FEMEN: На акцыю ў Мінск мы прыедзем з падрыхтаваным наборам палітвязня

Украінская феміністка Аляксандра Шаўчэнка распавяла “Еўрарадыё, чаму яны хочуць распрануцца на мінскай плошчы і што падрыхтавалі да магчымых сутак у беларускім СІЗА.

 — Мы даведаліся пра ваша жаданне правесці 19 снежня акцыю ў Мінску. Наколькі сур’ёзныя вашы планы?



Украінская феміністка Аляксандра Шаўчэнка распавяла “Еўрарадыё, чаму яны хочуць распрануцца на мінскай плошчы і што падрыхтавалі да магчымых сутак у беларускім СІЗА.

 — Мы даведаліся пра ваша жаданне правесці 19 снежня акцыю ў Мінску. Наколькі сур’ёзныя вашы планы?

— Мы вельмі хочам прысутнічаць 19 снежня ў Мінску, удзельнічаць у акцыях, якія там будуць праходзіць. Зрабіць сваю акцыю ў нашым фірмовым стылі — топлес. Для таго, каб заявіць, што дэмакратыю, свабоду думкі і свабодалюбства ў Беларусі не задушыш ніякімі сродкамі. Нават калі пасадзяць усіх пратэстоўцаў. Усё адно людзі будуць супраціўляцца рэжыму Лукашэнкі, ніколі не апусцяць рукі і не пакінуць гэтыя высілкі. Мы плануем прыехаць да вас 19 снежня і спадзяемся, што нас не спыняць на мяжы. Магчыма, гэта будзе не дакладна 19-га, а крыху пазней.

— Падчас вашай сустрэчы 12 снежня са Станіславам Шушкевічам, ён, даведаўшыся пра вашы планы, адгаворваў ад гэтай ідэі. Расказаў розных жахаў пра нашу палітычную рэчаіснасць. Гэта не паўплывала на вашы планы?

— Мы і самі добра ўяўляем тое, што адбываецца ў Беларусі. Але гэта нас не спыняе. Наадварот, мы яшчэ больш хацелі б прыехаць і зрабіць акцыю для таго, каб дапамагчы ўсім беларусам вызваліцца ад тыраніі, каб у Беларусі ўсталяваўся дэмакратычны рэжым.

— Апроч таго плаката, які ў вас пастаянна з сабой — ваш топлес, вы прыдумалі слоган для плаката, які будзеце трымаць у руках?

— Падумаем над гэтым яшчэ, але я думаю, што слоган вам спадабаецца. Я нават спадзяюся, што беларусы яго будуць крычаць на сваіх мітынгах і акцыях. І ён стане ключавым слоганам кампаніі супраць Лукашэнкі!

— У Беларусі пасля такой акцыі вы рызыкуеце патрапіць “на суткі. Бераце з сабой у дарогу мінімальны набор палітвязня ці спадзеяцеся, што ўсё неабходнае вам перададуць у камеру беларускія аднадумцы?

— У нас заўсёды з сабой гэты набор палітвязня: зубная шчотка, цёплая вопратка, цёплыя шкарпэткі, кнігі. Гэты набор у нас заўжды з сабой! Але, безумоўна, спадзяемся на тое, што нашы беларускія прыхільнікі, нашы беларускія дзяўчаты дапамогуць. Але ўвогуле, мы спадзяемся, што нам удасца збегчы і не патрапіць у рукі беларускім праваахоўным органам. Мы спадзяемся пазбегнуць пакарання за несанкцыянаваны мітынг — разлічваем на нашу ўдачлівасць. Але калі не, то мы гатовыя адседзець нейкую колькасць сутак!

— На беларускай мяжы неаднаразова заварочвалі ўкраінскіх праваабаронцаў. Ёсць план, як паспяхова даехаць да Мінска?

— Ёсць такі стары ўкраінскі слоган: “Свабоду не спыніць!. Мы разлічваем, што дзяўчат, якія гатовыя распранацца на плошчах для таго, каб на ўвесь свет заявіць, што нейкаму чалавеку ў нейкай краіне патрабуецца свабода, праз усе перашкоды правядзе пуцяводная зорка жадання дапамагчы. Я спадзяюся, што нам удасца зрабіць усё запланаванае. І нам удасца прадэманстраваць нязгоду з рэжымам Лукашэнкі ва ўсёй прыгажосці!

— Можа, вы дамовіцеся з беларускімі палітыкамі, партыямі і рухамі, з Някляевым, да прыкладу, з БНФ, каб скаардынаваць дзеянні на 19 снежня? Яны ў шубах, а вы ў строі Евы...

— Добрая ідэя! Паспрабуем звязацца з гэтымі палітыкамі. Ва Украіне нельга звязвацца з палітыкамі, бо яны ўсё адно вас падмануць, скарыстаюцца вашай актыўнасцю і на гэтым усё супрацоўніцтва скончыцца. Спадзяюся, што ў Беларусі гэта не так. Паглядзім, што можна зрабіць, з кім пазнаёміцца і правесці сумесную акцыю.

 

Каментаваць