Дзяніс Садоўскі: «Лукашэнка хоча перамагчы, як правадыр і цар»

Гэтая выбарчая кампанія абяцае стаць беспрэцэдэнтнай не толькі з абыякавасці людзей да яе. Нас чакае яшчэ багата сюрпрызаў, якія могуць увайсці ў кнігу антырэкордаў беларускіх выбараў.



Нягледзячы на тое, што датэрміновае галасаванне працягваецца, кампанія «Права выбару — 2015» сабрала журналістаў, каб падвесці пэўныя вынікі датэрміновага галасавання.

Рэкорд першы: у Беларусі ніколі не было такой яўкі на датэрміновыя выбары, як у 2015-м годзе. Па дадзеных ЦВК, за чатыры дні датэрміновага галасавання ўжо прагаласавала амаль траціна выбаршчыкаў: 28,03%. Але яшчэ не вечар — датэрміновае галасаванне працягваецца. На выбарах 2010-га года датэрміновая яўка склала «толькі» 23,1%. Такім чынам, агульная колькасць галасаваўшых датэрмінова можа дасягнуць 35 — 40%.

Па словах сукаардынатара кампаніі «Права выбару — 2015» Дзяніса Садоўскага ўлады зараз скарыстоўваюць усе адмінітрацыйныя мажлівасці, ад пернікаў да пугаў, каб прымусіць людзей прыйсці прагаласаваць датэрмінова. Пры гэтым, зразумела, менавіта датэрміновае галасаванне дае свабоду ў падмене бюлетэняў і фальшаванні вынікаў галасавання. Бо выбарчыя скрыні гэтага галасавання захоўваюцца неналежным чынам. Як адзначыў Садоўскі, у большасці выпадкаў памяшканне, дзе захоўваюцца скрыні, пад час абеду і на ноч не апячатваецца, а ключы ад яго перадаюцца дзяжурнаму міліцыянту.

«Штодзень мы пішам па сто — сто пяцьдзесят скаргаў на гэтыя парушэнні», — адзначыў Садоўскі.

У некаторых камісіях гэтая сітуацыя выпраўляецца, у некаторых — не. У адной з камісіяў дайшлі нават да таго, што апячаталі памяшканне са скрыняй разам з міліцыянерам, які гэтую скрыню павінен ахоўваць.

Рэкорд другі. Нам увесь час кажуць пра дасягненні «сацыяльнай дзяржавы». Маўляў, жыць добра, вайны няма. Нараджальнасуць павышаецца. Але ў перыяд датэрміновага галасавання беларусы мруць, як мухі. Рэкорд вымірання паставіў выбарчы ўчастак №28 у Чыгуначным раёне горада Гомеля, дзе за чатыры дні датэрміновага галасавання «памерла» 45% выбаршчыкаў. Колькасць выбаршчыкаў ад 6 да 9 кастрычніка ў ім скарацілася з 2.004 чалавек да 1.385 чалавек. Навошта гэта робіцца? За кошт зніжэння колькасці выбаршчыкаў павышаецца працэнт яўкі на выбары, і дазваляе маніпуляваць «лішнімі» бюлетэнямі на ўчастку.

Але што цікава, адзначыў Садоўскі. У той час, як нехта «мрэ», нехта «ўваскрасае». Бо, са змяншэннем колькасці выбаршчыкаў на ўчастках, агульная лічба выбаршчыкаў па краіне чамусці застаецца нязменнай.

Рэкорд трэці. Нават памёрлыя беларусы ўсё роўна ідуць галасаваць. Але, паколькі яны ўжо здані, то ручку трымаць у руках яны не могуць, і распісацца за атрыманы выбарчы бюлетэнь адпаведна. Гэта выявіў сябра Мінскай гарадской выбарчай камісіі Зміцер Каспяровіч. Мінгаркамісія сама даручыла яму правяраць участкі для галасавання.

Зміцер Каспяровіч выявіў, што на выбарах галасуюць здані

Дык вось, па стане на раніцу 8 кастрычніка на выбарчым участку №25 у Савецкім раёне Мінска распісаліся за атрыманне бюлетэняў 109 чалавек, а прагаласавала, па дадзеных камісіі — 146. Больш цікавая лічба на ўчастку №49 Савецкага раёна: раніцай 9 кастрычніка там было выдадзена 308 бюлетэняў, аднак распісалася за іх толькі 170 выбаршчыкаў. Тое ж высветлілася на ўчастку №26 таго ж раёна: выдадзены 351 бюлетэнь, распісалася ў атрыманні — 162 выбаршчыкі.

Не ведаю, ці чацверты гэта рэкорд, але… Яшчэ адзін сукаардынатар «Права выбару —2015», Алесь Сілкоў зазначыў, што назіральнікі атрымалі загад не моцна чапляцца да камісій, і не складаюць скаргі на неістотныя парушэнні, кшталту «не там вісяць інфармацыйныя матэрыялы» і г.д. Яны скардзяцца выключна на істотныя парушэнні, якія могуць паўплываць на вынік выбараў. Гэта тое ж неапячатванне пакояў са скрынямі для галасавання, парушэнні ў складанні выніковых пратаколаў за дзень галасавання і гэтак далей. За чатыры дні датэрміновага галасавання набралося ўжо больш за 900 актаў аб парушэнні заканадаўства, у камісіі розных узроўняў і праваахоўныя органы пададзена 319 скаргаў на грубыя парушэнні заканадаўства.

Алесь Сілкоў: назіральнікі склалі больш за 900 актаў аб парушэннях заканадаўства

Прысутны на прэс-канферэнцыі назіральнікаў кіраўнік выбарчага штабу Таццяны Караткеввіч Андрэй Дзмітрыеў адзначыў, што толькі кандыдат у прэзідэнты мае права абскардзіць вынікі выбараў у ЦВК і Вярхоўным судзе. І запэўніў прысутных, што ўсе дадзеныя назіральнікаў аб парушэннях выбарчага заканадаўства будуць прыкладзеныя да гэтай скаргі, калі такая будзе падавацца.

Дэ-факта гэта азначае, што каманда Караткевіч будзе абскарджваць вынікі выбараў, і пра «прызнанне вынікаў гэтых выбараў дэмакратычным кандыдатам у прэзідэнты», у чым шмат хто загадзя абвінаваціў Караткевіч, гаворка не ідзе.

Філасофскае пытанне, навошта гэта робіцца, задалі журналісты. Сапраўды, навошта? Калі Лукашэнка ўпэўнены, што атрымае на выбарах большасць, калі ўсе сацыялагічныя апытанні, як дзяржаўныя, так і незалежныя, кажуць, што ў яго прыкладна палова падтрымкі насельніцтва, то навошта так нахабна падтасоўваць колькасць выбаршчыкаў і заганяць народ галасаваць датэрмінова?

Андрэй Дзмітрыеў: абскарджванне вынікаў выбараў будзе і на падставе дадзеных незалежнага назірання

Па меркаванні Андрэя Дзмітрыева, «большасць за Лукашэнку» — гэта яшчэ (ці ўжо) не факт. «Сёння шмат людзей сапраўды галасуюць за Лукашэнку. Але ці дастаткова шмат для таго, каб выйграць у першым туры — не факт. Другое. Што робяць людзі на выбарах? Яны даюць адзнаку таму, што адбывалася ў краіне за папярэднія пяць гадоў. Яны ці падтрымліваюць гэта, ці кажуць: «Не, мы хочам інакш». Не было Усебеларускага схода. Лукашэнка і ягоная адміністрацыя разумеюць, што адзнака іх дзеянняў вельмі негатыўная. І сёння яны хочуць усімі магчымасцямі паказаць, што ўся краіна задаволеная тым, што адбывалася. Як ён сказаў: «Мы кепска жывем, але вайны няма». І зараз нам спрабуюць давесці, што нам перамены не патрэбныя. Бо, калі 90% прыходзіць на выбары і 80% галасуюць за дзейнага кіраўніка, гэта значыць, што ўсё, што было да гэтага, іх задавальняе», — мяркуе Дзмітрыеў.

«Факты, якія мы прадставілі, сведчаць пра тое, што ідзе маніпуляцыя і з вынікамі выбараў, і з вынікамі датэрміновага галасавання, і з яўкай выбаршчыкаў, і ўвогуле з усёй выбарчай сістэмай. Гэта відавочныя факты. Але нішто не робіцца проста так, і такія маніпуляцыі ў тым ліку. Значыць, улада ведае нешта, што не ведаем ані мы, ані сацыёлагі. Нейкія дадзеныя сацыялагічныя не заўсёды ёсць адлюстраваннем рэальнай сітуацыі. Пэўна, не ўсё так відавочна, як на самой справе», — адказаў на філасофскае пытанне Дзяніс Садоўскі.

«Я перакананы, што для Аляксандра Лукашэнкі важная не проста перамога. Ён хоча перамагчы, як правадыр народа, як цар. І відавочна, што яму трэба падтрымка падаўляючай колькасці людзей. Па-першае, каб яны прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, а па-другое, каб гэтая падаўляючая колькасць за яго прагаласавала. Усю палітыку, якую ён праводзіць, ён абгрунтоўвае тым, што яго падтрымлівае падаўляючая большасць народа. Таму ўвесь гэты спектакль, які адбываецца, адбываецца менавіта такім чынам», — зазначае Садоўскі.

Але ў вынікук Аляксандр Рыгоравіч можа проста атрымаць «удар пад дых» у выглядзе спраўджанага старога анекдота. Калі кіраўнік ягонай адміністрацыі і старшыня ЦВК нараніцу 12 кастрычніка яму скажуць: «Дзьве навіны: добрая і дрэнная. Першая: мы віншуем, вы ізноўку сталі кіраўніком Беларусі. Навіна дрэнная: за вас ніхто не прагаласаваў».

Каментаваць