Філосаф і палітычная мадэрнізацыя

Філосаф Вячаслаў Оргіш апублікаваў у самай саліднай газеце краіны артыкул-эпапею, нагодай для напісання якой паслужыла модная зараз тэма палітычнай мадэрнізацыі .
 



Адразу прывяду ключавую цытату: “Калі кіроўная эліта хоча паспяхова развіваць альтэрнатыву рэвалюцыйным тэхналогіям барацьбы за ўладу, трэба не толькі стрымліваць іх пранікненне ў краіну. Неабходна мадэрнізаваць беларускую палітычную прастору такім чынам, каб канструктыўная апазіцыя прысутнічала ў ёй як неабходны элемент палітычнай сістэмы.

Вось так. Не больш, але і не менш. І той, хто лічыць, што філосафы не здольныя выкладаць свае думкі даступнай абывацелю мовай, хай першым кіне ў мяне камень.

Чыя капуста на дзяржаўнай градцы?

Паводле класіфікацыі нашага філосафа, беларуская апазіцыя падзяляцца на радыкальную і канструктыўную. Першая прытрымліваецца стратэгіі “барыкаднай барацьбы з палітычным рэжымам. Другая гатовая ўзаемадзейнічаць з кіроўнай элітай шляхам інтэграцыі ў сістэмны палітычны працэс, спадзеючыся, што такім шляхам яна атрымае “магчымасць дамагацца трансфармацыі палітычнай сістэмы знутры, выкарыстоўваючы для гэтага ідэалогію і практыку рэфармізму.

Цікавая дэталь: філосаф, крытыкуючы радыкальную апазіцыю, ні разу не ахарактарызаваў яе дзейнасць як антызаконную і антыканстытуцыйную. Але калі радыкальная апазіцыя ў сваёй дзейнасці не выходзіць за межы канстытуцыйнага поля, дык у чым жа тады выяўляецца радыкалізм айчынных “ястрабаў і “барыкаднікаў (тэрміны і двукоссі В. О.)?

Прамога адказу ў тэксце аб’ёмам у 43,5 тысячы знакаў я не здолеў знайсці, аднак не ўсё так безнадзейна. Як казаў персанаж з армейскага анекдота: “Даю маячок: “Немагчыма ўявіць, што кіроўная эліта пагодзіцца на сістэмнае супрацоўніцтва з сіламі, якія брутальна імкнуцца здзейсніць пераварот у сістэме. Каму хочацца пускаць казла ў агарод?

Пра які агарод гаворка? Пра беларускую дзяржаву, якую наша палітычная эліта прыватызавала і разглядае ў якасці сваёй уласнасці, усіх жа астатніх, якія прад’яўляюць правы на качан капусты з дзяржаўнай градкі, яна ўспрымае як казлоў.

Такі погляд на палітычных апанентаў можна смела разглядаць як антыканстытуцыйны. Здавалася б, тут багата працы для Канстытуцыйнага суда, пракуратуры і арганізацыі, чыя абрэвіятура складаецца з трох літар.

Аднак я не такі наіўны і выдатна разумею, чым дэмакратыя з прыметнікам “імітацыйная адрозніваецца ад проста дэмакратыі. Калі ў проста дэмакратыі змена палітычнай эліты не толькі дапускаецца дэ-юрэ (у гэтым сутнасць любой дэмакратычнай канстытуцыі), але і рэгулярна ажыццяўляецца дэ-факта, то ў імітацыйнай дэмакратыі любая спроба скарыстацца канстытуцыйнымі механізмамі для змены палітычная эліты — цяжкае злачынства.

Пра ролю каналізацыі ў палітыцы

А зараз звернемся да апазіцыі канструктыўнай. Філосаф упэўнены, што словы “канструктыўная і “лаяльная з’яўляюцца сінонімамі. Падмацую сказанае цытатай: “Беларускай кіроўнай эліце, на маю думку, давядзецца развіваць і ўвасабляць у жыццё канцэпцыю канструктыўнай сістэмнай апазіцыі. Прызнанне мэтазгоднасці з’яўлення ў парламенце грамадскіх і палітычных структур, лаяльных да ўлады, — правільны крок у гэтым накірунку.

Такую апазіцыю неабходна берагчы і песціць. Дзеля яе дзейнасці варта ўзворваць глебу ў “сістэмным палітычным полі. Па-першае, гэта адпавядае запытам крытычнай часткі грамадства (нязначнай, на думку філосафа). Па-другое, самім фактам свайго прызнання канструктыўная апазіцыя “натуральным чынам лімітызуе маргінальную дзей­насць непрымірымых палітычных сіл, абмяжуе праявы радыкалізму, накіруе пратэстную энергію, якая ў тым ці іншым аб’ёме прысутнічае ў кожным грамадстве, у рэчышча рэфармісцкай ідэалогіі (як усё гэта нагадвае “засланага казачка).

Але і гэта яшчэ не ўсё, узворванне глебы гэтым не абмяжоўваецца: “Выхад на палітычную сцэну канструктыўнай апазіцыі будзе азначаць грунтоўную палітычную мадэрнізацыю беларускага грамадства ў адпаведнасці з імператывамі еўрапейскай палітычнай культуры.

Вось зараз можна падвесці рысу і паставіць вялікую тоўстую кропку пад… палітычнай мадэрнізацыяй. Вы будзіце смяяцца, але гэта ўсё.

Перачытайце цытату напачатку артыкула: “Неабходна мадэрнізаваць беларускую палітычную прастору такім чынам, каб канструктыўная апазіцыя прысутнічала ў ёй як неабходны элемент палітычнай сістэмы. Менавіта такая апазіцыя зможа стаць своеасаблівым аналагам гарадской каналізацыі. Няхай прабачыць мне чытач за прастамоўнае параўнанне. На мове ж філосафа гарадская каналізацыя ёсць ні што іншае, як “эфектыўны спосаб каналізаваць ці, прынамсі, аслабіць энергію апазіцыйнага максімалізму.

Страўнік маўчаць не можа

Канструктыўную апазіцыю ў Беларусі ствараць не трэба. Яна маецца ў наяўнасці, але палітычным аналагам гарадской каналізацыі не з’яўляецца. І не таму, што адмаўляецца ці няздольная, а з прычыны таго, што такіх задач палітычная эліта перад ёй не ставіла. Пакуль не ставіла.

Пры жаданні ў складзе новага (па традыцыі, дэпалітызаванага) парламента можна знайсці прадстаўнікоў палітычных і грамадскіх структур. “Але яны, — справядліва заўважае філосаф, — не маюць прамога дачынення да ідэі сістэмнай апазіцыі рэфармісцкага кшталту, якая сваёй дзейнасцю магла б нейтралізаваць патэнцыял радыкальнай часткі несістэмнай апазіцыі.

 Тут неабходныя “сапраўдныя апазіцыянеры. У якасці ўзору філосаф прапануе свайго суаўтара па артыкулах-эпапеях у “СБ, экс-старшыню БСДП (Грамада) Анатоля Ляўковіча.

Ляўковіч тры гады спрабаваў каналізаваць энергію партыі ў канструктыўнае рэчышча, але не дамогся поспеху. Адказныя за гэта — чыноўнікі, “якія так ці інакш займаліся ініцыятывай Ляўковіча. Яны загубілі ініцыятыву знізу, бо не мелі на руках агульнага палітычнага рашэння, не валодалі яснымі рамачнымі ўяўленнямі пра тое, якая можа быць карысць ад гэтай ініцыятывы. Што да эліты Грамады, дык, не атрымаўшы выразных сігналаў з адпаведных кабінетаў, яна падвергла свайго партайгеносе астракізму.

Першы блін атрымаўся камяком. Інакш і не магло быць ва ўмовах, калі “паміж кіроўнай элітай і контрэлітай няма кансенсусу наконт таго, у якіх рамках павінен працякаць палітычны працэс, каб задавальняць абодва бакі.

На пошук кансенсусу і скіроўвае высілкі філосаф. “Палітычная эліта, будзь пільнай! — заклікае ён. Беларуская апазіцыя дэградуе, яе структуры выраджаюцца ў секты. Тым не менш у апазіцыйным асяроддзі саспявае разуменне перагляду адносін з палітычным рэжымам, і працэс саспявання не варта пускаць на самацёк, яго трэба падтрымліваць, у тым ліку і матэрыяльна.

“Апазіцыянеры, якія б высокія ідэалы ні спавядалі, не могуць загадаць свайму страўніку маўчаць, калі ён пусты. Вось такая проза палітычнага жыцця. Таму не варта дзівіцца таму факту, што “цэлыя структуры даўно падселі на фінансавую іголку, якая знаходзіцца ў руках знешніх гульцоў.

Дзе ж выйсце? Яно — у змене рук. Для гэтага неабходна тэрмінова запусціць “механізм палітычнага далучэння, пры дапамозе якога прадстаўнікі апазіцыі атрымаюць доступ да “бюджэтных крыніц. Філосаф усведамляе, што “гэта, безумоўна, далікатнае пытанне, але гульня таго вартая.

Ледзь жывая, але вельмі небяспечная

Аўтар такой арыгінальнай тэорыі палітычнай мадэрнізацыі не разглядае дыялог як панацэю, здольную звесці на нішто канфлікт інтарэсаў. Дый якія могуць быць козыры ў апазіцыі ў дыялогу з уладай! Але калі ў апазіцыі няма на руках козыраў, дык дзеля чаго тады ўвесь гэты філасофскі крэатыў аб’ёмам у 43,5 тысячы знакаў?

Аднак тлумачыцца ўсё вельмі проста: “Сёння выклікі не носяць выключна ўнутраны характар. І справа не ў мэтанакіраваным імкненні Захаду “перакаваць беларускі палітычны рэжым на свой густ, справа ў тым, што “імкліва набірае абароты фундаментальны інтэграцыйны працэс планетарнага маштабу, які называюць глабалізацыяй.

Працэс глабалізацыі незваротны. Захад — яго ініцыятар, і ўжо хаця б таму “на вастрыі заходняй стратэгіі глабальнай мадэрнізацыі з’яўляецца канцэпцыя “дэмакратычнай мадэрнізацыі. Беларусі ўжо толькі праз сваё размяшчэнне ў цэнтры Еўропы і агульныя духоўныя з ёй карані ад сусветнага мейнстрыму не ўхіліцца.

У якасці ж сродку “дэмакратычнай цывілізацыі паўсюдна выкарыстоўваюцца тэхналогіі так званых “каляровых рэвалюцый. На думку філосафа, “непасрэднай правадніцай іх звычайна выступае радыкальна настроеная пазасістэмная апазіцыя, якая карыстаецца падтрымкай нейкай часткі насельніцтва.

З апошнім сцвярджэннем можна і паспрачацца: у ролі генератара “каляровых рэвалюцый (прынамсі, на постсавецкай прасторы) выступаў раскол эліт. Аднак прызнанне гэтага факту зламала б усю лагічную канструкцыю філосафа. Які сэнс выбудоўваць за бюджэтныя грошы палітычную каналізацыю, калі крыніца нестабільнасці знаходзіцца ўнутры палітычнай эліты?

І яшчэ адзін важны момант. Каб быць пераканаўчым, філосаф спрабуе запалохаць сваіх працадаўцаў. Ды беларуская апазіцыя ледзь жывая і не можа разлічваць на шырокую мабілізацыю электарату, але “сучасныя рэвалюцыйныя тэхналогіі выкарыстоўваюць не столькі метады электаральнай мабілізацыі шырокіх сацыяльных пластоў, колькі спецыфіку псіхалогіі масавых паводзін людзей. І тут, нібы фокуснік, філосаф выцягвае з рукаву “эфект мігатлівых светлячкоў.

* * *

Прапанаваны чытачам артыкул не прэтэндуе на аналітычны жанр. Гэта толькі кароткае пераказванне першай часткі опуса Вячаслава Оргіша.

Працяг будзе.

Абмеркаванне:

  • UÇK
  • 2013-04-26 02:01:37
На мой взгляд, власть никогда не пойдет на создание "системной" оппозиции, так как любая оппозиция противоречит их целям...

Каментаваць