«Пра спыненне справы даведаліся са СМІ»

Фігуранты «Справы патрыётаў» даведаліся пра спыненне ў дачыненні да іх крымінальнай справы, збольшага, з прэсы. І пакуль дакладна не ведаюць, з якой фармулёўкай яе спынілі. Прынамсі ніякіх папер фігуранты справы пакуль не атрымлівалі. Не вызначыліся яны і з тым, ці будуць дамагацца кампенсацыі за месяцы ў турме.


Пра спыненне крымінальнай справы паведаміў 30 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Магілёве кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч. «27 лістапада прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў справы так званага «Белага легіёну». Мы лічым, што гэтым пастаўлена кропка. Матэрыялы накіраваны пракурору для вывучэння і ацэнкі законнасці прынятага рашэння. Фігуранты пачалі азнаямленне з пастановай аб спыненні крымінальнай справы і яе матэрыяламі», — распавёў Наскевіч.

Асноўны фігурант гэтай справы і «галоўны падазраваны» Міраслаў Лазоўскі адзначае, што ўсё, што ён ведае пра гэта — збольшага ён даведаўся са СМІ.

«Мне вядома, што крымінальны пераслед спынены, справа перададзеная ў пракуратуру. Я пакуль ніякіх папер не атрымліваў — толькі следчы сказаў, што папера мне накіраваная. Пакуль усё, што я ведаю, я ведаю са СМІ» — адзначыў Лазоўскі.


«Спачатку трэба атрымаць паперку. Самае галоўнае, каб юрыдычна падкаваныя людзі, адвакаты, сказалі, што гэта і як. Мне незразумела, што значыць «перададзена ў пракуратуру», спынена крымінальная справа ці спынены крымінальны пераслед... Я ў гэтых юрыдычных нюансах не цямлю, таму, пакуль я з паперкай з адвакатам не сустрэнуся, то проста не магу казаць. Бо я ў гэтым, шчыра кажучы, нічога не разумею. Гэта як запытаць у мяне пра астрафізіку», — кажа Лазоўскі.

Прыкладна тое ж самае адказвае Андрэй Дундукоў. «Наконт «пачалі азнаямленне з матэрыяламі крымінальнай справы» — яшчэ не пачалі. Мне сказалі, што днямі мне павінна прыйсці папера пра тое, што нібыта ў нашых дзеяннях няма складу злачынства. Але я яшчэ нічога не атрымліваў. Трэба сёння вечарам у паштовую скрыню зазірнуць», — гаворыць Дундукоў.


Ці будзе ён дамагацца кампенсацыі ці нейкіх выбачэнняў за арышт і праведзены ў следчым ізалятары час?

«Пакуль усё гэта абдумваецца. Канешне, нейкай кампенсацыі хацелася б, але трэба разумець, што ўсё гэта не так проста зрабіць. Пакуль дакладна сказаць нічога не магу», — кажа Дундукоў.

Андрэй Комлік-Ямацін таксама пакуль не атрымліваў ніякіх афіцыйных папер на гэты конт. «Пакуль нічога не было. Мне сёння патэлефанаваў зранку нейкі дзядзька з Радыё «Свабода», дык ад яго я пра гэта і даведаўся. Парадаваў, бо я нават навіны не глядзеў. Так што мяне вызваліла Радыё «Свабода», — смяецца ён.


Зразумела, і далейшыя свае крокі Комлік-Ямацін яшчэ будзе ўзгадняць з абаронцам. «Трэба размаўляць з адвакатам, што там і як, яна лепш будзе ведаць. Я пакуль не ведаю. Нейкую скаргу на беларускае тэлебачанне (БТ па «справе патрыётаў» зрабіла прапагандысцкі фільм «Белы легіён чорных душаў», — аўт.) будзем падаваць дакладна… Наконт астатняга будзем размаўляць. Я не юрыст, таму не ведаю, як гэта ўсё робіцца», — кажа Комлік-Ямацін.

Нагадаем, 21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў краіне былі затрыманыя некалькі дзясяткаў баевікоў, якія «трэніраваліся ў лагерах са зброяй» у Беларусі і за мяжой, а таксама рыхтавалі правакацыі і масавыя беспарадкі. Затрыманні патрыятычна скіраваных актывістаў пачаліся толькі пасля гэтай заявы.

У выніку па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзілі 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фармаванні.

Сярод затрыманых апынуліся дзеючыя і былыя супрацоўнікі памежных войскаў, Узброеных сіл, МНС і ўнутраных войскаў. У мінулым некаторыя з іх — чальцы спартыўна-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён» (спыніла дзейнасць напачатку 2000-х) і афіцыйнага клуба «Патрыёт» для падлеткаў у Бабруйску. Яшчэ некалькі чалавек — актывісты незарэгістраванага ў Беларусі «Маладога фронту».

Фігуранты «Справы патрыётаў» даведаліся пра спыненне ў дачыненні да іх крымінальнай справы, збольшага, з прэсы. І пакуль дакладна не ведаюць, з якой фармулёўкай яе спынілі. Прынамсі ніякіх папер фігуранты справы пакуль не атрымлівалі. Не вызначыліся яны і з тым, ці будуць дамагацца кампенсацыі за месяцы ў турме.

Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі кадры ператрусаў і выняцця зброі. Эксперты разгледзелі ў гэтай зброі паляўнічыя стрэльбы ці прылады для страйкболу. Газета «СБ. Беларусь Сегодня» пісала, што фігуранты адпрацоўвалі баявыя навыкі, вялі ідэалагічную падрыхтоўку і называлі сваёй мэтай «абарону краіны ад агрэсара».

Удакладнялася, што справа пачалася з ліста нейкай «фраў А.» на імя кіраўінка Беларусі: грамадзянка Германіі з беларускімі каранямі паведаміла аб «правакацыях», якія рыхтаваліся 25 сакавіка ў Мінску.

У чэрвені КДБ спыніў крымінальны пераслед фігурантаў справы па артыкуле «масавыя беспарадкі», а расследаванне пра ўзброенае фармаванне перадалі Следчаму камітэту (дарэчы, гэта першая справа па такім артыкуле ў краіне). Тады ж фігурантаў паступова выпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе і неразгалошванні. З некаторых знялі абвінавачванні зусім. Але расследаванне працягвалася.

Пры гэтым кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык у чэрвені папярэджваў, што «пакуль заўчасна казаць, ці дойдзе да суду справа «Белага легіёну», а старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч абяцаў «на працягу восені» паставіць у ёй кропку.



Каментаваць