Грамадзянская супольнасць вачамі сацыёлага

Па аналогіі з каларытным персанажам з кінастужкі «Карнавальная ноч», я б адважыўся сцвярджаць, што сам факт існавання ці адсутнасці ў Беларусі грамадзянскай супольнасці (далей ГС) дакладна навуцы не вядомы.
 

Паводле папулярнага пункту гледжання, яна ёсць, але знаходзіцца ў зачаткавым стане, і адказнасць за гэта варта ўскласці на аўтарытарны рэжым. І сапраўды, ці можна залічыць у шэрагі ГС структуры, створаныя паводле ініцыятывы дзяржавы (БРСМ, «Белая Русь») ці апазіцыйнымі актывістамі? Як першыя, так і другія здольныя функцыянаваць толькі пры ўмове знешняга фінансавання і ў нашу рэальнасць не ўрастаюць.

Звернемся да процілеглага, не такога папулярнага пункту гледжання. Яго прыхільнікі сцвярджаюць, што ў Беларусі грамадзянская супольнасць, безумоўна, існуе, прычым магутная і ўсёпранікальная. Яе не заўважаюць, таму што не там шукаюць. Просты прыклад. Многія гарадскія сем’і маюць сёння ўчасткі зямлі ў садовых кааператывах. Каб іх арганізаваць, людзям неабходна было супольна вырашаць цэлы шэраг пытанняў — ад выдзялення зямлі да арганізацыі аховы. Падлічыць фінансавыя выдаткі ў маштабах рэспублікі (жылыя і гаспадарчыя пабудовы і інш.) не ўяўляецца магчымым, але зразумела, што гаворка ідзе пра дзясяткі мільярдаў долараў. І ўсё гэта з уласных кішэняў грамадзян без дзяржаўнай і спонсарскай дапамогі!

На чыім баку праўда? Без Гегеля тут не разабрацца. Тэрмін «грамадзянская супольнасць» ён упершыню ўжыў у працы «Філасофія права». Паводле вялікага дыялектыка, ГС ёсць мноства грамадзян дзяржавы, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой па-за сям’ёй з мэтай задавальнення сваіх агульных (своекарыслівых) інтарэсаў. У гэтым сэнсе нашы дачнікі, што супольна вырашаюць пытанні па пракладцы водаправода да сваіх «шпакоўняў», — самыя што ні ёсць тыповыя прадстаўнікі ГС.

Але на гэту праблему існуе і больш сучасны погляд. Звернемся па дапамогу да класіка паліталогіі Ральфа Дарэндорфа. Ён вылучае тры крытэра ГС. Першы — аўтаномія арганізацый (найперш ад дзяржавы). Другі — грамадзянская свядомасць. Як тут ні прыгадаць Джона Кенэдзі: «Не пытай, што Амерыка зрабіла для цябе, спытай, што ты зрабіў для Амерыкі!» Трэці — публічнасць дзейнасці ГС.

Лазня як сацыяльны інстытут

Нескладана заўважыць, што аб’яднанні дачнікаў двум з трох крытэраў Дарэндорфа не адпавядаюць. Грамадзянская свядомасць дачнікаў за градкамі і газонамі з гномікамі не праглядаецца. А што да публічнасці, то дача — гэта ідэальнае месца для таго, каб схавацца ад усёвідушчага вока дзяржавы.

На думку аднаго з самых арыгінальных расійскіх мысляроў Сімона Кардонскага, моцная грамадзянская супольнасць, якая не імкнецца арганізоўвацца, — адзін з ключавых элементаў нашай (незаходняй) спецыфікі. Яе неарганізаванасць — адваротны бок жорстка арганізаванай дзяржавы. Адносіны паміж дзяржавай і ГС прыкладна такія ж, як адносіны паміж малюнкамі на аверсе і рэверсе манеты. Калі глядзець з аднаго боку манеты (напрыклад, з таго, на якім напісана «дзяржава»), то ГС не разгледзіш. Бачная будзе толькі карупцыя. Калі глядзець з боку ГС, то не відаць дзяржавы: яна распадаецца на дрэнных і добрых чыноўнікаў, з дапамогай якіх можна — ці нельга — «вырашаць праблемы».

Не магу адмовіць сабе ў задавальненні і працытую Кардонскага: «Існуюць агульнараспаўсюджаныя і ўстойлівыя інстытуты грамадзянскай супольнасці: хатняе ці рэстараннае застолле, лазня з дзяўчатамі і без, паляванне і рыбалка, самадзейныя клубы (такія, як гульня ў футбол па суботах у чыноўнікаў мэрыі Масквы), сумесны адпачынак, дачныя супольнасці. У апошняе дзесяцігоддзе вельмі значным інстытутам грамадзянскай супольнасці сталі канфесійныя зносіны. Падчас камунальнай рэвалюцыі фармуецца інстытут «жыхароў аднаго дому».

Асабліва відавочна спецыфіка нашай ГС, калі паглядзець на яе з пункту гледжання спецыфікі нашай дзяржавы, якая палягае ў канцэнтрацыі рэсурсаў для далейшага іх пераразмеркавання па справядлівасці. Адказнай жа за тое, што лічыць справядлівым, а што не, натуральна, з’яўляецца дзяржава ў асобе чыноўнікаў. Яны ж адказваюць і за канцэнтрацыю — а фактычна за адабранне — рэсурсаў у непасрэдных вытворцаў.

Калі даць чыноўнікам волю, то яны забяруць усё (як тут ні прыгадаць Паўночную Карэю). Але ў нас да гэтага не даходзіць, і ўсё дзякуючы ГС. Што такое «лазня з дзяўчатамі і без»? Гэта магутны сацыяльны інстытут па адчужэнні дзяржаўных рэсурсаў на карысць асобных грамадзян. Інстытут лазні — прыватны выпадак інстытута блату ці асабістых сувязяў. У гады пасляперабудовачнага хаосу яго роля ў выжыванні насельніцтва нароўні з несумленнасцю надзвычай узрасла (глядзі табліцу), але і ва ўмовах так званай «стабільнасці» ён здолеў замацавацца на «прызавым» другім месцы.

Рэінкарнацыя «прывадных рамянёў»

Свой погляд на ГС ёсць і ў дзяржавы. Прывяду цытату з Паслання–2011: «На Захадзе ўкаранілася памылковае меркаванне, нібыта ў Беларусі толькі апазіцыйныя партыі і нефармальныя арганізацыі вызначаюць паняцце «грамадзянская супольнасць». Але гэта ім так хацелася б, мы іх разумеем... Аднак гэта ў корані не правільна. Па-першае, таму што яны нешматлікія і не прадстаўляюць шырокіх пластоў насельніцтва (я пра партыі кажу). А па-другое, у нас ёсць сапраўды масавыя грамадскія аб’яднанні, якія карыстаюцца аўтарытэтам у людзей. Краевугольнымі апорамі нашага грамадства з’яўляюцца Саветы дэпутатаў, прафсаюзы, ветэранскія, моладзевыя і жаночыя арганізацыі».

У вядомым ідэалагічным дакладзе роля пералічаных апор зведзена да забеспячэння сувязі «народа з органамі ўлады». На справе ж мы назіраем адваротную карціну: улада выкарыстоўвае апоры для падвышэння кіравальнасці грамадства, г. зн. у якасці ўласных апор. Асабліва добра гэта заўважна на ацэнцы ўладай ролі прафсаюзаў: «На гэтым этапе федэрацыя як адна з самых масавых, самых патрыятычна настроеных арганізацый павінна выразна вызначыцца: што вы можаце даць дзяржаве, дзе падставіце плячо, якую сферу адказнасці прымеце на сябе? Відавочна, што вам давядзецца адыграць адну з вядучых роляў падчас абнаўленні краіны. Бо менавіта прафсаюзы могуць і павінны мабілізаваць працоўныя масы на прарыў» (даклад Лукашэнкі на VI з’ездзе ФПБ у верасні 2010 года).

Перад намі да болю знаёмыя па савецкіх часах «прывадныя рамяні», з дапамогай якіх камуністычная партыя мабілізавала насельніцтва на выкананне пяцігадовых планаў. Камуністы ніколі не разглядалі прафсаюзы ў якасці добраахвотных аб’яднанняў працоўных для абароны сваіх інтарэсаў. Яны пагалоўна заганялі ў прафсаюзы працоўных і службоўцаў для таго, каб імі было прасцей кіраваць. У гэтым сэнсе ў Беларусі нічога не змянілася, бо паміж дзяржавай і прафсаюзамі складаюцца не дамоўныя адносіны, як паміж двума раўнацэннымі суб’ектамі, а выключна адносіны вертыкальныя па восі начальнік — падначалены.

Зноў звернемся да Дарэндорфа: «Відавочна, што для ўсіх дыктатарскіх дамаганняў структуры ГС — як бяльмо ў воку. Аўтарытарныя кіраўнікі дазваляюць ім існаваць хіба што ў выглядзе прыватных нішаў «унутранай эміграцыі». Гэта, аднак, супярэчыць публічнаму па сваёй сутнасці характару грамадзянскай супольнасці».

Вынікі мэтанакіраванай палітыкі ўлады выразна фіксуюцца ў апытаннях НІСЭПД. Так, у маі 2011 года толькі 1% рэспандэнтаў адзначыў, што з’яўляецца сябрам незалежных прафсаюзаў, у той час як сваё сяброўства ў афіцыйных прафсаюзах адзначылі 43%! Арганізаваныя такім чынам прафсаюзы, насуперак заявам Лукашэнкі, не разглядаюцца грамадствам у якасці пункту апоры. Вось чаму пры адказе на пытанне «З кім вы ў найбольшай ступені звязваеце надзеі на выхад Беларусі з крызісу?» у сакавіку 2012 года прафсаюзы адзначылі ўсяго толькі 3% апытаных.

Ад прымусу да burgerlische Gesellschaft

Жыццё, як аднойчы заўважыў Пуцін, — гэта вельмі простая штука. Ці насамрэч ён верыць у прастату жыцця, мне не вядома, але, несумненна, ён хоча, каб так яно і было. Бо складанасць, разнастайнасць, непрадказальнасць — усё гэта атрыбуты ГС, без якіх не магчыма развіццё. За звядзеннем усяго багацця ГС да некалькіх апораў, пра якія ўвесь час нагадвае Лукашэнка, хаваецца той жа страх перад разнастайнасцю жыцця. Адна з задач дзяржаўных СМІ — максімальнае спрашчэнне рэальнасці. Варта прызнаць, што пэўныя поспехі ў гэтым кірунку дасягнуты. На пытанне «Назавіце, калі ласка, грамадскія арганізацыі, аб’яднанні ў Беларусі, якія вы ведаеце, чулі пра іх?» (май 2011 года) толькі 6 арганізацый пераадолелі бар’ер статыстычнай памылкі ў 3%. У лідарах з вялікім адрывам апынуліся БРСМ — 43% і прафсаюзы — 27%. Далей размясціліся «Белая Русь» — 6%, моладзевыя арганізацыі антыўрадавага кшталту — 5%, піянерская арганізацыя і Чырвоны крыж — па 4%. Вось, уласна, і ўсё!

Які самы папулярны шлях прыводзіць беларусаў да сяброўства ў грамадскіх арганізацыях? Па-за канкурэнцыяй — прымус. Яго ў маі 2011 года адзначыў 21% апытаных. На другім месцы апынуўся варыянт: «параілі сябры і знаёмыя» (6%), на трэцім — «параілі родныя» (2%).

Са звычайных (у заходнім разуменні) ГС у нас фармуюцца толькі тыя, што абслугоўваюць жыццёвыя патрэбы насельніцтва. Гэта адбываецца там і тады, дзе і калі нейкія каштоўнасці (права на сваё жыллё і г.д.) пастаўлены вышэй каштоўнасцяў дзяржавы. Апошні прыклад — акцыя пратэсту сябраў садовага таварыства «Быкачана», якія адкрыта выступілі супраць будаўніцтва на тэрыторыі іх таварыства беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку.

Здавалася б, у такіх формаў грамадзянскай актыўнасці няма сур’ёзных перспектыў. Ну, пашумяць, магчыма, абароняць свае «шпакоўні» — і на гэтым усё скончыцца. Але не варта забываць, што на радзіме ГС іх будаўніцтва пачыналася з burgerlische Gesellschaft — г. зн. з таго, што ў нас прынята лічыць мяшчанскім грамадствам, а не з масавых палітычных пратэстаў. Пачынаецца ўсё з высілкаў па наладжванні звычайнага жыцця для сябе і сваіх блізкіх. Толькі такім шляхам магчыма фармаванне асабістых інтарэсаў, без якіх немагчыма ўзаемадзеянне грамадзян паміж сабой па-за сям’ёй з мэтай задавальнення асабістых інтарэсаў.
 

Каментаваць