Дзяржава — гвалтоўны дабрадзей

На мінулым тыдні ў Стакгольме прайшло мерапрыемства пад гучнай назвай — «Новая глабальная дамова паміж капіталам і працоўнай сілай».



Арганізаванае яно было «Прагрэсіўным альянсам», палітычным інтэрнацыяналам, створаным вясной бягучага года пасля адмовы Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі плаціць унёскі ў Сацінтэрн у памеры 100 тыс. фунтаў у год — з-за практыкі прыёму туды аўтарытарных палітычных рухаў.  
 
 
У стакгольмскай сустрэчы ўзялі ўдзел дэлегаты з розных куткоў свету, ад Швейцарыі да Зімбабвэ. Што цікава, у адрозненне ад іншых краін, якія звычайна былі прадстаўлены адным дэлегатам, ад Беларусі  бралі ўдзел прадстаўнікі адразу чатырох арганізацыяў: Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», БСДП (Грамада), аргкамітэту  Беларускай партыі працоўных і аргкамітэту Беларускай жаночай партыі «Надзея». 
 
 
«Цалкам натуральна, бо мы ж найбольшая краіна ў свеце», — жартавалі беларускія дэлегаты, адказваючы на здзіўленыя позіркі іншых удзельнікаў. Вядома, гэта сведчыць пра вялікую цікавасць шведаў, гаспадароў сустрэчы, да сітуацыі ў Беларусі. 
 
 
Сітуацыя ж у нашай краіне, як адзначалі беларускія дэлегаты, адрозніваецца тым, што асноўнае супрацьстаянне ідзе тут не па лініі «капітал — працоўная сіла». Капітал знаходзіцца ў падпарадкаванай пазіцыі. Нават калі ён не належыць «прыдворным» бізнэсоўцам, злітаваным з уладай, так ці іначай кантралюецца ёй. Таму не з'яўляецца самастойным гульцом, з якім можна весці перамовы. 
 
 
Дык, можа, вось яно — рашэнне праблемы? Моцная дзяржава, якая не дае кроку ступіць хціваму капіталісту без свайго дазволу, надзейна трымае яго ў цуглях. Урэшце рэшт, хіба не актыўная роля дзяржавы ляжыць у аснове «скандынаўскай мадэлі», якую прапагандавалі ў якасці ўзору на стакгольмскай сустрэчы? Пра арыентацыю на яе калісці казаў і Аляксандр Лукашэнка. 
 
 
Сапраўды, калі б гаворка ішла толькі пра ступень дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку і грамадскае жыццё, па гэтым паказчыку Беларусь магла б даць фору скандынаўскім краінам. 
 
 
Але тут трэба задаць адно важнае пытанне — чыя гэта дзяржава? Калі ў скандынаўскіх краінах яна з'яўляецца толькі пасярэднікам паміж сацыяльнымі групамі, і падпарадкавана грамадству, у Беларусі дзяржава прэтэндуе на цалкам самастойную ролю — гвалтоўнага дабрадзея, з пугай у адной руцэ, з пернікам у другой, які ні перад кім не нясе адказнасці і душыць усялякую ініцыятыву. Значнай часткай грамадства, нягледзячы на «пернікі», такая дзяржава ўспрымаецца як варожая. Або проста як нешта знешняе, далёкае і чужое.  
 
 
Адсюль вельмі нізкі, у параўнанні з скандынаўскімі краінамі, узровень даверу не толькі да дзяржаўных інстытутаў, але і паміж людзмі. Ён і не можа быць высокім у расколатым грамадстве, пазбаўленым ініцыятывы. Такое грамадства не ў стане быць суб'ектам дзеяння, уплываць на працэсы ў краіне. І гэта адкрывае шлях для таго, каб дзяржава дзейнічала найперш у інтарэсах групы людзей, якія стаяць за ёй. У тым ліку — у інтарэсах «прыдворных» бізнэсоўцаў.
 
 
Таму кансалідаваная пазіцыя беларускай дэлегацыі ў Стакгольме палягала ў тым, каб галоўнай умовай будучай «глабальнай дамовы» была дэмакратызацыя на нацыяльньным узроўні.  

Каментаваць