Дзяржава прыватных дамоўленасцяў

Наладжванне адносін унутры кіроўных эліт на прыватнай аснове блакуе развіццё эканомікі, грамадства і дзяржавы.

19 студзеня міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі заявіў пра адмову ў рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). Калі мне памяць не здраджвае — гэта ўжо чацвёртая адмова. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што і не апошняя. Сталасць — паказчык класа, дык паспрабуем вылучыць з класа міністра максімальную колькасць азбукавых паліталагічных ісцін.

Наладжванне адносін унутры кіроўных эліт на прыватнай аснове блакуе развіццё эканомікі, грамадства і дзяржавы.

19 студзеня міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі заявіў пра адмову ў рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). Калі мне памяць не здраджвае — гэта ўжо чацвёртая адмова. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што і не апошняя. Сталасць — паказчык класа, дык паспрабуем вылучыць з класа міністра максімальную колькасць азбукавых паліталагічных ісцін.

 Здавалася б, якая справа абывацелю да чарговай адмовы ў рэгістрацыі БХД? Ну, будзе адной партыяй больш, і што? Зарплаты і пенсіі ў Беларусі ад гэтага не павялічацца. Ад адной — напэўна. Але што будзе, калі дадасца не адна і не дзве, а дзясяткі тысяч некамерцыйных арганізацый: ад рэлігійных да палітычных, ад тых, што гуртуюць аматараў акварыумных рыбак, да аб’яднанняў верхаводаў бізнэсу?

Адказ на гэта пытанне можна знайсці ў інтэрнэце. У 2006 годзе ў свеце налічвалася 28 краін з прыбыткам на душу насельніцтва, які перавышае 20 тысяч долараў. На кожны мільён жыхароў у гэтых краінах прыходзілася 63,6 арганізацыі бізнэсу. У краінах з прыбыткам ад 0,3 да 2 тысяч долараў адпаведны паказчык апынуўся ў 23 разы ніжэйшым!

За каментарам звернемся да футуролага Фрэнсіса Фукуямы: “Здаровая капіталістычная эканоміка — гэта эканоміка, у рамках якой грамадства мае колькасць сацыяльнага капіталу, дастатковую для таго, каб дазволіць самаарганізацыю бізнэсу, карпарацый, сеткавых структур і інш.

Эканамічная дзейнасць — гэта, найперш, людзі, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Сацыяльны капітал характарызуе здольнасць грамадства да самаарганізацыі і сумесных дзеянняў. Яго ўнёсак у эканамічны рост, як паказваюць сучасныя даследаванні, вышэй унёску фізічнага капіталу. Таму колькі інвестыцый ні прыцягвай у краіну з нізкім узроўнем сацыяльнага капіталу, жаданай аддачы не атрымаеш.

Але вернемся да статыстыкі. У 1997 годзе (больш свежымі дадзенымі я не валодаю) у ЗША на 160 жыхароў прыходзілася адна некамерцыйная арганізацыя і адна бізнэс-арганізацыя на 13 чалавек (17 мільёнаў індывідуальных прадпрымальнікаў, 4,7 мільёна карпарацый і 1,7 мільёна партнёрстваў). Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што ЗША па аб’ёме ВУП з’яўляюцца сусветным лідарам!

Выдатнае адкрыццё

Той, хто мяркуе, што з праблемамі рэгістрацыі палітычных партый сутыкаюцца ў нас выключна апазіцыянеры, — памыляецца. Возьмем гаротнікаў з “Белай Русі. Ужо які год яны вуснамі сваіх кіраўнікоў заяўляюць пра гатоўнасць ператварыцца ў партыю. Заяўляць вось заяўляюць, а перавесці сваю гатоўнасць у практычную плоскасць у іх ніяк не атрымліваецца. Прычыну фіяска нядаўна раскрыў старшыня Савета Федэрацыі Анатоль Рубінаў у інтэрв’ю каналу “РТР-Беларусь: “Вось тое, што сказаў прэзідэнт. І ён, я лічу, абсалютна мае рацыю. Ён сказаў: “Мне партыя не патрэбна як прэзідэнту. Я не хачу.

Выдатнае адкрыццё. Запомнім яго і рушым далей. У трыццатцы самых багатых краін толькі чатыры не з’яўляюцца дэмакратычнымі: Бруней, Катар, Кувейт і ААЭ. Няцяжка здагадацца, што багацце чацвёркі заснавана на нафце і… малой колькасці насельніцтва (інакш на ўсіх не хопіць, колькі нафты не пампуй).

Якое галоўнае адрозненне астатніх 26 дзяржаў? Для пошуку правільнага адказу нам давядзецца ўвесці новы тып класіфікацыі, падзяліўшы ўсе краіны на дзяржавы закрытага доступу (ДЗД) і дзяржавы адкрытага доступу (ДАД).

У першым тыпе дзяржаў сацыяльныя ліфты максімальна заблакаваныя, што дазваляе элітам здабываць рэнту са свайго манапольнага становішча. “Стварэнне рэнты праз абмежаваны доступ, — піша нобелеўскі лаўрэат Дуглас Норд, — служыць тым “клеем, што ўтрымлівае кааліцыі разам. Кааліцыі эліт — гэта своеасаблівыя “гурткі па інтарэсах, і таму любую дзяржаву можна разглядаць у якасці кааліцыі кааліцый. Гэту думку даволі вобразна выказаў нядаўна эканаміст Міхаіл Хазін: “Мой тата мне яшчэ ў дзяцінстве казаў фразу, сэнс якой я тады не разумеў: “Да ўлады рвуцца бандай! А “банду (дакладней, свой клан, групу ўплыву) трэба карміць, інакш яна ў крытычны момант можа прадаць і перайсці да іншага палітыка. Вялікая частка адваяваных у палітычных баталіях рэсурсаў ідзе менавіта на падтрыманне, кармленне і пашырэнне сваёй банды, а не на спажыванне самога палітыка.

153-е месца з 179

Кааліцыі (арганізацыі) бываюць двух тыпаў. Удзельнікі партнёрскіх кааліцый дамаўляюцца паміж сабой без умяшання трэцяга боку, таму кааперацыя ў такіх кааліцыях патрабуе высокага ўзроўню супадзення інтарэсаў. У кантрактных кааліцыях узгадненне інтарэсаў можа адбывацца за кошт знешняга прымусу, напрыклад, суду.

Паколькі пануючыя кааліцыі ў любой ДЗД з’яўляюцца партнёрскімі, мір сярод эліт ёсць функцыяй балансу інтарэсаў, якія ўзнікаюць падчас дзяльбы рэнты. Гаворку пры гэтым варта весці пра падвойны баланс: палітычныя інтарэсы чальцоў кааліцыі павінны ўраўнаважвацца эканамічнымі інтарэсамі. Валоданне ўладай унутры кааліцыі — гэта найважнейшы элемент эканамічнага поспеху, а размеркаванне эканамічных прывілеяў служыць ключом да стварэння стымулаў для стабільных адносін унутры кааліцыі.

Адносіны ўнутры кааліцый у ДЗД выбудоўваюцца па тыпу патрон–кліент, г.зн. на прыватнай аснове. Растлумачу на прыкладзе. Пуцін кіруе Расіяй па тэхналогіі, адпрацаванай яшчэ ў часы Кіеўскай Русі. Ён размяркоўвае эканамічныя прывілеі, галоўным з якіх з’яўляецца доступ да “трубы. У часы яго цёзкі князя Уладзіміра Чырвонага Сонейка ролю “трубы адыгрываў шлях з вараг у грэкі. Кіеў на гэтым шляху з’яўляўся своеасаблівай засаўкай, таму кіеўскі княжацкі пасад і быў галоўным у дзяржаве, чыя эліта свае асноўныя прыбыткі атрымлівала ў выглядзе транзітнай рэнты.

Прыгледзімся да галоўных бенефіцыяраў ДЗД з ганарлівым імем Расія. Гэта былыя калегі Пуціна па КДБ, піцерскай мэрыі і чальцы кааператыва “Возера, у якім у свой час быў і Пуцін. Арганізаваць землеадвод для кааператыва дапамог кіраўнік Прыазёрскага раёна Віктар Зубкоў, які пасля дарос да пасады старшыні ўраду.

Але вернемся да Дугласа Норта: “Абмяжоўваючы доступ да прывілеяў толькі чальцамі пануючай кааліцыі, эліты ствараюць надзейныя стымулы супрацоўнічаць, а не змагацца адзін з адным… Такая палітычная сістэма маніпулюе эканамічнай сістэмай для стварэння рэнты, якая затым забяспечвае палітычны парадак. Галоўная пагроза для ДЗД — кааліцыі (арганізацыі), якія ўзнікаюць па-за пануючымі кааліцыямі (арганізацыямі). У гэтым сэнсе дзеянні міністра юстыцыі варта прызнаць рацыянальнымі. Яны цалкам укладваюцца ў логіку закрытага доступу. Прамым следствам гэтай логікі з’яўляецца 53-е месца Беларусі сярод 179 краін свету ў рэйтынгу эканамічных свабодаў па падліках Heritage Foundation. Тройку ж лідараў узначальваюць Ганконг, Сінгапур і Новая Зеландыя. Усе яны па нашай класіфікацыі належаць да ДАД.

Забарона на “стваральнае разбурэнне

Ідэалогію закрытага доступу ёміста перадае слоган савецкай гандляркі: “Вас шмат, а я адна. Яна — маленькі шрубок сістэмы — тым не менш здабывала сваю частку рэнты з права распараджацца дэфіцытам, размяркоўваючы яго сярод сваіх па ланцужках асабістых сувязяў (блату). Такім чынам, адносіны патрон–кліент, якія дамінуюць у элітах, узнаўляліся на стыку паміж элітамі (уладай) і грамадствам.

У гады перабудовы ва ўмовах распаду наладжаных ланцужкоў асабістых сувязяў запатрабаванне ў іх адчувалася асабліва востра, што і зафіксавалі апытанні НІСЭПД. У снежні 1993 года пры адказе на пытанне “Што часцей за ўсё вядзе да багацця? у лідарах апынуліся адказы: “асабістыя сувязі — 72% і “несумленнасць — 56%. Ва ўмовах палітычнай і эканамічнай стабілізацыі (студзень 2007 года) на першае месца выйшла “праца — 68%, але “асабістыя сувязі захавалі за сабой другое месца — 43%.

Імкненне эліт здабываць рэнту са свайго становішча варта прызнаць універсальным. У гэтым сэнсе ДЗД практычна не адрозніваюцца ад ДАД. Водападзел паміж імі праходзіць па лініі асабістых/безасабовых дамоўленасцяў. У ДАД любому грамадзяніну для стварэння арганізацыі (палітычнай, эканамічнай і да т.п.) не патрабуецца пытаць дазволу чыноўніка адпаведнага ўзроўню. Права кожнага на стварэнне арганізацыі гарантуецца безасабовым законам. Безаблічнасць азначае аднолькавае стаўленне да ўсіх. Безаблічнасць з’яўляецца галоўным гарантам роўнасці.

Толькі ў такіх умовах магчымая рэальная канкурэнцыя ў палітыцы і эканоміцы. Канкурэнцыя і абмяжоўвае апетыты эліт у ДАД, яна ж стварае ўмовы для ўстойлівага эканамічнага росту за кошт “стваральнага разбурэння, які, паводле Іосіфа Шумпетэра, “бесперапынна рэвалюцыянізуе эканамічную структуру знутры, руйнуючы старую структуру і ствараючы новую. Эліты ж ДЗД няздольныя падтрымліваць “стваральнае разбурэнне, таму што стварэнне новых арганізацый пагражае інтарэсам тых, хто абкапаўся вакол ужо існых.

Захаванне сельскагаспадарчай вытворчасці на базе толькі фармальна рэарганізаваных калгасаў — адзін з прыкладаў блакавання механізму “стваральнага разбурэння. Пад такое блакаванне ў Беларусі распрацавана і адпаведная ідэалогія, сутнасць якой выяўляе лозунг: “Мы не далі разрабаваць агульнанародную ўласнасць. Калгасную частку агульнанароднай уласнасці сапраўды атрымалася захаваць, але якім коштам? Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч абвясціў яе 30 студзеня: “Назапашана сістэмных абавязанняў, па дадзеных на 1 студзеня, на 60 трыльёнаў рублёў, у тым ліку пратэрмінаваных — каля 4,5 трыльёна. Нават калі чаканая выручка ў 2012 годзе складзе каля 47–47,5 трыльёна рублёў, трэба паўтара гады працаваць, нічога пры гэтым не набываючы і не выдаткоўваючы.

* * *

Праблема апазіцыянераў, якія з зайздроснай зацятасцю спрабуюць зарэгістраваць БХД, і праблема чыноўнікаў, што імкнуцца пераўтварыць сваю “Белую Русь у палітычную партыю, спароджаны адной і той жа прычынай. Але гэтыя, прыватныя на першы погляд, праблемы штодня адгукаюцца ўсім нам. Леташняя інфляцыя і дэвальвацыя — прамыя наступствы палітыкі, якая здзяйсняецца ва ўмовах закрытага доступу так званымі элітамі, а іншымі ў такіх умовах эліты і не могуць быць.

Каментаваць