Экскурс у гісторыю з Рычардам Пайпсам

Няздольнасць выносіць урокі з мінулага з’яўляецца галоўным урокам, які можна з яго вынесці.

У поўнай адпаведнасці з жанрам «азбукі паліталогіі» пачну з чарговага вызначэння, запазычанага з Вікіпедыі: «Кагнітыўны дысананс (ад англійскіх слоў cognitive — «пазнавальны» і dissonance — «адсутнасць гармоніі») — стан індывіда, які характарызуецца сутыкненнем у яго свядомасці супярэчлівых ведаў, перакананняў, установак у паводзінах адносна нейкага аб’екта або з’явы».
 



Не здзіўляюся, што выступы першых асоб дзяржавы ўвесь час генеруюць у чытачоў НЧ адчуванне дэфіцыту ўнутранай гармоніі. Да прыкладу, узгадаю два выказванні адзінага палітыка (АП) на тэму беларускай мадэлі: «Наши основополагающие принципы и наш путь неизменны. Но это не означает, что Беларусь навсегда остается прежней. Изменяется время, и надо смело идти дальше. Мы не должны отстать! Необходим мощный, стремительный рывок вперед. Это касается всех сфер жизнедеятельности государства. И прежде всего фундамента — экономики». «Социально-экономической модели развития белорусского государства быть! Мы от нее ни на йоту, ни на шаг не отступим. Мы шли своим путем. И мы будем им идти».

Такія вось на першы погляд узаемавыключальныя карціны алеем. Але прыгледзімся ўважлівей. Не выключана, што з другога погляду мы зможам хаця б часткова аднавіць унутраную гармонію. Наяўнасць жадання «не отстать» яшчэ не азначае, што Беларусь павінна быць такой жа, як Захад. Рухацца можна і паралельнымі курсамі. Нездарма ж у свой час Ленін марыў «дагнаць і перагнаць».

Тры галоўныя рэчы

Правадыр сусветнага пралетарыяту быў не першым, хто разлічваў на імклівы рывок наперад без змены асноватворных прынцыпаў сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Ён быў не першым і ў доўгім спісе тых, хто не разумеў, што прычынай адставання ад Захаду з’яўляецца менавіта гэта мадэль. Прыгледзімся ж да яе з дапамогай амерыканскага гісторыка Рычарда Пайпса.

«Вотчына» — гэта цэнтральнае паняцце ў яго шматлікіх кнігах па гісторыі Расіі. Для тых, хто абурана спытае: «А прычым тут Расія?» растлумачу, што яшчэ Томас Гобс у «Элементах права» (1640 год) вызначаў два асноўных тыпы кіравання: садружнасць (Commonwealth), арганізаваную па ўзгадненні для абароны ад знешняга ворага, і вотчыну (Dominium), створаную ў выніку заваёвы і падпарадкавання. Тут дарэчы будзе прыгадаць і варагаў, якія будавалі сваю протадзяржаву (Кіеўскую Русь) на вотчынным прынцыпе.

Такой дзяржавай кіруюць як архаічнай сям’ёй. На чале яе бацька (pater familias). Зразумела, што ў такой сям’і не можа быць размежавання паміж палітычнай і эканамічнай сферамі, як не можа быць правоў у дамачадцаў. Вотчынны парадак кіравання не варта блытаць з дэспатычным кіраваннем. Дэспат ушчамляе правы сваіх падданых; вотчынны кіраўнік наогул не прызнае за імі ніякіх правоў.

Князі Кіеўскай Русі кіравалі сваімі княствамі гэтак жа, як і сваімі княжымі дварамі. Палітычную ўладу яны разумелі і здзяйснялі як працяг права ўласнасці. Яны былі адначасова і суверэнамі сваіх княстваў (дзяржаў), і іх уласнікамі.

Я ўжо неаднаразова адзначаў, што сучасная беларуская дзяржава пабудавана па прынцыпе ўнітарнага прадпрыемства (УП) — гэта значыць прадпрыемства з адным уладальнікам. У поўнай адпаведнасці з вотчынным прынцыпам яго адзіны ўладальнік па сумяшчальніцтву з’яўляецца і адзіным палітыкам (АП). Хачу пацвердзіць гэту думку адпаведнай цытатай: «Власть и Президент прежде всего, я уже часто вам об этом говорил, должен контролировать самое главное три вещи: власть — она не приватизируется, собственность и деньги. Это должно быть сосредоточено прежде всего. Ну и потом, я уже говорил, идеология у нас не приватизируется и так далее».

Як тут ні прыгадаць рэферэндум 1996 года, на якім беларусы нібы дружна адмовіліся абіраць кіраўнікоў мясцовых органаў улады. Усё лагічна, якое можа быць самакіраванне ва УП «Беларусь»?

Сузор’е кантралёраў

Аднак вернемся да амерыканскага гісторыка. Расійская імперыя была вотчынай Раманавых. Яна кіравалася пры дапамозе ўладнай «вертыкалі»: амаль не мела бакавых, гарызантальных сувязяў, а ўсе камандныя ніткі яе сыходзіліся на вяршыні, у руках манарха. Такое ўладкаванне перашкаджала супрацоўніцтву паміж міністэрствамі і тым самым усталяванню адзінай звязнай нацыянальнай палітыкі. У адрозненне ад Захаду, у Расіі не было кабінета міністраў і інстытута прэм’ер-міністра. Існавала так званая Рада міністраў, куды таксама ўваходзілі кіраўнікі асобных устаноў і час ад часу прызначаўся старшыня. Аднак гэты орган ніякай уладай не валодаў. Спробы ўвесці ў Расіі кабінет, які б дзейнічаў увесь час, што рабіліся ў 60-х, а затым, зноў, у 80-х гадах, поспеху не прынеслі, паколькі двор асцерагаўся, што такі орган аслабіць яго ўладу.

«У адрозненне ад іншых абсалютных манархій, — пісаў французскі назіральнік у 80-х гадах, — у рускага імператара ніколі не было прэм’ер-міністра. Выпадкова ці наўмысна, каб зберагчы сваю ўладу недатыкальнай і на словах, і на справе, яны ўсе былі прэм’ер-міністрамі». Пагадзіцеся, знаёмая карціна. Ролю двара пры манарху ў Беларусі выконвае Адміністрацыя кіраўніка дзяржавы. Прэм’ер-міністр, праўда, ёсць. Але ён, паводле словаў АП, не палітык, а «голый экономист».

У 1905 годзе з мэтай стварэння адзінага фронту супраць новай Думы манархія пайшла на стварэнне Рады міністраў на чале са старшынёй, але неўзабаве вярнулася да ранейшай практыкі. Міністры рабілі справаздачы непасрэдна цару і ад яго ж атрымлівалі ўсе ўказанні. Гэта непазбежна прыводзіла да сумятні, і цар часта аддаваў няўзгодненыя, а часам і цалкам супярэчлівыя распараджэнні. «Несучы адказнасць выключна перад імператарам — і адказнасць толькі асабістую, — міністры ў сапраўднасці былі простымі сакратарамі ці ледзь не асабістымі слугамі цара». Менавіта гэту сітуацыю меў на ўвазе буйны рускі чыноўнік, калі казаў, што ў Расіі «ёсць ведамствы, але няма ўрада». Такой была плата за раскошу захоўваць вотчынны ўклад у найноўшыя часы.

Міністэрства ўнутраных спраў, мабыць, з’яўлялася адзіным выключэннем з агульнага правіла. У Энцыклапедычным слоўніку Бракгаўза і Ефрона чытаем: «Выбітнае становішча Міністэрства ўнутраных спраў сярод іншых міністэрстваў абумоўліваецца не толькі шматлікімі, разнастайнымі і важнымі яго функцыямі, але і той акалічнасцю, што яно прымусова ажыццяўляе ўсе распара­джэнні ўрада, якога б міністэрства яны ні датычылі».

Ва УП «Беларусь» падобныя функцыі замацаваны за цэлым сузор’ем кантралёраў, але іх колькасць не спарадзіла новай якасці. Прывяду фрагмент з Паслання–2012: «Не удалось нам пока добиться решительного перелома в контрольной деятельности. Число проверок избыточно, по-прежнему они носят не упреждающий, а карательный характер. И самое обидное то, что мы порой проверяем не тех и идем не в те места, куда надо было бы идти».

Выкананне законнасці пры Раманавых, як няцяжка здагадацца, не было моцным бокам паліцэйскага ведамства. «Ніякай абароны, — адзначае Пайпс, — ад органаў бяспекі ў насельніцтва не было, асабліва ў рэгіёнах, дзе паліцыя магла дзейнічаць зусім беспакарана». Улада міністэрства ўнутраных спраў узмацнялася яшчэ і таму, што паліцыя была адзіным сродкам правядзення ў жыццё распараджэнняў іншых міністэрстваў. Калі міністэрства фінансаў асцерагалася бунту падаткаплатнікаў ці ў ваенным міністэрстве паўставалі складанасці з прызывам рэкрутаў, яны вымушаны былі звяртацца па дапамогу да МУС.

Злы лёс мадэрнізацыі

Плацежаздольнасць сялянства — асноўных суб’ектаў расійскай эканомікі (гэтак жа, як і плацежаздольнасць большасці беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў) была нізкай, таму з 1892 года Расія пачала рабіць знешнія пазыкі. Яны былі неабходныя для правядзення індустрыялізацыі. Недахоп уласных сродкаў быў звязаны не толькі з недахопам капіталу, але і з нежаданнем заможных людзей купляць акцыі прамысловых кампаній. Яны аддавалі перавагу ўкладанню сваіх сродкаў у нерухомасць.

Знешнія пазыкі не стасаваліся з вотчыннай прыродай расійскай дзяржавы. Таму натуральна, што абаронцы старажытнага ўкладу выступалі супраць усялякіх мер, закліканых мадэрнізаваць расійскую эканоміку. Яны супраціўляліся правядзенню грашовай рэформы, усталяванню залатога стандарту, пашырэнню сеткі чыгунак.

Аднак былі вельмі важныя дзяржаўныя аргументы, каб ігнараваць адкрыты супраціў індустрыялізацыі, — у Расіі папросту не было іншага выйсця. Дзяржаву мела вострую патрэбу ў капітале, каб збалансаваць бюджэт, пашырыць прыбыткі казны і зменшыць падатковыя абавязанні сялянства. У іншым выпадку краіну чакалі фінансавы крах і, вельмі верагодна, шырокія аграрныя хваляванні. Такім чынам, фінансавыя меркаванні відавочна пераважвалі інтарэсы дзяржаўнай бяспекі і штурхалі Расію на шлях «капіталізму» з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікалі.

Залежнасць Расіі ад замежнага капіталу прывяла да ўзмацнення ціску на ўрад з мэтай прымусіць яго шукаць дамову з грамадствам — г. зн. да лібералізацыі. Укладальнікаў капіталу не прыцягвала палітычная нестабільнасць. Кожны ўнутраны крызіс прыводзіў да падзення курсу расійскіх дзяржаўных аблігацый і змушаў урад плаціць вялікія працэнты. Так патрэбы царскай казны цягнулі Расію ў кірунку, процілеглым таму, да якога імкнулася ідэалогія вотчыннага самадзяржаўя.

Няздольнасць улады знайсці «залатую сярэдзіну» паміж узаемавыключальнымі тэндэнцыямі ўводзіла Расію ў хаос рэвалюцыі. Яна не адмяніла асноватворных прынцыпаў вотчыннага ўкладу — і праз 70 гадоў дзяржава распалася. Сёння непазбежнасць мадэрнізацыі зноў усведамляецца ўладай, і ў чарговы раз яе паспрабуюць ажыццявіць «ни на йоту, ни на шаг не отступив» ад ранейшага курсу.
 

Каментаваць