FIDH і "Вясна" патрабуюць зняцця абвінавачанняў з асуджаных пасля "Чарнобыльскага шляху"

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і закрыты беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна" патрабуюць зняцця абвінавачанняў з шасці чалавек, уключаючы двух журналістаў, аднаго праваабаронцу і аднаго актывіста, асуджаных у сувязі са штогадовай мемарыяльнай акцыяй да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пра гэта гаворыцца ў заяве FIDH ад 30 красавіка.



"Паводле ацэнак праваабарончых арганізацый, якія праводзілі назіранне за дэманстрацыяй, яна прайшла мірна, без эксцэсаў, у поўнай адпаведнасці з вызначаным Мінгарвыканкамам фарматам. Таму я лічу, што затрыманні і далейшыя адміністрацыйныя арышты ўдзельнікаў санкцыянаванага ўладамі мірнага сходу з'яўляюцца поўнасцю незаконным, грубым парушэннем канстытуцыйных правоў. Арышты журналістаў незалежных СМІ пры выкананні імі сваіх прафесійных абавязкаў ярка сведчаць аб рэпрэсіўным стаўленні беларускіх улад да свабоды слова ў краіне", — адзначыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

 

"Гэтыя абвінавачанні і затрыманні з'яўляюцца яўнай спробай падтрымаць атмасферу страху сярод беларускіх грамадзян, якія бралі ўдзел у дазволенай уладамі мірнай дэманстрацыі", — заявіла прэзідэнт FIDH Суэр Белхасен.

 

FIDH і "Вясна" нагадваюць, што 29 красавіка карэспандэнты "Радыё Рацыя" Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч былі асуджаны на трое сутак арышту кожны за "непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі" падчас асвятлення масавага мерапрыемства. Праваабаронца Вячаслаў Дашкевіч, які назіраў за акцыяй, быў прыгавораны да пяці сутак адміністрацыйнага арышту з тым жа абвінавачаннем. Актывіста Ігара Трухановіча прыгаварылі да 10 сутак арышту паводле абвінавачання ва ўдзеле ў незаконным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі. Яшчэ два ўдзельнікі акцыі — Дзмітрый Чарняк і Аляксандр Тарнагурскі — былі прыгавораны да 10 сутак арышту кожны паводле аналагічных абвінавачанняў. Зафіксаваныя таксама некалькі арыштаў напярэдадні, падчас і пасля масавага мерапрыемства.

 

Каментаваць