Еўропа: Шэсць працэнтаў прагрэсу

Спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў, намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кент Харстэд не хаваў свайго расчаравання.

Кіраўнікі еўрапейскіх місій назірання расчараваліся ў беларускім "прагрэсе"

Кіраўнікі еўрапейскіх місій назірання расчараваліся ў беларускім "прагрэсе"


Па выніках назірання за нашымі выбарамі ў ППНС ён, найперш адзначыў, што «ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць патэнцыял, каб адпавядаць абавязальніцтвам па дэмакратычнасці выбараў». Пра гэта ён і паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Канешне ж. ён казаў, што ў нейкай ступені прагрэс быў. Але ўсё адно працэс выбараў застаўся агульна кепскім, і краіне шмат чаго трэба зрабіць, каб выбары ўсё ж сталі адпавядаць стандартам АБСЕ.

Спадар Харстэд адзначыў, што ён назірае ўжо за чацвертымі выбарамі ў нас у краіне. І ўсялякі раз спадзяецца, што вось, вось улады выканаюць рэкамендацыі АБСЕ. Але «прагрэс» застаецца на тым жа месцы. Не было зроблена нічога, каб пазбегнуць шматразовага галасавання. У выбарчых камісіях невялікая колькасць прадстаўнікоў апазіцыі. І абмежаваны доступ назіральнікаў да падліку галасоў, што вельмі важна, калі амаль на 100% выбарчыя камісіі складаюцца з прадстаўнікоў улады.

Так, Кент Харстэд адзначыў прагрэс у тым, што ЦВК унесла у свае метадычкі рэкамендацыю па доступу міжнародных назіральнікаў да падліку галасоў. Але, як высветлілася, самі сябры выбарчых камісій тыя метадычкі не чыталі. У выніку, як зазначыў Харстэд, на мінулых прэзідэнцкіх выбарах ён быў расчараваны тым, што 30% замежных назіральнікаў не пабачылі працэс падліку галасоў. На гэтых выбарах не пабачылі той самы працэс 24% назіральнікаў. Вось і ўвесь прагрэс — у шэсць працэнтаў.

Кент Харстэд не хаваў расчаравання

Кент Харстэд не хаваў расчаравання


«Мы расчараваныя. Мы спадзяваліся на больш хуткі прагрэс у гэтым пытанні», — зазначыў Харстэд. І нагадаў, што некаторыя рэкамендацыі АБСЕ, якія не выконвае ўлада, існуюць ужо 16 год. «З 2000 года мы чуем, што прагрэс будзе пасля гэтых выбараў», — адзначыў ён.

Гізэла Вурм

Гізэла Вурм


У тым жа ключы выказаліся і астатнія кіраўнікі місіяў еўрапейскага назірання. Кіраўніца дэлегацыі ПАСЕ Гізэла Вурм адзначыла «добрую арганізаванасць» выбараў, але ў той жа час падкрэсліла «недахопы, звязаныя з падлікам галасоў». Кіраўніца назіральнікаў Парламенцкай асамблеі АБСЕ Івана Добешава задаволеная тым, што «ўпершыню за некалькі дзясяткаў гадоў» у парламенце будуць прадстаўнікі апазіцыі. Аднак зазначыла, што прававыя асновы выбараў не дазваляюць зрабіць грамадзянам асэнсаваны выбар. І не ў малой ступені з-за гэтага людзі да выбараў ставяцца апатычна.

Івана Добешава  

Івана Добешава  


Тана дэ Зулуета, кіраўніца місіі БДІПЧ АБСЕ падзякавала Міністэрству замежных спраў і Цэнтарвыбаркаму за цёплы прыём у краіне. А потым яна абрынулася з крытыкай на дзяржаўную палітыку ў сферы доступу электарату да інфармацыі. Па яе словах, з рэкамендацыямі адносна СМІ ўлады не працавалі ўвогуле. Напрыклад, калі не ўлічваць абавязковы час для выступаў па ТБ і радыё для кандыдатаў у дэпутаты, то выбарам быў адведзены ўсяго 1 працэнт эфірнага часу. І гэта для галоўнай палітычнай кампаніі ў краіне!


Тана дэ Зулуета

Тана дэ Зулуета


Ды й што тычыцца выступаў кандыдатаў — яны ніяк не рэкламаваліся.

А ў дзень выбараў, па яе словах, чатыры апазіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы на кароткі час зведалі блакіроўку. То бок, усё засталося, як раней.

Карацей, кіраўнікі чатырох еўрапейскіх місій назірання, з аднаго боку, падзякавалі ўладам за супрацу. Але кожны з іх дадаў пэўную «лыжку дзёгцю» адносна беларуска выбарчай сістэмы. І атрымалася, што гэтыя «лыжачкі» ператварыліся ў «бочку дзёгцю». А слова «прагрэс», так і засталося адзінай лыжкай мёду у гэтай бочцы.

І на заканчэнне спадар Харстэд падкрэсліў важнасць існавання ў краіне грамадскай і палітычнай прасторы. Па ягоных словах, гэтая прастора павінна быць шырокай і публічнай, палітыкі павінны без перашкодаў сустракацца з выбаршчыкамі, фармаваць палітычную ініцыятыву. Гэта і ёсць месца, дзе становяцца палітыкамі.

А ў Беларусі гэтая прастора вельмі абмежаваная. І нават у дзейсных палітыкаў няма магчымасці наблізіцца да людзей. І, калі людзі не давяраюць нават працэсу выбараў, не кажучы ўжо пра іх вынікі — гэта вельмі кепска для краіны.

Ад гэтай прэс-канферэнцыі застаўся даволі прыкры «асадачак». Нават мінулагодні, пасля прэзідэнцкіх выбараў, выступ еўрапейскіх назіральнікаў перад прэсай быў больш аптымістычны. Але потым Еўропа выказалася, што не прызнае тыя выбары адпавядаючымі стандартам АБСЕ. Што ж будзе гэтым разам?

Чакаць прызнання Палаты прадстаўнікоў у еўрапейскай прасторы, хутчэй за ўсё, не даводзіцца. Нават нягледзячы на трапленне ў яе двух апазіцыянераў. Ізноў сваім «бруталам» ЦВК сапсаваў усе намаганні Міністэрства замежных спраў.


Каментаваць