Еўрапейска-беларускія дыфірамбы інвестыцыям

Семінар «Паляпшэнне ўмоў для прыцягнення замежных інвестыцый» стаў пляцоўкай для абмену пазітыўнымі высновамі і выказваннямі пра магчымасці беларускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў дэлегацыі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Шаблонныя фразы наконт прыярытэтнасці еўрапейскага накірунку ды «моста паміж Усходам і Захадам» разляталіся направа і налева. Чыноўнікі красамоўна распісвалі перспектывы, еўрапейцы засяроджана слухалі. Танальнасць мерапрыемства крыху парушыў сваім выступам старшыня грамадскага аб’яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў. Альтэрнатыўныя афіцыйным меркаванні адносна магчымасцяў краіны на фінансавым полі можна было паслухаць у кулуарах.

 

(На фота: Семінар "Паляпшэнне ўмоў для прыцягнення замежных інвестыцый")



Семінар «Паляпшэнне ўмоў для прыцягнення замежных інвестыцый» стаў пляцоўкай для абмену пазітыўнымі высновамі і выказваннямі пра магчымасці беларускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў дэлегацыі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Шаблонныя фразы наконт прыярытэтнасці еўрапейскага накірунку ды «моста паміж Усходам і Захадам» разляталіся направа і налева. Чыноўнікі красамоўна распісвалі перспектывы, еўрапейцы засяроджана слухалі. Танальнасць мерапрыемства крыху парушыў сваім выступам старшыня грамадскага аб’яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў. Альтэрнатыўныя афіцыйным меркаванні адносна магчымасцяў краіны на фінансавым полі можна было паслухаць у кулуарах.

(На фота: Семінар "Паляпшэнне ўмоў для прыцягнення замежных інвестыцый")


Усё цудоўна


«У Беларусі ёсць добры патэнцыял для прыцягнення інвестыцый — гэта стабільная палітычная і эканамічная сітуацыя, з якой трэба мець выгаду», — адзначыў прэзідэнт Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Жуан Суарэш. Па яго словах Беларусь павінна быць гатовая адкрыцца свету, у тым ліку і ў сферы палітыкі, што будзе служыць асноўнай гарантыяй прыцягнення знешніх фундатараў. Роля АБСЕ складаецца ў тым, каб дапамагчы Беларусі пашырыць кантакты як з афіцыйнымі структурамі, так і з няўрадавымі арганізацыямі, падвысіць імідж Беларусі ў свеце, што паслужыць паляпшэнню інвестыцыйнага клімату ў краіне.

Падобны пасыл падчас семінара прагучаў і з вуснаў першага намесніка міністра эканомікі Беларусі Пятра Жабко. «Патэнцыялу ў нас дастаткова, нам трэба яго эфектыўна выкарыстаць. Па хуткасці руху ў гэтым кірунку на сённяшні дзень мы лідзіруем у параўнанні з іншымі краінамі СНД», — упэўнены чыноўнік. Праўда, ён прызнаў, што па аб’ёме прыцягнутых замежных інвестыцый Беларусь усё яшчэ адстае ад большасці краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і што ў чацвёртым квартале 2008 года прыток замежных інвестыцый запаволіўся з 1,9 мільярда долараў у трэцім квартале да 1,3 мільярда. Пры гэтым у апошнія гады аб’ем замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі штогод большаў. У 2008 годзе агульны аб’ём прыцягнутых замежных інвестыцый склаў 6,5 мільярда долараў. Летась прамыя замежныя інвестыцыі склалі 2,28 мільярда долараў, што ў 1,7 разы больш у параўнанні з 2007 годам.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур бадзёра падтрымаў свайго калегу, нагадаўшы пра пэўныя зрухі і палёгкі, зробленыя для бізнесу. У прыватнасці, увядзенне заяўнага прынцыпу рэгістрацыі юрыдычнай асобы, палёгкі ў выдачы ліцэнзій, некаторыя змены ў галіне падаткаабкладання. «У нас з сярэдзіны 2007 года было прынята больш за 35 актаў, накіраваных на развіццё малога і сярэдняга бізнесу. На першы квартал гэтага года запланавана 52 мерапрыемствы, якія мусяць лібералізаваць умовы працы бізнесоўцаў», — рапартаваў чыноўнік.

Пасля выступу прадстаўніка галоўнага ўпраўлення Еўрапейскай камісіі па эканамічных пытаннях Лючыі Вінхаса дэ Соўза, які ў дакладзе пра стан малога і дробнага бізнесу ў Еўропе адзначыў, што існуюць праблемы бюракратыі, недахопу кваліфікаваных, выкарыстання новых тэхналогій, а еўрапейскія сярэднія і малыя прадпрыемствы менш прадуктыўныя і праводзяць менш інвестыцый, чым амерыканскія, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур сціпла заўважыў, што «ў нас тыя ж праблемы». Відаць, каб зусім не выглядаць «белымі і пухнатымі» на фоне «праблемных» еўрапейцаў. Паводле інфармацыі Тура, доля малых і сярэдніх прадпрыемстваў складае крыху больш за 40 працэнтаў ад іх агульнай колькасці. На 1 студзеня 2009 года такіх было зарэгістравана 66,5 тысячы, індывідуальных прадпрымальнікаў — 215,6 тысячы.

Альтэрнатыўныя ацэнкі


Выступ Віктара Гарбачова — кіраўніка грамадскага аб’яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» — выклікаў нервовую рэакцыю ў шэрагах афіцыйных асобаў, якія адразу ж спаслаліся на недасведчанасць Гарбачова ў праблеме. У чым жа ён аказаўся недасведчаным? Віктар Гарбачоў заявіў, што «хацелася б, каб слова «лібералізацыя» не было маскіроўкай негатыўных фактаў». Першаснай перашкодай для стабільнай працы, паводле яго слоў, з’яўляецца адсутнасць закона аб малым і сярэднім бізнесе. Гэта адваджвае ад Беларусі інвестараў, бо яны не ўпэўненыя ў заўтрашнім дні.

Таксама ён звярнуў увагу, што не вырашаная праблема найму работнікаў, індывідуальныя прадпрымальнікі не маюць паўнавартасных прадстаўнікоў, якія насамрэч баранілі б іх правы, у дзяржаўных структурах, парламенце. Віктар Гарбачоў прызнаўся ў сваёй любові да еўра, але папрасіў чыноўнікаў паважаць рубель і не прывязваць падатковыя і арэндныя выплаты да замежнай валюты. На заключэнне прадстаўнік прадпрымальніцкай супольнасці нагадаў высокім гасцям пра 14 асуджаных асобаў за ўдзел у леташнім мітынгу прадпрымальнікаў, што варта ўлічваць у сваіх планах на светлае сумеснае еўрапейска-беларускае заўтра.

Прадстаўнік інвестыцыйнай кампаніі «Юнітэр» Даніэль Крутцына адзначыў, што ў Беларусі крызіс з фінансавага боку адчуваецца не моцна, бо ўзровень замежнага крэдытавання краіны быў невысокі, і кампаніям не так тэрмінова, як у Расіі ці Украіне, патрэбна фінансаванне.

Для заходніх інвестараў выгодна набываць актывы прадпрыемстваў, якія з-за цяжкага становішча прадаюцца па заніжаных коштах. «Але і для інвестараў не лепшыя часы, — тлумачыць эксперт. — Частка зарубежных кампаній займаецца рэструктурызацыяй сваіх актываў і прыпыніла экспансію на іншыя рынкі». Сярод галоўных праблем беларускай эканомікі Даніэль Крутцына назваў падзенне коштаў на нафтапрадукты, якія Беларусь экспартавала на Захад, у сувязі са зніжэннем цэнаў на нафту, а таксама канкурэнтаздольнасць і дыверсіфікацыю беларускага экспарту.

Эксперт адзначыў, што на сённяшні момант для еўрапейскіх інвестараў найбольш прывабныя сферы, якія пакуль не моцна закрануў крызіс. Гэта харчовая прамысловасць з добрай рэсурснай базай і неблагой якасцю прадукцыі, страхавы і фінансавы сектар, дзе ёсць патэнцыял для развіцця, гандлёвыя сеткі.

Высновы эксперта


Натуральна, арганізатары семінару звязвалі з мерапрыемствам пазітыўныя спадзяванні, а кіраўніца рабочай групы па Беларусі Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе Ута Цапф назвала яго «шматабяцальным».

Палітолаг Віталь Сіліцкі лічыць, што для рэальнага выніку на семінары не хапала адной асобы. «Добра, што ідзе дыялог і прадстаўнікі ўладаў могуць выслухаць «вашывых блох» у асобе Віктара Гарбачова, — гаворыць эксперт. — Для ўзаемнай адукацыі, разумення, куды варта рухацца, гэта патрэбна. Але галоўны фігурант, які вызначае інвестыцыйны клімат, тут не прысутнічае. У нас дэкрэтнае заканадаўства, усё вырашае прэзідэнт. Абмяркоўваць інвестыцыйны клімат з беларускім парламентам, які фактычна не з’яўляецца суб’ектам заканадаўства, — прыблізна тое ж самае, што абмяркоўваць энергетычную бяспеку з аматарамі кошак. У апошнім выпадку гэта нават больш прадуктыўна, бо кошкі хаця б цёплыя».

Палітолаг падкрэслівае, што ў Беларусі рэалізуецца сацыяльны кантракт, калі дробнаму бізнесу прапануецца заняць нішу ў рэгіёнах, а рэальна прыбытковыя сферы пакідаюцца пад кантролем уладаў.


 

 

 

 

 

Каментаваць