Дзіўныя мроі Савета Еўропы

Тэма смяротнага пакарання ў Беларусі, калі і ўзнікае на міжнародным узроўні, дык, падаецца, толькі па інэрцыі, бо еўрапейскія структуры з маральнага і проста з бюрактратычнага пункту гледжання не могуць адысці ад гэтай праблемы.

Ствараецца ўражанне, што ў недалёкім часе нават пры выкананні смяротных выракаў афіцыйны Мінск можа апынуцца ва ўлонні еўрапейскіх структураў.

Савет Еўропы і Беларусь за апошнія гады «наладзілі не проста дыялог, але добрае і актыўнае супрацоўніцтва», — заявіў дырэктар па палітычных пытаннях Савета Еўропы Аляксандр Гесаль, выступаючы 13 снежня ў Мінску на адкрыцці канферэнцыі па праблематыцы смяротнай кары, паведамляе БелаПАН.

Паводле слоў Гесаля, кіраўніцтва СЕ «з вялікай цікавасцю і ўвагай» сочыць за правядзеннем канферэнцыі ў Мінску. «Гэта сапраўды важнае для нас мерапрыемства. Савет Еўропы складаецца з 47 краінаў. Усе краіны Еўропы, за выключэннем Беларусі, уваходзяць у склад арганізацыі. Мы лічым, што з часам, у будучыні, і ваша краіна далучыцца да СЕ, які з'яўляецца вялікай еўрапейскай сям'ёй. А Беларусь еўрапейская краіна. Нам здаецца, што яе месца, безумоўна, у шэрагах нашай арганізацыі», — адзначыў еўрапейскі дзеяч.

Ён заявіў, што пытанне смяротнага пакарання не павінна вырашацца на рэферэндуме: «Пытанні смяротнага пакарання павінны вырашацца ўладамі. Урэшце, парламент і прэзідэнт выбіраюцца ўсенародным галасаваннем, ім даецца частка суверэнітэту, які яны могуць і павінны выкарыстоўваць. Мы спадзяемся на хуткае ўвядзенне мараторыя ў Беларусі».

Спадзявацца не грэх. Пра тое, што пытанне адмены смяротнага пакарання ў Беларусі можа быць вырашанае без рэферэндуму, ужо шмат гадоў таму казаў і Канстытуцыйны суд нашае краіны. І нават некаторыя дэпутаты, у тым ліку і высокарангавыя, Палаты прадстаўнікоў.

Заклікі спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі, ці хаця б увесці мараторый на выкананне расстэльных прысудаў, гучаць з вуснаў еўрапейскіх чыноўнікаў перманентна. Але гэтыя заклікі для беларускага кіраўніцтва, і асабліва для бяззменнага правадыра, — што зайцу стоп-сігнал. Нават ва ўмовах, калі афіцыйны Мінск вельмі зацікаўлены ў наладжванні добрых стасункаў з Захадам ці хаця б у размарозцы гэтых дачыненняў, пытанне смяротнага пакарання для яго застаецца прынцыповым. Нездарма ў Пішчалаўскім замку (СІЗА № 1 МУС Рэспублікі Беларусь на вуліцы Валадарскага ў сталіцы) ад пачатку бягучага года прагучалі ўжо чатыры смяротныя стрэлы (толькі ў лістападзе куляю ў патыліцу былі пакараныя тры чалавекі). Яшчэ адзін асуджаны чакае выканання смяротнага прысуду (а, мо, ужо і не чакае). Гэта своеасаблівы знак і для Захаду — нічога вартага не прапаноўваеце (у плане грошай) — дык атрымайце. 

Зноў гучаць абрыдлыя спасылкі некаторых тутэйшых чыноўнікаў на сумнеўны лістападаўскі «плебісцыт» 1996 года, калі, паводле агучаных старшынёй ЦВК Ярмошынай звестак, за захаванне расстрэлаў выказалася абсалютная большасць тых, хто ўзяў удзел у галасаванні. Хоць ад той падзеі прайшло 20 гадоў, выраслі новыя пакаленні беларусаў.

Ужо шматкроць казалася, што смяротнае пакаранне ў Беларусі — гэта выключна палітычнае пытанне, якое за адну хвіліну ўласнаручна можа вырашыць Лукашэнка. Але ён можа зрабіць гэта толькі ў выпадку, калі адчуе на сабе сапраўдны ціск з боку міжнароднай супольнасці (беларуская дэмакратычная грамадскасць ужо стамілася змагацца супраць смяротных выракаў, хоць і працягвае гэта рабіць) ва ўмовах нарастаючай варажнечы з усходняй суседкай. Для Мінска гэта пытанне чарговага палітычнага гандлю з Еўропаю, дзе смяротнае пакаранне не ўжываецца ўжо багата часу.

Але тут дадаюцца новыя абставіны. Усё больш гучыць галасоў пра вяртанне смяротнага пакарання ў Расіі, гаворка пра вяртанне найвышэйшай меры пакарання (смерць) актыўна вядзецца і ў Турцыі, прэзідэнт якой Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што не выключае такога развіцця падзеяў. Так што еўрапейская супольнасць вымушана цяпер яшчэ звяртаць увагу і на гэтыя дзве краіны, каб не дапусціць вяртання і там да цемрашальства.

Таму цяжка сказаць, ці адмовіцца найбліжэйшым часам ці ў сярэднетэрміновай перспектыве Лукашэнка і ягонае атачэнне ад расстрэлаў сваіх грамадзянаў. А лагодныя заявы еўрачыноўнікаў і прадстаўнікоў Савета Еўропы наконт істотнага паляпшэння стасункаў з афіцыйным Мінскам і нейкага там прагрэсу, пра сотні семінараў, што даюць нейкі плён, выглядаюць, прабачце, крыху езуіцкімі. Хаця, хто яго ведае. Расія, умоўна кажучы, усё больш зацягвае вяроўку на шыі беларускага кіраўніцтва, таму чаму б ні прадаць уласнае жыццё цывілізаванаму свету ўзамен на тое, каб самому не забіраць жыцці іншых суайчыннікаў?

Гэта той гандаль, які не вымагае абсалютна ніякіх высілкаў, апроч эгаістычных супярэчнасцяў аднае асобы. Толькі палітычнае рашэнне і толькі адзін подпіс пад чарговым дакументам, які, паводле шматгадовай тутэйшай практыкі, нават вышэй за законы. Да гэтага мы ўжо прызвычаіліся. Толькі адзін подпіс… 

      

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць