Дзверы ЕС для Беларусі адчынены

Якое месца ў знешняй палітыцы ЕС будзе займаць Беларусь? Наколькі рэальна расійская пагроза для Літвы?  На пытанні НЧ адказалі міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус і сябра Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Арвідас Анушаўскас.



Было б вар’яцтвам выпрабоўваць моц NATO

Вайна ва Украіне, выкраданне эстонскага супрацоўніка спецслужбаў, пастаянныя правакацыі ў паветранай прасторы краін Балтыі — усе гэтыя дзеянні Расіі непакояць яе суседзяў. Але ці рашыцца Пуцін на адкрытую агрэсію супраць краіны — чальца NATO?

Лінас Антанас Лінкявічус

Міністр замежных спраў Літоўскай рэспублікі са снежня 2012 года да сённяшняга дня. Экс-міністр абароны Літвы, кіраўнік прадстаўніцтва Літвы ў NATO (1997–2000), пастаянны прадстаўнік Літвы ў NATO (2005–2011). Надзвычайны і паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі (ліпень-снежань 2012).

«Вар'яцтва, канешне, не мае межаў, але самым вялікім вар'яцтвам было б зараз выпрабоўваць моц NATO, — лічыць міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. — Усё ж такі Літва — сябра ЕС і NATO, у нас іншыя гарантыі бяспекі, мы можам пачувацца больш абароненымі, чым, скажам, Грузія ці Малдова. Але нашы грамадзяне не адчуваюць сябе спакойна, калі бачаць, што адбываецца. А адбываецца тое, што не ўваходзіць ні ў якія рамкі міжнароднага права. Тое, што пасярод Еўропы ў ХХІ стагоддзі вядзецца агрэсія супраць дзяржавы, якая з’яўляецца сябрам Савета бяспекі. А гэта стварае вельмі небяспечны прэцэдэнт. Прэцэдэнт, на які мы (ЕС і NATO) павінны адэкватна рэагаваць. Мы не зрабілі гэта пасля 2008 года ў Грузіі. У выніку зараз бачым акупацыю часткі Грузіі… Магчыма, ёсць разлікі, што і зараз мы адступім ці паслабім ціск. Таму зараз шмат што залежыць ад нашай рэакцыі, ад нашага адзінства. Я думаю, будзе вялікай памылкай зменшыць ціск на Расію. Але гэта не выключана».

«Пагроза расійскай агрэсіі сапраўды існуе, але наколькі яна можа рэалізавацца, гэта ўжо іншае пытанне. І хаця наўпроставай агрэсіі ў бліжэйшы час мы не чакаем, ускосная пагроза існуе, — лічыць Арвідас Анашаўскас, прадстаўнік Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны (КНБА). — Але для гэтага мы і працуем, каб нейтралізоўваць падобныя пагрозы. За апошнія два месяцы ў Літве было прынята некалькі законаў, якія значна ўмацавалі нашу бяспеку. Напрыклад, цяпер ёсць закон, які рэгламентуе дзеянні нашых вайскоўцаў і ўзаемадзеянні іншых службаў на выпадак існавання ўскоснай пагрозы і з’яўлення так званых «зялёных чалавечкаў». Акрамя таго, мы вярнулі тэрміновую службу ў войску. Цяпер хлопцы ва ўзросце 19–26 будуць праходзіць 9-месячную вайсковую службу. Прынята і распрацоўваецца яшчэ шэраг мер, якія дазволяць умацаваць сістэму бяспекі Літвы. Аднак заўважу, што той ваенны патэнцыял, які існуе ў Калінінградскай вобласці, нясе пагрозу не толькі Літве».

Рускамоўныя не будуць разменнай манетай

Тэма дыскрымінацыі рускамоўнага насельніцтва не сыходзіць з абвесткі дня расійскіх СМІ ўжо не першае дзесяцігоддзе, але пасля вайны ва Украіне яна набыла іншае гучанне. Ці магчыма выкарыстанне лозунга абароны рускамоўных для эскалацыі сітуацыі ў Літве?

«Творчы падыход не мае межаў. Аказваецца можна абараняць рускамоўных нават у Крыме, дзе іх большасць, — сумна жартуе Лінас Лінкявічус. — Але ў Літве, думаю няма ўмоў для гэтага, таму што руская нацыянальная меншасць у Літве добра інтэграваная. Усе рускія — грамадзяне Літвы. Думаю, імі вельмі цяжка будзе маніпуляваць. Хаця, канешне, калі пастарацца, магчыма. Асабліва, калі ўлічыць прапаганду, што вядзецца з расійскіх СМІ, і нават непрыхаваную хлусню. Таму нам таксама трэба працаваць. І найперш ствараць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі».

Арвідас Анушаўскас

Сябра Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны (КНБА). Літоўскі гісторык, журналіст, пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч. Даследчык генацыду, тэрору і дзейнасці спецслужбаў. Аўтар 26 кніг. Аўтар сцэнару серыі дакументальных фільмаў пра сакрэтныя архівы ХХ стагоддзя.

З міністрам згодны і прадстаўнік КНБА. «Рускамоўнага насельніцтва ў Літве нямала, але яго інтэграцыя ў грамадства даволі высокая, нават у параўнанні з польскамоўным. Асабліва гэта тычыцца маладога пакалення. Канешне, у Літве ёсць людзі, якія з настальгіяй глядзяць на савецкае мінулае, але яны ёсць і сярод рускіх і сярод літоўцаў. Лічу, што рускамоўнае насельніцтва як разменную манету ва ўмовах Літвы выкарыстаць даволі цяжка. Хаця прадстаўнікі і сакрэтных і дыпламатычных службаў Расіі стала над гэтым працуюць. На іх поўным утрыманні, напрыклад, знаходзіцца частка рускамоўных актывістаў. Вядзецца праца па прасоўванні іх у органы самакіравання, іншыя палітычныя інстытуты. Але будучая стабільнасць ці нестабільнасць сітуацыі ў Літве ад іх не залежыць. Але мы таксама вядзем працу. І, напрыклад, віртуальную спробу ўтварэння так званай Віленскай народнай рэспублікі разглядаем як дэзінтэграцыю дзяржавы і распальванне міжнацыянальнай варожасці, таму пачалі расследаванне», — адзначыў Арвідас Анушаўскас.

Па меркаванні міністра Лінкявічуса, супрацьстаяць пагрозам з боку Расіі, і не толькі ваенным, але і кібернетычным, энергетычным, інфармацыйным, можна толькі пры наяўнасці паслядоўнай, прынцыповай і адзінай пазіцыі краін Еўрасаюза адносна выканання норм міжнароднага права. «У нас няма мэты эскалацыі напружанасці, — падкрэсліў спадар Лінкявічус. — Расія — наш сусед, і мы хочам нармальна з ёй супрацоўнічаць, развіваць культурныя сувязі, гандаль, што выгодна абодвум бакам. І мы заўсёды будзем першымі, хто выступае за нармальныя адносіны з Расіяй. Але гэтыя адносіны павінны будавацца на прынцыпах міжнароднага права».

Пытанне палітвязняў не здымаецца

Як вядома, 29 красавіка Беларусь атрымала афіцыйнае «раўнапраўнае» запрашэнне на саміт Усходняга партнёрства, што адбудзецца ў Рызе 21–21 мая. А на наступны дзень, 30 красавіка, на рахунак Міністэрства фінансаў Беларусі прыйшло 110 мільёнаў долараў доўгачаканага расійскага крэдыту «ў мэтах умацавання сяброўскіх адносін паміж дзвюма дзяржавамі». Якіх яшчэ «сяброўскіх» крокаў чакаць Беларусі? Хто паедзе на Рыжскі саміт? І наколькі Беларусь наблізіцца да Еўропы? Ад адказаў на гэтыя пытанні шмат у чым залежыць бліжэйшая будучыня нашай краіны і рэгіёна ў цэлым.

«У Рызе плануецца падпісанне дамовы пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісію, — адзначае Арвідас Анушаўскас. — Гэта дамова была прапанавана Беларусі яшчэ ў 2011 годзе, але дасюль была без увагі. Так атрымліваецца, што стасункі з ЕС актывізуюцца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Так было перад выбарамі 2010 года, так ёсць зараз. Але пасля выбараў сітуацыя звычайна замарожваецца. Таму нам бы не хацелася, каб гэта паўтарылася. Еўрапейскі саюз, калі Беларусь пойдзе насустрач, не збіраецца зачыняць дзверы. Пакуль мы глядзім на гэтыя геапалітычныя працэсы пазітыўна. Беларусь заняла даволі прагматычную пазіцыю ў адносінах да сітуацыі ва Украіне. ЕС, асабліва пры старшынстве Латвіі, заняў прагматычную пазіцыю ў адносінах да Беларусі. Але, калі глядзець на перспектыву развіцця Беларусі ў напрамку дэмакратыі, то тут спрашчэнне візавага рэжыму не адыгрывае важнай ролі. Самая важная роля належыць самім саміх грамадзян Беларусі, іх жаданню бачыць сваю краіну дэмакратычнай».

ЕС вядзе розныя формы дыялогу з краінамі Усходняй Еўропы. Не апошняе месца займае і праект Усходняга партнёрства. «У праекце Усходняга партнёрства — шэсць краін з рознымі амбіцыямі і падыходамі, і ў гэтым яго хараство. Пасля саміту ў Рызе мы выпрацуем дыферэнцыйны падыход да кожнай краіны, каб было магчыма выкарыстоўваць розныя формы супрацоўніцтва, у залежнасці ад матываванасці і глыбіні адносін, якіх бы хацелі гэтыя краіны. Некаторыя жадаюць уступіць у ЕС, некаторыя — толькі супрацоўнічаць. Мы павінны да кожнай краіны падабраць ключ, каб усе бакі засталіся задаволеныя і быў вынік», — кажа Лінас Лінкявічус.

«Мы заўсёды лічылі, што з Беларуссю трэба весці дыялог. І толькі з дапамогай дыялога можна ўздзейнічаць на партнёра. Але ўсё гэта не здымае традыцыйных пытанняў, у прыватнасці, пытання палітычных зняволеных, — падкрэслівае Міністр замежных спраў Літвы. — Мы не заплюшчваем вочы на тыя моманты, якія заўсёды крытыкуем, але ў той жа час гэта не павінна перашкаджаць дыялогу. Такая склалася сітуацыя. Мы вельмі цэнім пазіцыю Беларусі адносна непрызнання акупацыі Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, адносна непрызнання анексіі Крыма, адносна расійскага эмбарга — гэта тыя моманты, на якія мы павінны звярнуць увагу».

Асноўны прыярытэт — незалежнасць

Ці магчымы ў Беларусі ўкраінскі сцэнар у выпадку, калі наша краіна зробіць сваім прыярытэтам еўрапейскі напрамак? Гэта пытанне, я думаю, задавалі сабе не толькі ўдумлівыя чытачы НЧ, але і беларускія ўлады. А ці магчыма ўвогуле змяненне геапалітычных прыярытэтаў?

Адназначных адказаў на гэтыя пытанні няма. Арвідас Анушаўскас не выключае адмоўнай рэакцыі Расіі на збліжэнне Беларусі з ЕС: «Беларусь — не Украіна, тут у Расіі зусім іншыя пазіцыі і даволі актыўныя, — лічыць прадстаўнік Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне. — Таму асноўная лінія, якой мы будзем прытрымлівацца, гэта — захаванне беларускага суверэнітэту. Гэта і для Беларусі — асноўны прыярытэт. Бо калі пуцінскі рэжым уключыць Беларусь у свой склад на любых умовах, сітуацыя на мяжы з ЕС істотна зменіцца. І мы будзем вымушаны ўмацоўваць свае вайсковыя пазіцыі».

«Мы павінны дабівацца таго, каб вырашала лёс Беларусі не Расія ці хтосьці іншы па ўласных правілах, а каб усё адбывалася на аснове міжнароднае права. Пакуль што аказалася, што недастаткова дзяржаве проста выбраць сваю будучыню і верыць, што гэта права будуць усе паважаць. Свой выбар, аказваецца, яшчэ трэба абараніць. Пасля сітуацыі ва Украіне стала ясна, што мы павінны дапамагчы такім краінам абараніць свой выбар. Мы павінны прымусіць Расію дзейнічаць згодна з прынцыпамі міжнароднага права. Калі мы гэта зможам, украінскага сцэнару ў Беларусі не будзе. А калі мы праявім слабасць, то перадумовы для ўзнікнення такіх сітуацый узнікнуць не толькі ў Беларусі. Ёсць яшчэ, напрыклад, Малдова. Таму, паўтаруся, ЕС павінен праявіць адзінства і цвёрдасць».

Каментаваць