Грамадзянская супольнасць і дзяржава: механізмы ўзаемадзеяння

Першыя грамадскія слуханні пад такой назвай адбыліся ў Мінску 20 ліпеня. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі шэраг недзяржаўных арганізацый Беларусі. Запрошаныя да ўдзелу ў дыскусіі прадстаўнікі дзяржаўных структур — чальцы Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта — слуханні праігнаравалі.

Першыя грамадскія слуханні пад такой назвай адбыліся ў Мінску 20 ліпеня. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі шэраг недзяржаўных арганізацый Беларусі. Запрошаныя да ўдзелу ў дыскусіі прадстаўнікі дзяржаўных структур — чальцы Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта — слуханні праігнаравалі.

Са слоў лідэра кансорцыума «ЕўраБеларусь» (Літва) Улада Вялічкі, з таго, што ўлады праігнаравалі мерапрыемства, не варта рабіць трагедыю. «Гэта прыкмета таго, што пакуль такія слуханні не лічацца важнымі. Спадзяюся, што гэта часовая сітуацыя, і яна можа змяніцца. Было б добра бачыць на гэтых мерапрыемствах прадстаўнікоў дзяржавы, але будуць «слуханні–2», «слуханні–3», і, магчыма, тады ў іх будзе больш прычын і матываў прыняць у іх удзел», — мяркуе Улад Вялічка.

Варта адзначыць, што самі пяцігадзінныя слуханні вызначаліся некаторай нервознасцю, нягледзячы на адсутнасць прадстаўнікоў з боку дзяржавы. Прысутныя чальцы ГКР пры Адміністрацыі прэзідэнта старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, экс-дэпутат парламента Уладзімір Нісцюк і іншыя чамусьці вырашылі, што падчас слуханняў яны будуць як мінімум экзікутаваныя, хоць яўным і шчырым песімістам, што да дзейнасці ГКР і нават самога яе стварэння, быў толькі палітолаг Уладзімір Мацкевіч: «Гэта камуфляж, стварэнне бачнасці лібералізацыі».

З іншага боку, адзначыў Мацкевіч, і самой беларускай грамадзянскай супольнасці, перад тым як задаваць важныя пытанні, уздымаць сур’ёзныя праблемы, неабходна арганізавацца ў самой сабе: «Беларуская грамадзянская супольнасць, хоць і існуе, і нават некалькі ў лепшым выглядзе, чым у некаторых краінах «Усходняга партнёрства», да якіх нас прыраўнялі, тым не менш, дагэтуль недастаткова арганізаваная, каб казаць сур’ёзныя рэчы ўслых».

Тым не менш, пераважная большасць тых, хто браў удзел у слуханнях, спрабавала знайсці шляхі «прасоўвання з нулявога пункту», на якім зараз знаходзіцца ўнутрыбеларускі дыялог.

Па словах палітолага Алеся Лагвінца, сёння адмаўленне ад дыялога, калі ўлада спрабуе стварыць «канструктыўны твар», магло б вельмі адмоўна адбіцца на дэмакратычнай супольнасці, якая б паказала сябе ў такім выпадку дэструктыўнай сілай і выклікала б раздражненне не толькі ўнутры Беларусі, але і ў заходніх партнёраў.

«Калі сёння мае месца нейкі момант кансалідацыі, давайце мы разам з вамі — тыя, хто ўваходзіць у розныя саветы, тыя, хто лічыць сябе грамадзянскай супольнасцю, а не толькі «трэцім сектарам», — сёння аб’яднаемся вакол гэтых праблем, звязаных з нашай інфармацыйнай прасторай, — заклікала кіраўнік БАЖ Жанна Літвіна. — Інфармаванне пра дзейнасць рады — пытанне сапраўды вырашальнае, за кожным застаецца права шырока даваць інфармацыю. Значыць, выкарыстоўвайце гэтую магчымасць, будзьце даступныя журналістам, давайце прэс-канферэнцыі. Але гэта не вырашыць прынцыповай праблемы: як прымусіць разглядаць самыя-самыя прыярытэтныя пытанні і прымаць па іх рашэнні».

Як адзначыла старшыня зарэгістраванага ў Літве «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова, слуханні, што адбыліся, — «гэта надзвычай адказная рэакцыя грамадзянскай супольнасці на сённяшнюю сітуацыю і на дзейнасць кансультацыйных радаў. Калі мы прапануем падтрымку (сябрам ГКР — Г. К.) у выглядзе грамадскіх слуханняў, гэта напоўніцу адпавядае нашым інтарэсам, гэта дае шанец краіне. Калі мы «прыхлопнем» гэтую пляцоўку і скажам, што «сыходзім у інтэрнэт», мы будзем у гэтым «інтэрнэце» і дзесяць, і дваццаць гадоў. Гэты момант нельга дапусціць», — лічыць праваабаронца.

Па словах Пятра Марцава, у калідорах улады, прынамсі, у чальцоў Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта, ёсць пэўная зацікаўленасць у дыялогу з грамадзянскай супольнасцю. «Я адчуваю, што яны хацелі б выслухоўваць меркаванні па нейкіх важных пытаннях, бо яны, з аднаго боку, лічаць, што зараз самы час для мазгавога штурму, а з іншага — вельмі важна зразумець настрой грамадства і стаўленне да нейкіх важных глабальных пытанняў. Так, я адчуваю цікавасць, можа нязначную, але цікавасць», — адзначыў Пётр Марцаў.

Але ў тым, што чыноўнікі насамрэч маюць такую цікавасць, можна будзе пераканацца, калі яны не пагрэбуюць наступнымі грамадскімі слуханнямі, якія для іх могуць быць вельмі карыснымі ва ўсіх сэнсах.

Каментаваць