“Еўропа” перадумала

Перамоўная сустрэча прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый і сілавікоў сарвалася ў апошні момант – гатэль “Еўропа адмовіў у арэндзе памяшкання.



Перамоўная сустрэча прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый і сілавікоў сарвалася ў апошні момант – гатэль “Еўропа адмовіў у арэндзе памяшкання.

Шэраг праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі з ініцыятывай правесці перамовы з сілавымі структурамі Беларусі, каб абмяняцца меркаваннямі наконт гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў 8, 14 і 16 лютага, журналістаў, а таксама сітуацыі вакол Саюза палякаў на Беларусі. Перамовы мусілі б спрыяць пошуку шляхоў для нармалізацыі дзейнасці праваахоўных органаў пры забеспячэнні правапарадку падчас правядзення мірных сходаў.

Аднак учора вечарам стала вядома, што гатэль „Еўропа“ не можа выдзеліць памяшканне, у якім і планавалася сустрэча, хаця яно і было аплачана. У адмове гатэля праглядаецца зусім не раптоўная занятасць залі, а жаданне пэўных суб’ектаў захаваць, як гаворыцца, добрую міну пры кепскай гульні. Наўрад ці сілавікі маюць што адказаць (апроч стандартных адгаворак) на сабраныя праваабаронцамі дакументальныя сведчанні парушэння правоў чалавека за апошні месяц.

Раніцай да гатэлю прыйшлі праваабаронцы, ніхто з прадстаўнікоў сілавых ведамстваў не з’явіўся. Для ўдзелу ў перамовах запрашаліся прадстаўнікі МУС Рэспублікі Беларусь, ГУУС Мінгарвыканкама, Рэспубліканскай і Мінскай гарадской пракуратуры, Палка міліцыі спецыяльнага прызначэння, КДБ Рэспублікі Беларусь, Упраўленняў КДБ па Мінску і Мінскай вобласці, Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Гатэль „Еўропа“


Нягледзячы на такі паварот, праваабронцы кажуць, што не адмаўляюцца ад перамоў. “Мы хацелі прапанаваць фармат дыялогу, бо бачылі, што сітуацыя абвастраецца. Апошнія дзеянні праваахоўных органаў падчас масавых мірных сходаў выклікала занепакоенасць грамадскасці і, натуральна, праваабаронцы былі вымушаныя рэагаваць на гэта, – гаворыць прадстаўніца праваабарончага руху, юрыст Алена Танкачова. – Нам падалося, што стандартных заяў было недастаткова. Фармат адкрытай, публічнай размовы з прадстаўнікамі праваахоўных органаў да месца і мусіць быць распачаты. І, хаця перамовы праігнарваны другім бокам, у нас ёсць шэраг пытанняў, якія неабходна пачаць абмяркоўваць, як то вяртанне ў правапрымяняльную практыку прэвентыўных затрыманняў, ілжэсведчанне супрацоўнікаў міліцыі падчас затрыманняў актывістаў і г. д.

Узмацненне апошнім часам ціску на журналістаў недзяржаўных СМІ кіраўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна звязвае з набліжэннем выбарчых палітычных кампаній у Беларусі.

Каментаваць