Дзесяць Чарнобыльскіх Шляхоў (фота)

Чарнобыльскі шлях праводзіцца традыцыйна, пачынаючы з 1989 года. Мы вырашылі нагадаць нашым чытачам, якімі былі шляхі апошнія дзесяць гадоў (2006-2015).

Чарнобыльскі шлях 2014


2006 год



Каля 20000 удзельнікаў. Маршрут, прапанаваны Мінгарввканкамам: Акадэмія Навук —  вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Частка людзей сабралася блізу Кастрычніцкай плошчы. У суправаджэнні аўтазакаў, але з разгорнутым вялізным сцягам калона рушыла па ходніках праспекта Незалежнасці да дазволенага ўладамі месца збору. Па выніках мерапрыемства затрымана 20 чалавек.




2007 год



Агулам было блізу 10000 удзельнікаў. Дазволены маршрут шэсця: Акадэмія Навук —  вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Аднак людзі спрабуюць сабрацца у раёне плошчы Якуба Коласа, якая заблакаваная міліцыяй. Спробы не ісці па Сурганава на Бангалор рашуча блакуюцца міліцыяй. Дэманстранты займаюць дзве паласы праезнай часткі вул. Сурганава. Пасля заканчэння мітынгу ля Чарнобыльскай капліцы частка моладзі не пажадала згортваць сцягі, адбыліся сутычкі з АМОН. Затрымана больш за 20 чалавек.



2008 год


Да 4000 удзельнікаў. Маршрут шэсця традыцыйны: Акадэмія Навук —  вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Прадстаўнікі некаторых арганізацый пасля мітынгу ля Акадэміі Навук сышлі, каб не ісці на Бангалор. Пасля заканчэння шэсця ў маладых людзей міліцыянты адабралі сімволіку.

 


2009 год



Каля 1500 удзельнікаў. Афіцыйна ўзгоднены маршрут: Акадэмія Навук —  вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. Спроба часткі удзельнікаў павярнуць у бок плошчы Якуба Коласа, па заяўленым маршруце, была блакаваная спецназам. "Маладая Беларусь" і анархісты пакінулі шэсце па дазволеным маршруце, каб не ісці на Бангалор. Асноўная частка людзей рушыла ў бок Бангалора праз вуліцу Хмяльніцкага.




2010 год

Колькасць удзельнікаў — каля 1000 чалавек. Узгоднены з уладамі маршрут: Акадэмія Навук —  вул. Сурганава — Чарнобыльская капліца. На месца збору міліцыянты прапускалі людзей праз металашукальнікі у адмыслова зроблены "загончык". Да акцыі на знак салідарнасці далучыліся моладзевыя актывісты расейскай "Абароны". Міліцыя паводзіла сябе карэктна.




2011 год

Шэсце забаранілі. Адбыўся толькі Чарнобыльскі мітынг у парку Дружбы народаў. Колькасць удзельнікаў — 1000 чалавек. Яны прынялі рэзалюцыю аб непрызнанні вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года.




2012 год

1000 чалавек прайшла калонай па ходніках праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава ад Акадэміі Навук да плошчы Бангалор. "Чарнобыльскі шлях" праходзіў з патрабаваннем адмены будаўніцтва Астравецкай АЭС і вызвалення палітвязняў. На мітынгу ў парку Дружбы народаў прынялі рэзалюцыю "Спынім ядзерны генацыд беларускага народа".





2013 год



 У 2013 годзе на традыцыйным шэсці, прысвечанае гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС удзельнікі патрабавалі спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС, адкрыць праўду пра наступствы радыяцыі і вярнуць сацыяльныя гарантыі ліквідатарам. Жалобны мітынг адбыўся ў парку “Дружбы народаў”. У акцыі прымалі ўдзел да 700 чалавек.





2014 год

 

На Чарнобыльскім Шляху 2014 года удзельнікі выступалі супраць атамнай небяспекі з боку Расіі: будаўніцтва расійскага атамнага рэактара ў Астраўцы і пагрозы вяртання ў Беларусь ядзернай зброі. Не гледзячы на цудоўнае надвор’е, акцыя атрымалася даволі малалікай. У шэсці прынялі ўдзел ад 300 да 500 чалавек.




2015 год

 

У “Чарнобыльскім шляху” 2015 года ўзялі удзел каля 500 чалавек. Тым разам арганізатары вырашылі абмежавацца выключна шэсцем без мітынгу ў парку “Дружбы народаў”, які міліцыя атачыла турнікетамі.



2016 год

А якім будзе сёлетні Чарнобыльскі шлях?


 



Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-04-25 22:45:17
Амаль кожны год колькасць удзельнікаў змяншалася... Ну, заўтра іх дакладна будзе больш за 500 чалавек.
  • чарнобыльская радыяцыя
  • 2016-04-26 09:18:29
ты дакладна не будзеш 501-будзеш сядзець і" благаухаць" ля кампа
  • ВР
  • 2016-04-26 14:37:37
О, на сайце "НЧ" завёўся троль! Што ж, добры знак: значыць, сайт жывы :)
  • ВР
  • 2016-04-26 14:45:27
Шаноўны мадэратар, калі будзеце ставіць мой камент, папраўце заадно "сёлятні Чарнобылькі" на "сёлетні Чарнобыльскі". Дзякуй.
  • НЧ
  • 2016-04-26 17:23:29
Дзякуй, выправілі

Каментаваць