Дзень Волі: план і разлік

Да Дня Волі засталося менш за тыдзень. Сёння арганізатары распавялі пра свой план мерапрыемстваў, і пра тое, што яны збіраюцца рабіць з шэсцем і мітынгам



Фота brest-by.livejournal.com


Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сёлетні Дзень Волі святкуецца з размахам дзяржаўнага свята. Адзін "круглы стол", прысвечаны Дню Волі і ідэалам БНР на мінулым тыдні ў рэдакцыі НЧ. Другі праходзіць сёння ў рэдакцыі газеты "Народная воля". Трэці плануецца таксама на гэтым тыдні, дзе і калі — арганізатары яшчэ вырашаюць.

22 сакавіка ў офісе Партыі БНФ адкрыецца мастацкая выстава суполкі "Пагоня", прысвечаная 95-годдзю БНР. 23 сакавіка ў сядзібе БНФ пройдзе навуковая канферэнцыя, прысвечаная паўстання Кастуся Каліноўскага. 24 сакавіка, як вядома — шэсце і мітынг.

Вось з гэтым у арганізатараў мерапрыемства шмат пытанняў, якія яны плануюць вырашыць на месцы. Мінгарвыканкам дазволіў удзельнікам святкавання Дня Волі збор а 12 гадзіне каля кінатэатра "Кастрычнік" у Мінску. Першапачаткова арганізатары планавалі збор на пляцоўцы каля цэнтральнага ўваходу ў Батанічны сад. Каб не было блытаніны, каля саду будзе стаяць стэнд з папярэджаннем аб тым, што збор перанесены да "Кастрычнік". Магчыма, там жа будзе група арганізатараў, якія будуць накіроўваць людзей да "Кастрычніка".

Акрамя таго, па словах намесніка старшыні "Рух" За свабоду "Юрася Губарэвіча, на пляцоўцы каля "Кастрычніка"вядуцца рамонтныя работы. Таму ён заклікаў удзельнікаў мерапрыемства быць пільнымі і ўважлівымі, адзначыўшы, што арганізатары зрабілі ўсё для таго, каб людзям небяспекі не было. У небяспеку людзей паставіў Мінгарвыканкам.

Той жа Мінгарвыканкам вельмі хітра сфармуляваў дазвол на шэсце ад кінатэатра "Кастрычнік" да парку Дружбы народаў. Паколькі арганізатары падавалі заяўку на шэсце, а не на "дэманстрацыю", то сталічныя ўлады забаранілі падчас шэсця лозунгі, расцяжкі, транспаранты і банеры. Як паведаміў Губарэвіч, арганізатары параіліся з юрыстамі і вырашылі, што гэта патрабаванне не распаўсюджваецца на сцягі, паветраныя шарыкі і іншую нацыянальную сімволіку, а асабліва прымацаваную да адзення. Таксама гэта патрабаванне не павінна распаўсюджвацца і на нацыянальныя касцюмы. Прадстаўнік "Еўрапейскай Беларусі" Віктар Івашкевіч, каб пазбегнуць эксцэсаў і асабліва асцярожным грамадзянам парэкамендаваў прынесці з сабой сцягі, і звяртаць увагу на арганізатараў.

"Калі арганізатары разгарнулі сцягі, і іх не пацягнулі ў "варанок", вы можаце рабіць тое ж самае", — сказаў Івашкевіч.

Шэсце павінна пачацца ў 12.30 і прайсці па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да 14 гадзін.

Мітынг у парку Дружбы народаў запланаваў з 14 да 15 гадзін. Івашкевіч папярэдзіў, што, магчыма, праход на яго будзе ажыццяўляцца праз міліцэйскія турнікеты і металашукальнікі. Апроч таго, на мітынгу не будзе гукаўзмацняльнай апаратуры.

"Мы не бачым сэнсу ў тым, каб везці з сабой апаратуру. Па-першае, мы яе не пранясём праз міліцыю, па-другое, адну такую апаратуру ў нас канфіскавалі ў мінулым годзе і не аддалі да гэтага часу. Таму, зыходзячы з пытання мэтазгоднасці, мы вырашылі не дарыць апаратуру міліцыі, і не прарываць міліцэйскія кардоны, каб яе пранесці", — сказаў Івашкевіч.

Лідар Аб'яднанай грамадзянская партыі Анатоль Лябедзька пажартаваў, што Дзень Волі такім чынам ператвараецца ў цудоўную магчымасць для апазіцыі абраць адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. "Той, хто "завядзе" удзельнікаў мітынга і без мегафонаў, можа быць і адзіным", — усміхаўся ён.

Арганізатары адзначылі, што мітынгі шэсце ўляціць ім ў капейчыну. Гэта выклікана неабходнасцю для правядзення мерапрыемства заключэнне дагавораў з міліцыяй, "хуткай дапамогай", арганізацыямі азелянення і уборкай смецця. Таму пад час акцыі будзе арганізаваны збор сродкаў для пагашэння гэтых выдаткаў. Яшчэ адзін збор сродкаў будзе арганізаваны для дапамогі палітвязням і іх сем'ям. Такім чынам, кожны мае распарадзіцца грашыма, як ён пажадае.

24 сакавіка не будзе запланаванага ўрачыстага вечара і канцэрту ў ДК МТЗ — кіраўніцтва ДК і Мінгарвыканкам не далі на яго дазволу.

У сам Дзень Волі, 25 сакавіка, сябры аргкамітэту плануюць ускласці кветкі да помнікаў Янку Купалу. Максіму Багдановічу і Якубу Коласу ў 11 гадзін. А 15-й гадзіне ў офісе Партыі БНФ пройдзе выніковая канферэнцыя пра ідэалы БНР і сучаснасць — па выніках трох папярэдніх канферэнцый у рэдакцыях газет.

Па словах арганізатараў, 24 сакавіка чакаецца "ясная сонечнае надвор'е без ападкаў". Так што яны разлічваюць, што людзі адарвуць сябе ад канапаў і прыйдуць на свята.

Каментаваць