Флегматычны выбар

Перад ад’ездам на выбары ва Украіну ў думках раз-пораз паўставалі вобразы палітычнай драмы мінулай кампаніі — усеагульная заангажаванасць, прыхільнасць да таго ці іншага кандыдата, вулічныя спрэчкі, мітынгі, аранжавая ці сіняя атрыбутыка на ўсіх і ўсім, ад мінакоў-манахаў да прысадаў уздоўж дарог.

За два дні да выбараў Львоў сустрэў спакоем і сваім будзённым жыццём, якое ніяк не парушалі рэдкія плакаты з выявамі кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду ды надпісам: «Вони однакові».

Перад ад’ездам на выбары ва Украіну ў думках раз-пораз паўставалі вобразы палітычнай драмы мінулай кампаніі — усеагульная заангажаванасць, прыхільнасць да таго ці іншага кандыдата, вулічныя спрэчкі, мітынгі, аранжавая ці сіняя атрыбутыка на ўсіх і ўсім, ад мінакоў-манахаў да прысадаў уздоўж дарог.

За два дні да выбараў Львоў сустрэў спакоем і сваім будзённым жыццём, якое ніяк не парушалі рэдкія плакаты з выявамі кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду ды надпісам: «Вони однакові».

Ні мітынгаў, ні сцягоў, ні палымяных прамоў. На адной з цэнтральных плошчаў Львова самотна стаялі два намёты. У адным, па задуме, мусілі агітаваць за Юлію Цімашэнка, але ахвочых заангажавацца побач не назіралася. У другім раздавалі газету нацыяналістычнай «Украінскай партыі» з артыкулам пра «апошні мужны ўчынак прэзідэнта» — ушанаванне Сцяпана Бандэры Героем Украіны. Дарэчы, плакаты на гэту тэму з тэзісам: «Нарэшце гэта адбылося» трапляліся на вочы ці не часцей за агітпрадукцыю Цімашэнка і Януковіча.

Абразы на кабінках

У нядзелю з раніцы на выбарчых участках невялікага мястэчка Гарадок пад Львовам было нялюдна. «Нічога, хутка людзі, моладзь пойдуць з царквы, то будзе больш народу», — тлумачыў сябра выбарчай камісіі, былы вайсковец і прадстаўнік Партыі рэгіёнаў Алег Вендзібура. Уніяцкая Львоўшчына надзвычай набожная — да царквы ходзяць не толькі старэйшыя, але і моладзь. Фактычна на кожным выбарчым участку мястэчка на бачным месцы вісеў абраз. На адным участку выяву святога змясцілі на кабінкі для галасавання, відаць, у спадзяванні, што Бог дапаможа зрабіць украінцам няпросты выбар паміж двума палітыкамі, бо вялікай розніцы яны ў кандыдатах не бачаць: «Выбіраем з двух аднолькава кепскіх».

У Гарадку раней месцілася ваенная частка, і былыя вайскоўцы трапляліся ў некалькіх выбарчых камісіях. Усе наракалі на адсутнасць працы ды парадку. «А я прывык, каб строга было, дысцыпліна — гаворыць Алег Вендзібур. — У першым туры галасаваў за Яцэнюка. Харошы мужык, але малады. Можа, яшчэ падрасце».

Па выніках другога туру Львоўшчына аддала больш за 90 працэнтаў галасоў за Юлію Цімашэнка. У першым на многіх участках Віктар Юшчанка і Юлія Цімашэнка ішлі побач, вынікі адрозніваліся літаральна ў некалькі галасоў. Пакуль яшчэ дзейснага кіраўніка Украіны тут падтрымліваюць, хаця і гавораць пра разбітыя ідэалы і спадзяванні.

Каб так лёгка было жыць

І праўда, па абедзе людзей на ўчастках пабольшала. Але на агульную абыякава-спакойную атмасферу электаральнага працэсу гэта не ўплывала. Людзі бралі бюлетэнь, кідалі яго ў празрыстую скрынку і сыходзілі. Ні традыцыйных для Беларусі буфетаў, ні адчування свята. Найбольш адказнае, як і ў Беларусі, — старэйшае пакаленне. Толькі ўкраінцы вераць, што будучыня залежыць ад іх голасу. «Каб так лёгка было жыць, як галасаваць», — рэзюмавала кабета, апускаючы свой бюлетэнь у скрынку. Пажылыя прыходзілі ў суправаджэнні сяброў ці сваякоў. Хто не можа дайсці да ўчастку самастойна, прасілі, каб да іх прыехалі дадому.

Працэс галасавання адкрыты і празрысты. Камісіі сфарміраваныя з прадстаўнікоў ад Юліі Цімашэнка і Віктара Януковіча. Ад іх жа і назіральнікі на кожным участку. Гаварылі, што і ў камісіях і сярод назіральнікаў многа беспрацоўных. Для людзей выбары — шанец зарабіць за дзень блізу 80 долараў. Перад выездам на ўчасткі папярэджвалі, што ад назіральнікаў можна даведацца пра прэтэнзіі да арганізацыі працэсу галасавання, інфармацыю з «перчыкам» пачуць. Але насамрэч з абодвух бакоў людзі былі стрыманымі і ветлівымі, брудам нікога не палівалі, істотных парушэнняў не адзначалі.

У любы момант назіральнікі могуць даведацца ў старшыні камісіі, колькі людзей ужо прагаласавала, колькі было заяў прагаласаваць дома. На адным з участкаў старшыня камісіі звярнулася да назіральнікаў і сябраў камісіі з просьбай дазволіць мужчыну, які кепска бачыць, зайсці ў кабінку ў суправаджэнні жонкі. На другім дэманстратыўна разварочвалі тых, хто паблытаў, на якім участку мусіць аддаць свой голас за новага кіраўніка дзяржавы. Прынеслі скрынку з выязнога галасавання. «Былі заяўленыя да галасавання 21 асоба, — гучна абвяшчае старшыня камісіі. — 20 прагаласавала, адзін памёр». На выездзе з участка нам трапляецца на вочы пахавальнае шэсце. Такі тэатр жыцця.

Бацька — пахан

Беларусь ва ўяўленні стомленых ад палітычных сварак украінцаў паўстае ледзь не эдэмам зямным. Тут і парадак, і праца, і заробкі ў некалькі тысяч долараў, і машыны з Еўропы без мыта. «Гарны ў вас прэзідэнт, дый краіна добрая», — такімі словамі сустракалі ледзь не на кожным выбарчым участку. Украінцы мараць пра матэрыяльны дабрабыт ды новыя працоўныя месцы і думаюць, што гэта можа прынесці толькі кіраўнік з моцнай уладнай рукой. «За Юлю галасаваць не буду, — тлумачыць старшыня выбарчай камісіі спадарыня Пілат. — Ведаю ж, пра што жанчына думае: пра футра новае, залацішка, мужа багатага. А мужык па сталу кулаком ляснуў — і парадак у хаце».

Малады беспрацоўны доктар, што мае сям’ю з двума дзецьмі, з запалам гаворыць: «Лукашэнка — пахан! Яго ўсе баяцца, я б за такога адразу прагаласаваў». Пытаемся, за што сям’ю ўтрымлівае, дык гавораць, што маці ў яго на заробках у Еўропе, дасылае грошы. Увогуле, з Заходняй Украіны многа людзей з’язджае на працу ў Італію, Іспанію, Аўстрыю. Пераважна са старэйшага пакалення, бо праца тая некваліфікаваная, і моладзь не надта хоча даглядаць састарэлых еўрапейцаў ці мыць посуд у кавярнях. Настаўнікі наракаюць, што бабулі ды дзядулі не спраўляюцца з выхаваннем пакінутых на іх рукі дзяцей. Але іншага выйсця няма, бо працу ў Гарадку знайсці цяжка.

Дырэктарка школы, дзе арганізаваны выбарчы ўчастак, з адабрэннем гаворыць пра Беларусь, але як толькі чуе пра нашу кантрактную сістэму для настаўнікаў ды яе наступствы, з абурэннем выгуквае: «Бач што прыдумалі! І слова не пікнеш цяпер». Настаўнік гісторыі з гэтай жа школы, разважаючы пра палітычную сістэму Беларусі, правёў паралель, што і Гітлер з Мусаліні некалі таксама пачыналі з эканамічнага ўздыму, але скончылася гэта нядобра.


Пасля закрыцця ўчасткаў ужо ў львоўскай кавярні падумала, што беларусам вынікі выбараў больш цікавыя, чым самім украінцам. Мясцовыя спакойна пацягвалі піва-гарбату, не надта зважаючы на апошнія звесткі ЦВК, што трансляваліся па тэлебачанню. Выбар зроблены. Ці будзе за яго сорамна ўкраінцам, пабачым праз пяць гадоў.

Каментаваць