ФГС УП: што далей?

У сувязі з тым, што хуткім часам у Вільні пройдзе чарговы саміт Усходняга партнёрства, грамадзянская супольнасць Беларусі занепакоілася тым, што з ёй будзе надалей, пасля саміта. Справа ў тым, што ў краіне працуюць два “еўрапейскія” праекты з удзелам беларускіх НДА: гэта “Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі” і Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. І абодва гэтыя праекты могуць чакаць значныя змены.



Найперш, гэта абумоўлена тым, што праграма Усходняе партнёрства з часу свайго існавання дамаглася нейкіх вынікаў. Нагадаем, што мэтай праграмы было прасоўванне шасці краінаў: Украіны, Беларусі, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджана да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Вынікі можна лічыць надзвычай паспяховымі. Як кажуць, “не прайшло і паўгады”, як Украіна, раней нават не марыўшая пра еўрапейскі вектар свайго развіцця нават пры супердэмакраце Юшчанку, пры “антызаходніку” і “прарасійцы” Януковічы падпісвае Дамову аб асацыяцыі і вольным гандлі з ЕС. Таксама плануецца, што ў Вільні будуць ініцыяваныя дамовы аб асацыяцыі з ЕС Грузіі і Малдовы.

У той жа час, Еўропа ў сілу сваіх праблемаў кшталту эканамічнага і фінансавага крызісу, а таксама занятасці іншымі рэгіёнамі і крызісамі, страчвае сваю цікаўнасць да адносна стабільнай “шасцёркі” ўдзельніц УП. Да таго ж, у шмат якіх еўрапейскіх краінах маюць адбыцца выбары, якія могуць паўплываць на праграму УП. І, канешне ж, будзе прызначаны новы еўракамісар па пытаннях пашырэння ЕС. А ЕС, у свой час, таксама, здаецца, імкнецца адкусіць больш, чым здолее праглынуць.

У сувязі з гэтым беларуская грамадзянская супольнасць справядліва чакае павароту ва Усходнім партнёрстве, прычым, што тычыцца Беларусі — павароту не ў лепшы бок. З-за таго, што нашыя ўлады ніякім чынам не збіраюцца супрацоўнічаць з Еўропай, Беларусь (як, дарэчы, і Азербайджан з Арменіяй) могуць апынуцца “другагатункавымі” ў супрацы з ЕС. “Першыя месцы” зоймуць у праграме Усходняга партнёрства НДА Украіны, Грузіі і Малдовы. Адпаведна, ім будзе больш магчымасцяў, рэсурсаў і ўвагі ў гэтым праекце. А “тройка аўтсайдэраў” застанецца па-за бортам увагі ЕС.

Такім чынам, ЕС можа быць вымушаны ўжываць выбарачны падыход у дачыненні УП у звязку з розным узроўнем гатоўнасці і здольнасці краін УП да збліжэння з ЕС. Гэта асноўная небяспека для беларускай платформы ва УП.

Разглядаюцца і яшчэ іншыя варыянты. Калі ніводная з краін-партнёраў не прасунецца ў шляху да заключэння пагадненняў з ЕС, адпаведна, можа быць прызнана, што як “прапанова суседства” УП не спрацавала, што прывядзе да рэфармавання праграмы.

Такім чынам, сам Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства павінен будзе адаптаваць сваю стратэгію ў дзеяннях. Найперш для таго, каб не дапусціць дыскрымінацыі тых, хто па віне ўладаў сваіх краінаў апынуўся па-за кантэкстам Усходняга партнёрства. Прынамсі, у агульнай дэкларацыі ФГС УП адзначаецца, што Усходняе партнёрства павінна захаваць свой шматбаковы характар, і аднолькава ставіцца да краінаў-партнёраў. Наадварот, тыя краіны УП, якія адсталі ад іншых у імкненні да асацыяцыі з ЕС, павінны атрымаць больш увагі, чым раней.

Як адзначыў прадстаўнік беларускай Нацыянальнай платформы ФГС УП на форуме ў Кішынёве Яраслаў Бекіш, шмат чым ён застаўся незадаволены ў выніку кішынёўскга саміта. Найперш, тым, што на ФГС УП не было прапанавана ніякіх стратэгій, ініцыятыў і пасланняў самому саміту Усходняга партнёрства. “Бачання далейшага развіцця ФГС УП не прадстаўлена, было заяўлена, што мы працуем і гэтак далей”, — адзначыў Бекіш. То бок, магчымых зменаў у сітуацыі рэзалюцыі ФГС УП не ўлічвалі. І ўвогуле, ФГС УП схіліўся ў “праектны”, а не “стратэгічны” напрамак, а таксама, па словах Бекіша, “замэнеджэрыўся”.

А зараз сітуацыя для Беларусі вымагае менавіта каштоўнастнай, стратэгічнай дзейнасці. У той час як для Украіны ўжо настаў “праектны” перыяд — калі ўкраінская грамадзянская супольнасць з дапамогаю ўлады ўжо будзе рабіць канкрэтныя справы  ў прасоўванні інтэграцыі з ЕС.

У прынцыпе, на канстатацыі праблемаў усё магло б і скончыцца, бо арэндадаўцы залі для пасяджэння раптам вырашылі, што ў памяшканні праходзіць нейкае апазіцыйнае мерапрыемства. Мабыць, з-за таго, што большасць выступоўцаў размаўляла па-беларуску. Арганізатарам было прапанавана згарнуць мерапрыемства і перанесці яго ў больш зручнае месца. Але прадстаўнікі НДА з гэтым не пагадзіліся, і ўсё ж пераканалі, што ад апазіцыйнасці тут — хіба што толькі “апазіцыйная” мова. Да таго ж, на канферэнцыі прысутнічалі замежныя амбасадары і прэса. У выніку зала ўсё ж засталася за Нацплатформай, хаця крыві арганізатарам усё ж папсавалі нямала.

Што ж Нацплатформе, і ўсяму Форуму грамадзянскай супольнасці рабіць надалей у новых умовах?

Пэўна, канкрэтных прапановаў тут не існуе. Найперш, усяму ФГС трэба даказаць сваю значнасць і патрэбнасць для праграмы Усходняе партнёрства і для ЕС. Таму ў цэлым ФГС УП зоймецца тым, што ў яго найбольш атрымліваецца. Па-першае, гэта праекты эканамічнай інтэграцыі і збліжэння з заканадаўствам ЕС. Па-другое, гэта тое, у чым “трэці сектар” адчувае сябе ў сваёй талерцы — навакольнае асяроддзе, змены клімату і энергетычная бяспека. Трэцяе — кантакты паміж людзьмі. Ну і чацвёртае — маладзёвая палітыка і адукацыя.

Што ж тычыцца Нацыянальнай платформы ФГС УП, то ў рэзалюцыі пасяджэння было заклікана не пакідаць без увагі тыя краіны, якія засталіся “другаснымі” ў праграме УП. Па меркаванні беларускай Нацплатформы, трэба “зрабіць усё магчымае для таго, каб захаваць і ўзмацніць ролю грамадзянскай супольнасці ў будучай канструкцыі Усходняга партнёрства”. “Мы падкрэсліваем незаменнасць удзелу грамадзянскай супольнасці ў практычнай рэалізацыі рэформ і кантролі за імі Грузіі, Малдове і Украіне. У Азербайджане, Арменіі і Беларусі праз пасіўнасць нацыянальных урадаў толькі пашырэнне ўключэння грамадзянскай супольнасці будзе спрыяць еўрапеізацыі краін і прасоўванні ідэй еўрапейскай інтэграцыі ў грамадстве”, — адзначаецца ў рэзалюцыі.

На жаль, як і адзначыў Улад Вялічка, нацыянальная рэзалюцыя грашыць тым жа, што і агульная рэзалюцыя саміту ФГС УП у Кішынёве: нявызначанасцю сваёй пазіцыі. “Тут у рэзалюцыі мы ўсяго толькі канстатуем, якія ў нас існуюць складанасці і выклікі. Але не кажам пра канкрэтныя рэчы і патрабаванні з боку Нацыянальнай платформы”, — сказаў Вялічка.

Прапанова, дарэчы, у рэзалюцыі была. І вельмі спецыфічная. Удзельнікі канферэнцыі запатрабавалі ад ўладаў Беларусі забяспечыць прадстаўніцтва краіны на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні не ніжэй, чым кіраўніцтва МЗС РБ. Таму што ніжэйшы ўзровень прадстаўніцтва не дазволіць выканаць “задачу-мінімум”, як яе бачаць удзельнікі Нацплатформы: захаваць перспектывы ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве.

Так што “трэці сектар” працягне сваю працу. Канешне, працаваць нават без маральнай падтрымкі дзяржавы, нават без узаемадзеяння з ёй, вельмі складана. Але калі “трэцяму сектару” было ў Беларусі лёгка?

Каментаваць