Дзесяць гадоў — як і не было

Каб стаць героямі фільма «Назад у будучыню», беларусам дастаткова паслухаць кіраўніка дзяржавы.


Фота www.badgermapping.com


«Рыхтуйцеся набраць сярэдні заробак у 500 долараў у наступным годзе», — сказаў Лукашэнка, наведваючы Магілёўскую вобласць.

Гэтая сакральная лічба — 500 долараў заробку — узнікае ва ўяўленні кіраўніка дзяржавы ўжо не раз. Упершыню задачу росту дабрабыту насельніцтва да гэтай сумы Аляксандр Рыгоравіч паставіў у далёкім 2005 годзе — напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006-га. Тады абяцалася, што гэта будзе зроблена цягам пяцігодкі.

У 2008-м кіраўнік краіны казаў, што заробку «ў 500» мы дасягнулі, і тады ж загадаў набліжацца да тысячадоларавай аплаты працы. Але насамрэч народ мог пабачыць у разлікоўках блізкі да 500 паказчык толькі напярэдадні выбараў 2010 года. У той час усе эканамісты казалі, што перад прэзідэнцкімі выбарамі ідзе напампоўка эканомікі «пустымі» грашыма, і гэта абавязкова адгукнецца ў будучыні.

Будучыня не прымусіла сябе чакаць. У 2011-м краіна ўляцела ў валютны крызіс, бо на «пяцісотдоларавыя» заробкі насельніцтва скупляла СКВ. У выніку долары скончыліся, забяспечыўшы нам вяртанне «валютчыкаў», некалькі абменных курсаў, «чорны» валютны рынак, інфляцыю ў 109% за год і ўвекавечванне старшыні Нацбанку ў знакамітым сайце prokopovi.ch.

Выкараскацца з крызісу–2011 нам дапамаглі толькі крэдыты ЕўрАзЭС. З наступствамі 2011 года мы змагаемся дагэтуль, бо той крэдыт, разлічаны на 10 гадоў, мы зараз аддаём. У 2015-м, здавалася, кіраўнік краіны і ўрад нарэшце зразумелі: трэба жыць па сродках. Але гэтае жыццё па сродках выліваецца ў незадаволенасць насельніцтва, якое хутка прывыкла да добрага. І таму зноў з’явілася мантра «ўсім па 500».

Канешне, сказаўшы пра аб’ём заробкаў, Лукашэнка зазначыў, што ён не павінен быць «незароблены». «Я не кажу, што павінны плаціць не заробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы да 500 долараў наблізіліся. Трэба людзей падтрымліваць, чаго б гэта ні каштавала», — сказаў Лукашэнка, але ў той жа час, як піша дзяржаўнае агенцтва БелТА, «паставіў задачу больш актыўна працаваць са стратнымі прадпрыемствамі, асабліва з тымі, якім пагражае банкруцтва».

«Ніхто не дазволіць прадпрыемствы зачыняць або бяздумна прадаваць. Трэба ад гэтага адысці раз і назаўсёды і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці… Прадпрыемствы трэба ратаваць, каб людзі працавалі. Таму накіроўвайце туды каго хочаце (гэта ваша справа) і кіруйце, пакуль яно не выйдзе на нармальны ўзровень работы», — цытуе вышэйназванае агенцтва кіраўніка дзяржавы.

«Падштурхоўваць кіраўнікоў», «накіроўвайце, каго хочаце», «кіруйце» — гэтыя словы азначаюць, што Лукашэнка па-ранейшаму мяркуе, што эканоміку можна прымусіць працаваць загадамі і гвалтам. Але зламаны станок на стратным і збанкрутаваным прадпрыемстве не запрацуе, калькі ты яму ні загадвай. На абсталяванні мінулага стагоддзя не атрымаеш прадукцыю, вартую стагоддзя сённяшняга. Сістэма загадаў папросту не спрацуе, чаму мы і сталі сведкамі за 10 гадоў. Інакш бы мы ні ставілі зараз перад сабою мэты, якія намагаліся дасягнуць 10 гадоў таму.

Адмыслоўцы кажуць, што вырашыць «праблему 500» зараз можна двума шляхамі. Першы — значна скараціць колькасць працоўных. Тады ў нас узровень беспрацоўя будзе адпавядаць рэальнаму стану эканомікі, але тыя, хто застанецца на працы, атрымае заробак у 500 долараў у эквіваленце, як кажа, напрыклад, эканаміст Сяргей Чалы. Але супраць банкруцтваў і скарачэнняў ужо адразу выказаўся Аляксандр Рыгоравіч.

Ёсць і звыклы шлях атрымаць 500 — уключыць друкарскі станок. Праўда, гэта ідзе насуперак усім рэкамендацыям МВФ і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, у якіх мы просім крэдыты, але нам не ўпершыню падманваць крэдытораў. Тады, у выпадку паўтору крызісу 2011-га, больш у нас не будзе ніякіх выратавальных інструментаў, грошай нам ніхто не дасць. А тое, што паўтор 2011-га, у выпадку напампоўвання эканомікі пустымі грашыма, адбудзецца — да варажбіткі хадзіць не трэба.

Ёсць яшчэ і трэці варыянт: словы Лукашэнкі пра заробак у 500 долараў (як і іншыя) — чыстай вады папулізм, і выконваць гэтую мэту не збіраецца ні ён сам, ні яго падначаленыя. А пра «ўсім па 500» кіраўнік краіны сказаў проста так — бо больш сказаць было няма чаго. Тады ўсё застанецца, як ёсць, і 500 долараў застануцца хіба што ў паперах Белстата, які нейкім вельмі дзіўным чынам вылічвае сярэднія заробкі па краіне.

Але насамрэч сённяшняе «ўсім па 500» азначае, што апошнія дзесяць гадоў краіна папросту страціла. У той час, як свет ішоў наперад, мы нічога не дасягнулі, нічога не рэалізавалі, і толькі незваротна змарнавалі час, застаўшыся на тым жа месцы, дзе і былі 10 гадоў таму, збыўшыся на знакамітае выслоўе: «Time is money» («Час — гэта грошы»).

Ёсць такі культавы амерыканскі фільм — «Назад у будучыню». Але беларусам для гэтага не трэба вынаходзіць машыну часу. Дастаткова проста жыць у краіне.

 

Каментаваць