ЕС хоча вярнуць паслоў у Мінск

Дыпламаты Еўрасаюза вядуць перамовы аб вяртанні ў Беларусь амбасадараў краін ЕС. Мяркуецца, што рашэнне будзе прынятае пасля пасяджэння міністраў замежных спраў краін ЕС, якое прызначанае на 23 красавіка.



Дыпламаты Еўрасаюза вядуць перамовы аб вяртанні ў Беларусь амбасадараў краін ЕС. Мяркуецца, што рашэнне будзе прынятае пасля пасяджэння міністраў замежных спраў краін ЕС, якое прызначанае на 23 красавіка.

“Мы цяпер абмяркоўваем магчымасці вяртання паслоў краін Еўрасаюза ў Беларусь. Мы хочам,  каб яны вярнуліся. Без паслоў нам не абысціся. Іх намеснікі — добрыя дыпламаты, але каб пасольства нармальна працавала, то неабходны пасол, прадстаўнік краіны, — заявіў дырэктар аддзела Усходняй Еўропы Міністэрства замежных спраў Славакіі Марыян Якубоцы.

Дыпламат адзначыў, што тэрміны вяртання пакуль не вызначаныя. “Спачатку ў нас была пазіцыя: чым раней вернуцца, тым лепш. Мы адклікалі паслоў на знак салідарнасці з высылкай з Беларусі пасла ЕС Майры Моры і пасла Польшчы Лешака Шарэпкі. Мы хацелі паказаць адзінства нашай палітыкі, — патлумачыў спадар Марыян Якубоцы. — Цяпер дыскусія: вяртацца паслам трэба да 23 красавіка, калі будзе пасяджэнне міністраў замежных спраў краін ЕС, ці пасля. У нас склалася меркаванне, што вяртацца ім трэба пасля. Але на працягу некалькіх дзён. Ёсць, канешне, пытанне, як гэта арганізаваць — усім разам ці не ўсім. Канешне, сваю ролю адыграла і тое, што выпусцілі палітвязняў Дзмітрыя Бандарэнку і Андрэя Саннікава. Нас гэта ўзрадавала і па-чалавечы — людзі не будуць сядзець у турме, а могуць вярнуцца да сваіх сем’яў у нармальнае жыццё. Але гэта толькі пачатак працэсу — трэба, каб усе палітычныя вязні выйшлі на свабоду.

Славацкі дыпламат падкрэсліў, што не менш важнай умовай ёсць рэабілітацыя палітвязнаў у правах, адмена судзімасці.

Дырэктар аддзела Усходняй Еўропы Міністэрства замежных спраў Славакіі Марыян Якубоцы зазначыў, што пакуль не абмяркоўвалася, ці будуць часткова знятыя санкцыі Еўрасаюзам у адказ на крокі беларускіх уладаў. Але сітуацыя будзе адсочвацца. “ЕС жыве у тым ліку і па законах дэмакратыі. Каб ўнесці нейкае пытанне на разгляд чыноўнікаў, то трэба ацэньваць, наколькі яно важнае. Пакуль трэба назіраць за абстаноўкай. Можна ўнесці гэтае пытанне на разгляд, але што мы будзем абмяркоўваць? — патлумачыў славацкі дыпламат.

Разам з тым Марыян Якубоцы лічыць санкцыі эфектыўным інструментам. “Вельмі складана, каб эканамічныя санкцыі былі накіраваныя толькі на рэжым. Для нас важна, каб уплыў гэтых санкцый быў мінімізаваны на простых грамадзян. І такі падыход знайсці няпроста. Наколькі эфектыўныя гэтыя санкцыі? 23 сакавіка была сустрэча міністраў МЗС краін ЕС. А 14 і 15 красавіка на свабоду выйшлі двое палітвязняў. Я бачу ўплыў санкцый, — падкрэсліў дыпламат.

Спадар Якубоцы падкрэсліў, што, хаця ў краіне і змянілася на пачатку красавіка кіраўніцтва, пазіцыя Славакіі ў дачыненні да Беларусі застаецца нязменнай.

— Урад змяніўся, але нашая краіна застаецца ў Еўрасаюзе. І нашы адносіны да таго, што адбываецца ў Беларусі, засталіся ранейшымі. Я не бачу прычынаў іх змяніць, бо ў Беларусі няма пераменаў. Трэба, каб вязні сумлення былі як мага хутчэй вызваленыя з турмаў.

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Славакія ў Беларусі Марыян Серватка  падчас сустрэчы з журналістамі ў Браціславе заўважыў, што дыпламатыя — гэта крыху мастацтва. “Я хачу вярнуцца, бо я пасол у Беларусі, а не тут. Я спадзяюся, што гэта быў кароткі ад’езд, а вяртанне будзе спакойным, — сказаў амбасадар Славакіі ў Беларусі. Ён падкрэслівае, што Славакія і Беларусь — малавядомыя адна адной, таму трэба наладжваць міждзяржаўныя сувязі. “Наш грамадзянін ведае пра Беларусь столькі ж, колькі ваш пра Славакію, — пашкадаваў дыпламат. Ён распавёў, што са свайго боку рабіў крокі насустрач грамадзянам, якія звярталіся ў пасольства па візы. Напрыклад, летась адна траціна візаў, якія выдавала пасольства Славакіі ў Беларусі, былі бясплатнымі.

 

Але цікава, што кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, нягледзячы на саступкі афіцыйнага Мінска, то бок вызваленне двух вязняў сумлення, вельмі крытычна  выказаўся на тэму дыпламатычнага канфлікту паміж Мінскам і Брусэлем.

“Еўрасаюз у свой час сам адклікаў сваіх паслоў, і сёння рэальнасць такая, што не мы просім, а Еўрасаюз просіць нас дазволіць паслам вярнуцца ў Беларусь. І не толькі просіць, а патрабуе і нават пагражае новымі санкцыямі. Наша пазіцыя наконт гэтага вядомая. Мы не з'яўляемся ні ў якой меры прыхільнікамі эскалацыі напружанасці. Наадварот, мы заявілі аб тым, што гатовы да дыялога з Еўрасаюзам на ўсіх узроўнях, але што датычыцца вяртання паслоў, то мы лічым, што яны павінны вярнуцца тады, калі для гэтага будуць адпаведныя ўмовы. А менавіта, калі ў Еўрасаюзе ўсвядомяць памылковасць палітыкі шантажу, дыктату, санкцый у адносінах да Рэспублікі Беларусь і прыйдуць да разумення неабходнасці дыялога з Беларуссю.

Што сёння адбываецца? Сёння выстаўляюцца новыя патрабаванні. Гавораць, што засталося паўтара або два дзясяткі нейкіх палітычна зняволеных, якіх, цытую, "трэба неадкладна вызваліць, неадкладна рэабілітаваць". У гэты спіс уключылі нават радыкальных рэвалюцыянераў-анархістаў, якія закідалі расійскае пасольства бутэлькамі з запальнай сумессю, кактэйлямі Молатава. Паводле інтэрпрэтацыі Еўрасаюза, заўтра гэты спіс можа разрасціся і да 50–60 чалавек. Таму такія патрабаванні — гэта шлях нікуды. Ніякага вызвалення пад націскам не будзе. Ніякай рэабілітацыі па еўрасаюзаўскаму загаду — таксама не будзе. Гэта ўсе павінны добра разумець. Але нават тыя ж самыя адпушчаныя былыя зняволеныя ў сваіх хадайніцтвах чорным па белым напісалі аб прызнанні сваёй віны і аб раскаянні.

 Таму вяртанне паслоў у Беларусь магчыма тады, калі, паўтаруся, у Еўрасаюзе прыйдуць да разумення неабходнасці размовы з Беларуссю аб адмене санкцый, а самі паслы, калі яны маюць намер вярнуцца, будуць гатовы размаўляць не на мове шантажу і пагроз, а на мове дыялога, як таго патрабуюць адпаведныя канвенцыі аб дыпламатычных зносінах, — цытуе словы Уладзіміра Макея БелТА.

Нагадаем, цяпер у спісе палітвязняў Беларусі трынаццаць чалавек. Ёсць канкрэтныя крытэрыі, паводле якіх асуджанага чалавека вызначаюць як палітзняволенага. Звычайна, такую ацэнку даюць праваабаронцы, што адсочваюць спрэчныя справы, а не Еўрасаюз, як пра тое заявіў Уладзімір Макей.

 

Каментаваць