Гадавіна германскага адзінства

3 кастрычніка Германія адзначае свята — Дзень адзінства. Менавіта ў гэты дзень чатырнаццаць год таму (3 кастрычніка 1990 года) Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Заходні Берлін увайшлі ў склад Федэратыўнай Рэспублікі Германіі. Цяпер гэты дзень ёсць агульнанацыянальным святам усіх немцаў. 2 кастрычніка Пасол ФРГ Вольфрам Маас у Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яханэса Раў (ММАЦ) зладзіў урачысты прыём з нагоды згаданага свята.



На імпрэзу былі запрошаныя прадстаўнікі дзяржаўных органаў і недзяржаўных арганізацыяў, дыпламатычных місіяў іншых краінаў, дзеячы культуры, бізнэсоўцы, святары, журналісты з Беларусі і Германіі. Гэтым разам на прыёме з нагоды Дня германскага адзінства было шмат грамадзянаў гэтай краіны, якія прыехалі ў Мінск, каб адзначыць дваццацігоддзе дзейнасці ММАЦ.

На самым пачатку моладзевы хор з Дрэздэна выканаў гімны Германіі, Еўрапейскага Саюза і Беларусі. Варта адзначыць, што спявалі маладыя немцы па-беларуску практычна без акцэнту, што выклікала добрыя эмоцыі ў нашых суайчыннікаў, нават у тых, хто ставіцца да афіцыйнага гімна Рэспублікі Беларусь крытычна.

У сваім выступе амбасадар Германіі падзякаваў прысутных, якія прынялі ягонае запрашэнне і прыйшлі ў ММАЦ”, каб далучыцца да святкавання нацыянальнага свята Германіі.

“2014 год з’яўляецца годам важных для еўрапейскай і сусветнай гісторыі юбілеяў. Мы згадваем 100-ю гадавіну пачатку Першай сусветнай вайны і 75-ю гадавіну  пачатку Другой сусветнай вайны, а таксама 70-я ўгодкі вызвалення Беларусі. Гэтыя даты нагадваюць перш за ўсё нам, немцам, пра самыя глыбокія нашы падзенні ў гісторыі. Мы мусім ніколі не забывацца на гэта і рабіць высновы з мінуўшчыны, асабліва цяпер, калі ў Еўропе зноўку магчымая вайна”, — падкрэсліў Вольфам Маас.

Разам з тым, дадаў ён, 2014 год звязаны для немцаў і з некаторымі шчаслівымі момантамі.

“Праз пяць тыдняў мы будзем адзначаць 25-я ўгодкі падзення Берлінскае сцяны, а 3 кастрычніка мы адсвяткуем угодкі германскага адзінства. Тое, што робіць нас шчаслівымі пры думках аб уз’яднанні, мусіць надаваць аптымізму ўсім нам. Амаль маланкава абрынуліся структуры, якія абапіраліся на гвалт і прыгнёт. Людзі дабіліся свабоды без крыві і гвалту. Самае неверагоднае зрабілася рэчаіснасцю за адну ноч. Каштоўнасці ўзялі верх над сілаю. Мы павінны натхняцца з таго досведу, калі сутыкаемся з выклікамі сённяшняга часу. Мы цэнім пазіцыю Беларусі, якая імкнецца спрыяць урэгуляванню канфлікту, які цяпер мае месца ў гэтым рэгіёне”, — адзначыў нямецкі дыпламат і перадаў слова намесніцы міністра замежных справаў Беларусі Алене Купчынай, якая выступіла на добрай беларускай мове.

Алена Купчына павіншавала Вольфрама Мааса і ў ягонай асобе ўсю Германію з нацыянальным святам — Днём германскага адзінства.

“Беларусь як заснавальніца Мытнага саюза, як краіна-ўдзельніца Усходняга партнёрства добра ўсведамляе сваю адказнасць і тую ролю, якую яна мае ў кантэксце розных інтэграцыйных працэсаў на нашым агульным кантыненце. І мы будзем заставацца надзейным і адказным партнёрам Германіі, іншых краінаў у Еўрапейскім Саюзе, усіх нашых суседзяў”, — паабяцала намесніца кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства. Алена Купчына зачытала віншаванне са святам, накіраванае па дыпламатычных каналах канцлеру Германіі Ангеле Меркель ад Аляксандра Лукашэнкі.

              

Каментаваць