Дзённік палітычнага закладніка

Лідар Аб’яднаанй грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька стаў пісьменнікам. Ягоная кніга «108 дзён і начэй у засценках КДБ» ужо была прэзентаваная для замежных чытачоў і палітыкаў. А 9 снежня беларуская версія кнігі была прэзентаваная ў офісе Партыі БНФ.



Вокладка кнігі Анатоля Лябедзькі


Кніга выдадзеная ў серыі «Бібліятэка «Свабоды», і гэта ўжо 43 кніга ў бібліятэчцы радыё «Свабода». На апісанне 108 дзён і таго, што гэтаму папярэднічала і чым скончылася, пайшло больш за 400 кніжных старонак. І адразу ж гэты твор быў намінаваны на прэмію Францішка Аляхновіча, заставаную «Радыё «Свабода» і Беларускім ПЭН-Цэнтрам адмыслова для кніг, напісаных у зняволенні.

Сам Анатоль Лябедзька прызнаецца: кніга стала для яго нечаканасцю, — у тым сэнсе, што першапачаткова пра яе ён і не думаў. «Калі мяне везлі ў «амерыканку», калі я сядзеў у камеры, я думаў, што я ўжо ўсё прайшоў, і здзівіць мяне нічым немагчыма. Вядучы першыя зацемкі, я думаў, што ну тры, пяць, дзесяць сутак я пасяжу, і напішу чарговы артыкул у «Народную волю». Аднак не думаў, што гэта зойме аж 108 дзён», — сказаў палітык-пісьменнік.

У прадмове да кнігі Лябедзька тлумачыць: «Чацвертая частка тэксту была напісаная непасрэдна ў камерах СІЗА. Мне ўдалося вынесці запісы, распіхаўшы аркушы дзённіка па капэртах з лістамі. Астатняе давялося аднаўляць з памяці, паводле ўласных лістоў, якія былі адпраўленыя з «Амерыканкі» і дайшлі да адрасата. Таму загадзя выбачаюся за магчымыя недакладнасці ў дэталях».

«Яна атрымалася такой, як яна пісалася. Канешне, потым можна было ўнесці нейкія карэктывы, дабавіць туды чырвона-крывавага колеру, ці наадварот, нешта падштукатурыць. Я на гэта не пайшоў. Атрымалася тое, што атрымалася. Гэта быў мой позірк, маі эмоцыі, гэта было менавіта там, і менавіта тады», — кажа аб творы аўтар.

Дык чаму ж Анатоль Лябедзька стаў пісьменнікам? Па словах самога Лябедзькі, у кніге ёсць шмат рэчаў, якія варта пачытаць кожнаму, хто займаецца ў Беларусі палітычнай дзейнасцю. «Я ўпершыню сутыкнуўся з псіхалагічнымі прыёмамі, якія адточваліся, пэўна, не адно дзесяцігоддзе», — прызнаецца палітык.

Але не толькі для беларусаў гэтая кніга. «Я зразумеў, чаму трэба было напісаць гэтую кнігу з аднім выдаўцом-літоўцам. Ён праглядзеў мой рукапіс і заявіў: «Анатоль, я вельмі хачу выдаць гэтую кнігу на літоўскай мове. Майму сыну 20 гадоў. Але ён ужо не ведае пра гэта. І ягоныя сябры не ведаюць пра тое, што адбываецца побач. Яны не ведаюць, што такое савецкая сістэма і савецкія турмы», — распавёў Лябедзька.

Замежныя чытачы высока ацанілі твор. Еўракамісар Штэфан Фюле, па словах Лябедзькі, сказаў аўтару, шт гэтая кніга — «самая лепшая прамова пра беларускіх палітычных вязняў», і гэта правільная і патрэбная рэч для таго, каб еўрапейцы разумелі, што такое савецкая турма. Прадмову да беларускага выдання напісаў Крыстафер Сміт, дэпутат Кангрэса ЗША. Пэўна, і беларускія чытачы ацэняць не толькі карыснасць, але і нейкую шчырасць гэтай кнігі.

«Канешне, самы шчаслівы дзень — гэта вызваленне. Але першае, з чым сутыкаецца вязень «амерыканкі», гэта адсутнасць усялякай інфармацыі. Поўная адсутнасць інфармацыі, калі вы не ведаеце, што робіцца з тваімі роднымі і блізкімі. Калі я атрымаў першую вестку з ьтаго, шт я называю «Вялікай зямлёй», а гэта былі тры радкі, напісаныя рукой майго сына, якому ўжо 28 год, я адчуў сябе шалёна шчаслівым чалавекам. Так я быў шчаслівы толькі адзін раз у жыцці — калі ў дзяцінстве мне на дзень народзінаў мае бацькі падарылі мяккага плюшавага мядзведзя», — спавядаецца Лябедзька.

Тым не менш, пры ўсім тым у прадмове Анатоль Лябедзька піша: «Калі б мне давялося паўтарыць усё нанова, я б не вагаўся ні імгнення».

Можа, лепш не трэба?

Каментаваць