Фальсіфікацыя «ў прамысловых маштабах»

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч лічыць, што прайшоўшая кампанія па выбарах ў мясцовыя Саветы, нягледзячы на ўсю яе нязначнасць, была самай горшай кампаніяй за тыя гады, калі ён займаецца назіраннем. А займаецца ён ужо 15 гадоў.


І ўвогуле, па яго словах, ніякія выбары ў Беларусі проста немагчымыя да тых часоў, пакуль не зменіцца нават не выбарчае заканадаўства, а сістэма іх правядзення. І гэтая «нязначная кампанія» якраз і прадэманстравала такую немажлівасць. Асабліва перад маючымі адбыцца парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі.

Кампанію «Праваабаронцы за свабодныя выбары» традыцыйна праводзяць дзве ўплывовыя арганізацыі: Беларускі Хельсінкскі камітэт і «Вясна». У гэтых выбарах яны задзейнічалі 29 доўгатэрміновых назіральнікаў і больш за 100 кароткатэрміновых, у час галасавання. Вынікі назірання не суцяшаюць, нягледзячы нават на ўсе намаганні ўладаў неяк «лібералізаваць» працэдуру. І хібы ёсць амаль ва ўсіх этапах кампаніі.

Выбарчыя камісіі фарміруюцца звыкла — у асноўным, з прадстаўнікоў праўладных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Напрыклад, працэнт траплення праўладных арганізацый у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі складае 97,8%. Ад апазіцыі ў ТВК трапіла толькі 20,6% ад высунутых кандыдатур. У акруговыя камісіі толькі 16,2% вылучаных апазіцыянераў трапілі, куды хацелі. Ва ўчастковыя камісіі, якія непасрэдна займаюцца падлікам бюлетэняў, працэнт траплення нязгодных з «асноўнай лініяй партыі» яшчэ ніжэйшы — 11%. Як выказаўся Лабковіч, выбарчыя камісіі можна назваць яшчэ адной «вертыкаллю ўлады», якая фарміруецца часова для выканання канкрэтнай мэты.


Што тычыцца вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, то працэс праверкі іх дакументаў і сабраных імі подпісаў грамадзян за сваё вылучэнне па-ранейшаму застаецца непразрыстым для назіральнікаў. Прынамсі, 85% назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначылі, што іх да гэтага працэсу не дапусцілі. У выніку сёлета пад час праверкі подпісаў БХД страціла 33% сваіх патэнцыйных вылучэнцаў, кампанія «Гавары праўду» — 39,1%. А найбольшыя страты зазнаў Рух «За Свабоду», у якога «зарэзалі» дзве траціны вылучэнцаў — 71,4%.

Сёлетнія выбары адзначыліся навацыяй: кандыдатам дазволілі пікеты па заяўляльным прынцыпе не ў асобна вылучаных месцах, а ў месцах найбольш масавай наведавальнасці людзьмі. І гэта, хіба, толькі адна рэч, ацэненая назіральнікамі станоўча. І калі ў кампаніі 2014 года толькі 332 кандыдаты ў дэпутаты скарысталіся магчымасцю падаць заяўкі на пікеты, то сёлета такіх было 4951. Яны замовілі 27 тысяч 310 масавых мерапрыемстваў, большасць якіх прайшла без эксцэсаў.

Але нават і тут не абышлося без «лыжачкі дзёгцю». Справа ў тым, што выбарчыя камісіі, па ідэі, павінны інфармаваць выбаршчыкаў пра мерапрыемствы, якія праводзяць кандыдаты ў дэпутаты. І ў 30% выпадкаў яны замоўчвалі інфармацыю пра такія мерапрыемствы з боку апазіцыйных кандыдатаў, паведамляючы, у той жа час, толькі пра мерапрыемствы «кандыдатаў ад улады».

Калі ж надышоў працэс галасавання, Лабковіч зазначыў: напярэдадні яго Лідзія Ярмошына казала, што ён пройдзе «стэрыльна». А насамрэч атрымалася вельмі брудна. Заўважана ўсё, што заўважалася раней, і нешта новае. Людзей прымусова заганялі на выбарчыя ўчасткі прагаласаваць датэрмінова. Традыцыйна гэтым адзначыліся «Нафтан», мінскі студэнцкі гарадок. Горацкая сельгасакадэмія ўжо ў пятніцу мела яўку на выбары ў 97%. Між тым, як кажа юрыст, у Выбарчым кодэксе дакладна прапісана, што датэрміновае галасаванне — гэта не правіла, а выключэнне. І прагаласаваць на ім можна толькі ў выпадку немагчымасці прыйсці на ўчастак у асноўны дзень галасавання.

Лічбы датэрміновага галасавання на прыкладзе выбарчага ўчастка №36 Маскоўскага раёна Мінска


У нас жа атрымліваецца, што выбары ідуць не адзін, асноўны дзень, а, па факце, шэсць дзён запар, у пяць з якіх яшчэ дазволеная агітацыя.

Гэтае шасцідзённае галасаванне — поўнасцю бескантрольнае. Назіральнікі бачылі выпадкі, калі лічбы яўкі выбаршчыкаў браліся проста «са столі». Зразумела, з завышэннем.

Па-ранейшаму бязмежныя парушэнні ў так званым «галасаванні на даму» з вынаснымі скрынямі. Камісіі масава адпраўляюць гэтыя скрыні «ў народ», хоць народ пра гэта і не прасіў (а па законе, павінен папрасіць). Цікавы выпадак на гэты конт адбыўся ў Светлагорску. Там «у народ» пайшлі дзве скрыні — адна з назіральнікам, другая — без. Тая скрыня, што з назіральнікам, абышла 100 чалавек. З іх выявілі жаданне прагаласаваць, і прагаласавалі ўсяго 16. Другая скрыня, без назіральніка, вярнулася праз тры гадзіны і прынесла 200 бюлетэняў.

Пытанне: з якой хуткасцю павінны рухацца сябры выбарчай камісіі, каб за 180 хвілін галасавання «на даму» прагаласавала 200 чалавек?

Праваабаронцы звяртаюць увагу Міністэрства аховы здароўя на Магілёўскую вобласць — там адбылася нейкая эпідэмія, і ёсць асобныя выбарчыя акругі, дзе «на даму» прагаласавала народу больш, чым на выбарчым участку.

І гэтым разам назіральнікі пацвердзілі існаванне «каруселяў» (шматразовага галасавання) з сакрэтным кодам у пашпарце «000-179».

Нягледзячы на настойлівыя патрабаванні ЦВК забяспечыць назіральнікам хаця б мінімальны доступ да працэсу падліку бюлетэняў, у 97% выпадкаў назіральнікі ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» такога доступу не мелі. Камісіі звыкла адсадзілі назіральнікаў падалей ад сталоў, дзе праводзіўся падлік, і закрыліся ад іх сваімі філейнымі часткамі.

Выснова праваабаронцаў зразумелая: выбары не адпавядалі агульнапрынятым у гэтай сферы міжнародным стандартам, і не могуць быць прызнаныя сумленнымі, справядлівымі і транспарэнтнымі. Але больш вялікае здзіўленне і пытанне выклікае тое, навошта спатрэбілася ўсё гэта рабіць у той час, калі на мясцовых выбарах яўка электарату да скрыняў галасавання не з’яўляецца абавязковай, а дэпутата абіраюць простай большасцю галасоў.

Адзінае, што паказалі гэтыя выбары, па азначэнні Лабковіча — тое, што фальсіфікацыя вынікаў галасавання ў Беларусі адбываецца «ў прамысловых маштабах». І пры існуючай практыцы ў Беларусі немагчыма праводзіць ніякія выбары: ані мясцовыя, ані парламенцкія, ані прэзідэнцкія.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць