловасць, на мой погляд, недзе ў 2010–2012 гадах пераадолела кропку незвароту, якая не дазваляе працаваць у ранейшых умовах і з ранейшымі магчымасцямі. Мадэрнізацыя мусіць праводзіцца сістэмна, сыходзячы з патрабаванняў рынка, чаго ў нас няма, а ёсць фактар палітычнага кіраўніцтва», — гаворыць старшыня прафсаюза Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр Бухвостаў.

 

Бухвостаў адзначае, што сітуацыя ў прамысловай галіне і так цяжкая для людзей, якія там занятыя, таму пытанне працаўладкавання і ўласнага дабрабыту будзе бліжэйшым часам абвастрацца.

 

«Але, паслухайце, прафсаюз — гэта самі людзі. Калі яны не хочуць змагацца за свае правы, то чым ім дапаможаш? У свабодныя прафсаюзы па дапамогу звяртаюцца мала, вельмі мала», — прызнаецца прафсаюзны лідар.

 

Кантрактная сістэма раз’яднала рабочых, кожны думае, што ціхенька зможа адседзецца і не страціць працу. Няма разумення, што трэба аб’ядноўвацца дзеля агульнай мэты.

 

«А што могуць незалежныя прафсаюзы? Даць параду, пракансультаваць, абараніць у судзе. Можа быць цяпер, калі сітуацыя ўскладняецца, пачне прачынацца свядомасць, узнікнуць новыя аб’яднанні», — спадзяецца Бухвостаў, што свядомасць рабочых зменіцца пад эканамічным ціскам.

 

Сакавіцкае апытанне НІСЭПІ паказала, што ў параўнанні са снежнем 2015 года колькасць грамадзян, якія адчуваюць на сабе праявы крызісу, павялічылася адразу на 20,9 пункта і склала рэкордныя для грамадскіх настрояў 87,8 %. Людзі абвінавачваюць кіраўніка дзяржавы і ўрад, прызнаюцца, што ледзь зводзяць канцы з канцамі і не хапае грошай на прадукты (19,4 % рэспандэнтаў). Але ніякага радыкалізму і рашучасці — у апазіцыі да цяперашняй улады сёння лічаць сябе 18% беларусаў (у чэрвені крызіснага 2011 года — 25,8 %).

 

Сёлета Першамай выпадае на нядзелю — такая магчымасць прайсціся маршам да адміністрацыі прадпрыемства, горада ці дзяржавы з патрабаваннямі і ўмовамі, нагадаць урэшце пра такі панятак, як «грамадзянін». Сітуацыя ж наспела. Але не, афіцыйны прафсаюз правядзе ціхія сустрэчы: будуць балонікі і сцяжкі, раскажуць пра сацыяльна арыентаваную дзяржаву. Відавочна, замест такога варыянту лепш паехаць на лецішча ці да сваякоў ды пасадзіць бульбу. Можа стацца так, што плён гэтай працы дапаможа перажыць крызісныя часы.

 

Але гэты метад — зноў-такі ціха адседзецца ў сваім кутку.

Каментаваць