Экстрэмізм на голым месцы

Насцярожвае больш за ўсё сацыялізацыя экстрэмізму. Што такое «распальванне сацыяльнай варожасці»? Пад яе можна падвесці што заўгодна. Вэрхал у СМІ, што быў распачаты новымі лічбамі ў жыроўках — гэта «дэстабілізацыя сацыяльнай абстаноўкі»...

Нечакана для грамадскасці ў першыя дні сесіі Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс, датычныя экстрэмізму, а Савет рэспублікі ў той жа дзень іх ухваліў.

 

Прадстаўляючы законапраект, старшыня КДБ Валерый Вакульчык растлумачыў, што да гэтага часу Крымінальны кодэкс не ўтрымліваў ніводнай нормы, якая прадугледжвае адказнасць за экстрэмізм. Само вызначэнне экстрэмізму не пераглядалася ў нацыянальным заканадаўстве ўжо каля 10 гадоў. З-за гэтага ў заканадаўстве смешны нонсэнс — арганізацыя можа быць прызнана экстрэмісцкай толькі тады, калі яна афіцыйна зарэгістраваная.

 

Па беларускіх законах, пад вызначэнне экстрэмізму падпадае дзейнасць па гвалтоўнай змене канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, стварэнні перашкодаў працы дзяржорганаў і службовых асоб.

 

Папраўкі ў закон уводзяць адказнасць «за стварэнне экстрэмісцкага фармавання, кіраўніцтва ім або яго структурным падраздзяленнем», за іх фінансаванне. Таксама крымінальная адказнасць уводзіцца за «наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці».

 

Акрамя таго, будзе пашырана адміністрацыйная адказнасць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі «з заклікамі да экстрэмізму». Арт. 17.11 КаАП будзе прадугледжваць адказнасць за тыражаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, у тым ліку не ўключаных у адпаведны рэспубліканскі спіс. Паўнамоцтвы па складанні адпаведных пратаколаў будуць мець не толькі МУС і КДБ, але і органы пракуратуры і мытні.

 

Вакульчык адзначыў, што зараз у Беларусі не выяўлена «экстрэмісцкіх арганізацый», але «была выяўленая і папярэджаная дзейнасць падобных структур, якія мелі ў сваёй дзейнасці прыкметы экстрэмісцкіх фармаванняў». У якасці прыкладу ён прывёў «справу анархістаў» 2011 года, а таксама «папераджальна-прафілактычныя захады ў дачыненні да групоўкі мусульман», якія «распаўсюджвалі радыкальныя рэлігійныя погляды і заклікалі да джыхаду».

 

Прыклады Вакульчыка няўдалыя. «Справу анархістаў» айчынныя і міжнародныя праваабарончыя арганізацый палічылі «прыцягнутай за вушы», прысуды — празмерна жорсткімі, а саміх «анархаў» прызналі палітвязнямі. Што да мусульман, то пазней выявілася, што іх «радыкальныя рэлігійныя погляды» заключаліся ў маленні ў месцы, не прызначаным для гэтага. Да таго, як КДБ «выкрыў салафітаў», гэтых людзей папярэджвалі, што ім трэба (усяго толькі!) зарэгістравацца як рэлігійная суполка. У выніку ўсе прэтэнзіі да мусульманаў звяліся да таго, што яны маліліся не ў культавым будынку, а на летняй тэрасе ў вёсцы Калядзічы пад Мінскам. Пасля яны перабраліся маліцца ў суседнія Смілавічы, дзе ёсць мячэць. Вось і ўвесь «экстрэмізм». А пра «нейтралізацыю радыкальных салафітаў» на падведамаснай тэрыторыі не ведаў нават старшыня сельсавета.

 

Што насцярожвае больш за ўсё — гэта сацыялізацыя экстрэмізму. Што такое «распальванне сацыяльнай варожасці»? Пад яе можна падвесці што заўгодна. Вэрхал у СМІ, што быў распачаты новымі лічбамі ў жыроўках — гэта «дэстабілізацыя сацыяльнай абстаноўкі» ў «сацыяльнай дзяржаве»? А дыскусія з нагоды павышэння пенсійнага ўзросту, калі ўлады абяцалі правесці па гэтым пытанні ледзь не рэферэндум, а ў выніку прынялі рашэнне без яго? Патрабаванне грамадскага абмеркавання патэнцыйна небяспечных аб’ектаў — гэта таксама перашкода дзяржорганам, а значыць, экстрэмізм?

 

А ўжо несанкцыянаваныя пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў супраць указа №222 пад вокнамі сваіх гарвыканкамаў — экстрэмізм на 100%. Бо ІП замінаюць нармальнай працы дзяржустановаў і чыноўнікаў, а таксама распальваюць сацыяльную варожасць у дачыненні да аўтараў указа №222.

 

Праваабаронца і юрыст Алег Волчак лічыць гэтыя навацыі ў заканадаўства «прэвентыўным захадам» улады да незадаволеных. Прычым, гэтым разам «незадаволеныя» — гэта не «адмарозкі-апазіцыянеры», а ўся краіна. «Зараз хваляванні і незадаволенасць людзей могуць узнікнуць у любым месцы, неабавязкова толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. Прычым, у рэгіёнах — больш верагодна. Відавочна, што людзі будуць выходзіць не з лозунгамі «супраць смяротнай кары», альбо «Беларусь — у Еўропу». Людзі будуць пратэставаць супраць збяднення, нізкіх заробкаў, патрабаваць працы. І такім чынам улады іх папярэджваюць — гэта экстрэмізм», — лічыць Волчак.

 

У чымсьці гэтая сітуацыя нагадала яму прэзідэнцкія выбары 2006 года, калі Сцяпан Сухарэнка заявіў, што ўсе, хто будзе на плошчы аспрэчваць вынікі выбараў, будуць лічыцца тэрарыстамі.

 

«Нават калі гэтыя нормы не будуць дзейнічаць, гэта своеасаблівая прафілактыка з заклікам: «Маўчыце, людзі!» — мяркуе Волчак.

 

Аднак, калі ўлады давядуць краіну да сацыяльнага выбуху, гэтыя папраўкі не дапамогуць. Калі чалавеку няма чым карміць сям’ю, яму не цікава, як яго пратэст вызначаецца ў заканадаўстве.

Каментаваць