Фізіку ад хіміка

Каб зразумець і ацаніць уладу (любую), неабходна напачатку разабрацца з механізмам яе фармавання.

Каб зразумець і ацаніць уладу (любую), неабходна напачатку разабрацца з механізмам яе фармавання.

Што ў мяне можа быць агульнага са старшынёй Савета Федэрацыі Анатолем Рубінавым? Пры жаданні, пункты сутыкнення знайсці нескладана. Па-першае, мы скончылі адну школу (СШ №4 у Мінску) і адзін універсітэт (ён — фізічны факультэт БДУ, я — хімічны). Па-другое, я жыву з яго публічных адкрыццяў на грамадска-палітычныя тэмы. Кожны артыкул акадэміка дазваляе мне, дылетанту ад паліталогіі, выкарыстоўваць свой запас азбукавых ведаў для напісання і веерных рассылак уласных крытычных опусаў. Не стаў выключэннем і апублікаваны ў трох нумарах (!) «Советской Белоруссии» артыкул мэтра беларускай навукі і палітыкі «Общество. Власть. Время».

Грамадства

Да сутнасці праблемы Рубінаў падыходзіць адразу ж: «Любое сообщество, как в мире животных, так и в мире людей, требует определенного управления с целью координации своих действий. Если сообщество животных не будет слушаться вожака, оленье стадо не спасется от волков, а волки не добудут пропитания для своих волчат, птичья стая не найдет в небе дорогу домой из жарких стран».

Пры пераходзе ад аленяў, валкоў і птушак да чалавека актуальнасць каардынацыі вырастае шматкроць, і віной таму падзел працы. Але і тут на дапамогу чалавеку прыходзіць «дзяржаўная машына» са сваімі інстытутамі і законамі. «Однако принципы управления в мире животных и мире людей остаются схожими. В обоих случаях сообщество нуждается в лидере и от него во многом зависит, насколько эффективно оно будет функционировать».

Словы з коранем «обществ» згадваюцца ў артыкуле 49 разоў, тым не менш першая частка трыпціха Рубінава, як няцяжка здагадацца з другой цытаты, на гэтым аказваецца вычарпанай, і аўтар рашуча пераходзіць ад грамадства да ўлады, дакладней, да яе персаніфікаванага носьбіта — іншымі словамі, да лідара.

Аднак я прапаную прытармазіць і вярнуцца да праблемы сацыяльнай каардынацыі. Возьмем, да прыкладу, нападаючага «Барселоны» Ліанеля Месі. Цікава, якім чынам ён каардынуе сваю прафесійную дзейнасць на футбольным полі з паўабаронцам Сескам Фабрэгасам? Хто з іх выступае ў ролі важака? Мяне паправяць, што важаком «Барселоны» з’яўляецца трэнер Хасэп Гвардзіёла. Не буду спрачацца, аднак узгадняць перамяшчэнні адзінаццаці футбалістаў на полі ў рэальным часе нават такі выбітны трэнер не ў стане.

А хто каардынуе дзейнасць мільёнаў кітайскіх прадпрымальнікаў? Паводле нобелеўскага лаўрэата Фрыдрыха Хайека, унутры малых груп каардынацыю ажыццяўляюць важакі (кіраўнікі). І ў гэтым сэнсе наш акадэмік мае рацыю, зграя і статак маюць патрэбу ў важаку, аднак калі мы ад малых групаў пяройдзем да вялікага грамадства, дык па ўзроўні эфектыўнасці цэнтралізаваная дзяржава-каардынатар — не супернік спантаннай каардынацыі індывідаў.

Каб патлумачыць апошнюю тэзу, мне давядзецца ўзгадаць пра сваю хімічную адукацыю. 18 грамаў вады ўтрымліваюць 6,02∙1023 малекул (лічба Авагадра). Гэта я дзеля відавочнасці. Зразумела, што не адзін хімік не здольны сінтэзаваць новае злучэнне, расстаўляючы малекулы на патрэбныя месцы. Ён можа толькі стварыць умовы дзеля яго самаўтварэння. «Падобная працэдура, — сцвярджае Хайек, неабходная і дзеля таго, каб выклікаць працэс, які забяспечвае каардынацыю індывідуальных дзеянняў, што выходзіць па-за межы нашага кругагляду».

Футбалісты «Барселоны» на полі па-за межы кругагляду Гвардзіёлы не выходзяць, аднак, быццам хімік у лабараторыі, ён здольны ўплываць на канчатковы вынік, ствараючы ўмовы для самарэалізацыі спартоўцаў. Не больш шанцаў эфектыўна ўплываць на эканоміку і ў «адзінага палітыка» (АП). Спадзяюся, яшчэ свежыя ў памяці яго мінулагадовыя высілкі па стабілізацыі валютнага рынку, і калі б у кастрычніку курсаўтварэнне не аддалі б на водкуп рынкавай стыхіі, дык хто ведае, куды б завялі нас прынцыпы кіравання, якія, на думку Рубінава, падобныя «в мире животных и мире людей».

Улада

Аўтар трыпціху прызнае наяўнасць гістарычнага канфлікту, што склаўся паміж уладай і грамадствам. Але калі мяняецца канфлікт, павінен мяняцца і яго завадатар. Улада ў гэтым выпадку, як і жонка Цэзара, — па-за падазрэннямі, а вось простыя грамадзяне вінаватыя ўжо тым, што хочуць усяго і адразу, а таму ставяць свае прыватныя інтарэсы вышэй дзяржаўных. Інтарэсы ж дзяржавы адпавядаюць інтарэсам грамадства ў цэлым. Тут кола замыкаецца, і мне як няспраў­джанаму хіміку так і не ўдалося зразумець, дзе ж фізік праводзіць мяжу паміж інтарэсамі грамадства і дзяржавы (улады).

Якія мэты дзяржавы? На думку тытулаванага фізіка, «ответ, казалось бы, тривиален — обеспечить своим гражданам хорошие условия жизни, удовлетворение их непрерывно растущих потребностей». Іншымі словамі, сваёй асабістай мэты ў носьбітаў дзяржаўнай улады няма. З пункту погляду азбукі паліталогіі — думка далёка не ардынарная. Яна супярэчыць не толькі маім асабістым уяўленням пра дзяржаву, аднак і ўяўленням усіх вядомых мне сацыяльных мысляроў. Падмацую сказанае цытатай: «У любым грамадстве, дзе адсутнічае поўнае адзінства і існуе плюралізм інтарэсаў, дзяржава — якая заўгодна згаворлівая — не можа мець іншых мэтаў, акрамя ўласных» (Энтані дэ Ясаі, філосаф).

У адной з папярэдніх азбук паліталогіі я адзначаў, што па ступені доступу грамадзян да прыняцца агульназначных рашэнняў вылучаюцца дзяржавы адкрытага і абмежаванага доступу. Рэспубліка Беларусь належыць да другой групы. Для Рубінава патрабаванні да ўлады з боку грамадства — гэта заўсёды патрабаванні натоўпу, рознага кшталту сходаў і мітынгаў. У такіх умовах улада вымушана ўвесь час упірацца, «не желая отдавать свои функции и полномочия народу, т.е. всем и каждому? Или, по ленинскому выражению, «каждой кухарке».

Палітыка — гэта сфера дзейнасці асобаў, «обладающих, кроме знаний и опыта, еще и особыми талантами: интуицией, харизмой, силой характера, умением выделить главное и способностью принять оптимальное решение в сложных обстоятельствах». Карацей, спецыялізацыя працы — гэта аснова цывілізацыі, і таму людзі, «обладающие особыми талантами», (прадстаўнікі палітычнай эліты) не дапускаюць да ўлады асноўную масу насельніцтва для яго ж (насельніцтва) карысці.

Рукі прэч ад харызматыкаў


Шмат з чым, працытаваным вышэй, я згодны. Кухаркі не павінны кіраваць дзяржавай, а для заняткаў палітыкай неабходныя веды, досвед і талент, дый таямнічая харызма яшчэ ні аднаму палітыку не зашкодзіла. Аднак ёсць адзін прынцыповы момант, на які фізік не звярнуў увагу, чым паставіў пад сумнеў усю сваю лагічную канструкцыю. Давядзецца няспраўджанаму хіміку яе дапоўніць.

Дзяля таго, каб ацаніць і зразумець любую ўладу, неабходна перш за ўсё разабрацца з механізмам яе фармавання. Магчымыя два крайніх варыянта: зверху і знізу. Узгадаем савецкую наменклатуру, якая за некалькі дзесяцігоддзяў здзейсніла пераход «ад гераічнага ўзору падзвіжнікаў сусветнай рэвалюцыі (Сталін параўноўваў партыйныя органы з ордэнам мечаносцаў) да дробна-мітуслівых столаначальнікаў розных узроўняў, якія зацікаўленыя ў добрым стаўленні да іх начальства і захаванні сваіх прывілеяў» (Юрый Левада, сацыёлаг).

Вынікам такой дынамікі і стала «найвялікшая катастрофа ХХ стагоддзя», таму што ўлада, якая фармуецца выключна з дробна-мітуслівых столаначальнікаў, апынулася не ў стане знайсці адэкватныя адказы на выклікі часу. Максімум, на што дробна-мітуслівыя былі здольныя, — даваць адпіскі на запыты вышэйшага кіраўніцтва.

Важнай характарыстыкай максімальна цэнтралізаванай улады, што абапіраецца на палітычную паліцыю, якая выведзеная з-пад кантролю закону, суда і парламента, з’яўляецца яе безадказнасць. Мінулы год прадэманстраваў нам гэта асабліва яскрава. Трохзначная інфляцыя, амаль трохкратная дэвальвацыя нацыянальнай валюты — і гэта ва ўмовах спрыяльнай знешняй кан’юнктуры. І хто за гэта адказаў, хто пайшоў у адстаўку?

Калі ж шараговыя грамадзяне праз Народныя сходы, у межах прадугледжанай законам працэдуры, паспрабавалі ацаніць дзейнасць палітычных харызматыкаў, дык былі разагнаныя дужымі хлопцамі ў пагонах і без. І дзейнічалі гэтыя хлопцы ад імя той самай дзяржавы, мэта якой, на думку майго апанента, палягае ў забеспячэнні сваім грамадзянам спрыяльных умоў жыцця.

Ад эліты да клікі

Дзяржавай павінны кіраваць не кухаркі, а эліты (ад фр. elite — лепшыя), гэта значыць найбольш значныя прадстаўнікі грамадства. Аднак і ў гэтым выпадку мы ўпіраемся ў механізм фармавання. Эліты падзяляюцца на адкрытыя і закрытыя. Адкрытую эліту фармуе не эліта. Футбалісты «Барселоны» самі не шукаюць сабе калег па камандзе. Гэтым займаецца трэнер. Варта яму толькі заўважыць, што хтосьці з футбалістаў губляе форму ці дзесьці збоку з’явіўся больш моцны гулец, як ён праводзіць адпаведную ратацыю, што і дазваляе камандзе ўтрымацца ў эліце сусветнага футбола.

Але калі эліта, што аднойчы склалася, замацуе за сабой права самастойна вызначаць свой склад (Палітбюро ЦК КПСС), дык замест развіцця атрымліваецца дэградацыя. Такая эліта са збору лепшых вельмі хутка ператвараецца ў кліку — слова гэта італьянскае і перакладаецца яно як «шайка, банда».

Дзейнасць адкрытай эліты заўсёды публічная, як публічны і механізм адбору. Прэтэндэнты патрапіць у эліту павінны прад’явіць грамадству свае неардынарныя здольнасці (уменне біць па мячу, уменне распрацоўваць і рэалізоўваць сацыяльна значныя праекты) на адкрытым конкурсе і выйсці яго пераможцамі.

У закрытую эліту не выбіраюць, а прызначаюць. Тут патрэбныя асабістыя сувязі і лаяльнасць. Зразумела, што такім чынам сфармаваная эліта новыя высілкі выдаткоўвае на ўтрыманне свайго прывілеяванага становішча. На мове прапаганды гэта называецца «захаваннем стабільнасці». Кожная ж спроба з боку грамадства заклікаць прызначэнцаў да адказнасці разглядаецца як антыдзяржаўная дзейнасць. І гэта сапраўды так. Палітычныя клікі ва ўмовах грамадзянскай адказнасці не здольныя да ўзнаўлення.

 

Каментаваць