Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

ЕС і Савет Еўропы заклікаюць Беларусь увесці мараторый на смяротную кару

Еўрасаюз і Савет Еўропы ў чарговы раз заклікалі Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Пра гэта гаворыцца ў іх сумеснай дэкларацыі з нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.

"Савет Еўропы і Еўрасаюз пацвярджаюць сваю рашучую і недвухсэнсоўную пазіцыю супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах і ва ўсіх выпадках, — гаворыцца ў дэкларацыі, тэкст якой распаўсюдзіла прэс-служба Савета ЕС. — Пакаранне смерцю несумяшчальнае з чалавечай годнасцю. Яно ўяўляе сабой абыходжанне, якое з`яўляецца бесчалавечным і прыніжае годнасць, не мае даказанага эфекту стрымлівання і дазваляе судовым памылкам рабіцца незваротнымі і смяротнымі".

Адмена смяротнай кары ў Еўропе ў дэкларацыі называецца "асаблівым дасягненнем" — гэты від пакарання адмянілі ўсе дзяржавы — члены Еўрасаюза і Савета Еўропы.

"Савет Еўропы і Еўрапейскі саюз заклікаюць усе еўрапейскія дзяржавы ратыфікаваць пратаколы да Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, якія забараняюць смяротнае пакаранне, — гаворыцца ў дэкларацыі. — Яны заклікаюць Беларусь — адзіную еўрапейскую краіну, якая ўсё яшчэ ўжывае смяротнае пакаранне, — увесці мараторый у якасці вырашальнага кроку па набліжэнні краіны да агульнаеўрапейскіх прававых стандартаў".

Савет Еўропы і Еўрапейскі саюз таксама зноў заклікалі ўсе краіны, якія па-ранейшаму ўжываюць смяротнае пакаранне, неадкладна ўвесці мараторый у якасці першага кроку на шляху да адмены гэтага віду пакарання і замяніць ўжо вынесеныя смяротныя прысуды на турэмныя тэрміны.

З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіць традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання, арганізаваны беларускімі праваабаронцамі.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў было пакарана больш за 400 чалавек, і толькі адзін з прыгавораных да смяротнага пакарання быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН


Каментаваць