Джон Маккейн жорстка раскрытыкаваў новыя Мінскія пагадненні

Уладзімір Пуцін павінен быць вельмі задаволены гэтым пагадненнем, піша старшыня Камітэта па ўзброеных сілах Сенату ЗША Джон Маккейн. 



Пра гэта гаворыцца ў яго заяве, размешчанай на афіцыйным сайце сенатара.

«Пагадненне, дасягнутае ў Мінску, замарожвае канфлікт у момант перавагі сепаратыстаў, умацоўвае заваёвы расійскай агрэсіі і пакідае мяжу Украіны з Расіяй пад жорсткім кантролем Масквы ў чаканні ўсёабдымнага палітычнага ўрэгулявання, змест якога невядомы, а выканальнасць няясная», — адзначае амерыканскі заканадаўца.

Уладзімір Пуцін павінен быць вельмі задаволены гэтым пагадненнем, піша Маккейн. «Змяняючы расстаноўку сілаў на полі бою, ён здолеў навязаць дыскусію аб абмежавальных лініях на тэрыторыі Украіны, а не пра лінію, якая сапраўды мае значэнне — украінскай мяжы, якую ён парушыў», — падкрэсліў старшыня сенацкага камітэта.
 
 
Па словах Маккейна, папярэднія Мінскія дамоўленасці таксама патрабавалі адвесці цяжкія ўзбраенні, але Расія гэтага не выконвала. «Няма ніякіх падстаў лічыць, што вынік будзе адрознівацца і цяпер. Пасля папярэдняй дамовы прарасійскія сепаратысты атакавалі і захапілі аэрапорт Данецка. Я баюся, што пасля цяперашняй дамовы яны будуць атакаваць і захопяць порт Марыупаля», — падкрэсліў сенатар.
 
 
Паводле яго слоў, пагадненні могуць быць паспяховымі толькі тады, калі ўсе бакі сапраўды жадаюць міру. «Але цалкам зразумела, што Уладзімір Пуцін імкнецца да канфлікту», — падкрэсліў Маккейн.
 
 
Ён адзначыў, што працягвае спадзявацца на палітычнае рашэнне, якое верне Украіне яе суверэнную тэрыторыю і права вызначаць уласную палітычную і эканамічную будучыню. І такое рашэнне «ніколі не будзе дасягнута за кошт саступак імперскім амбіцыям Уладзіміра Пуціна».
 
 
Маккейн падкрэсліў, што ў той час, як Пуцін ноччу вёў перамовы пра мір, 50 танкаў, 40 ракетных комплексаў і 40 бронемашын перасеклі ўкраінскую мяжу з боку Расіі.
 
 
«Некаторыя будуць выкарыстоўваць гэтае пагадненне як падставу для затрымкі паставак ва Украіну абарончай (збройнай) дапамогі. Але пакуль Уладзімір Пуцін падчас перамоваў адпраўляе танкі, у гэтым застаецца неабходнасць», — адзначыў амерыканскі сенатар.

Каментаваць