Галасуй? Не галасуй?

Грамадзянам прапануюць два сцэнары паводзін на выбарах. І абодва яны маюць свае плюсы. Як казаў той жа Лябедзька, «выбараў няма, але выбар ёсць»: з’явіцца на ўчастак альбо не з’явіцца. І дзеля чаго з'явіцца.



Адзінае, што раяць нам прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных сілаў і назіральнікі — не хадзіць на датэрміновае галасаванне. Менавіта гэтае галасаванне фальсіфікуецца лягчэй лёгкага. Уначы, калі нікога няма на ўчастку, кіраўнікі выбарчай камісіі лёгка «выпрошваюць» ключ ад пакою са скрынямі ў міліцыянта, і ўкідваюць туды патрэбную колькасць бюлетэняў. Таму чым менш народу прыйдзе галасаваць датэрмінова, тым цяжэй «нагнаць» і колькасць датэрмінова прагаласаваўшых, і «якасць» іх галасоў.

Што рабіць, калі вас «добраахвотна-прымусова» загналі на выбары? Спадар Някляеў прапанаваў сапсаваць бюлетэнь. Можна не псаваць, а знесці яго з сабою дадому на памяць пра гэтую электаральную кампанію. Прынамсі, у вас будзе гістарычны дакумент, які гадоў праз сто можна будзе прадаць за вялікія грошы: выбарчы бюлетэнь з імем жанчыны — кандыдата ў прэзідэнты.

Што рабіць у сам дзень выбараў? Прыхільнікі «ігнору» вельмі настойліва раяць не з’яўляцца на выбарчым участку. Маўляў, тады назіральнікі зафіксуюць, што яўка на выбарах склала менш 50%, і яны не адбыліся. А калі яны не адбыліся, то Лукашэнка страчвае сваю легітымнасць у вачах міжнароднай супольнасці і грамадзянаў — у тым выпадку, калі яму «намалююць» яўку, у чым ніхто не сумняецца.

Тут ёсць некалькі хібаў. Найперш, наколькі эфектыўным будзе назіранне за выбарамі? Па ранейшых кампаніях мы ведаем, што камісіі вельмі лёгка пазбаўляюць акрэдытацыі незалежных назіральнікаў. Прычым, паводле зменаў у выбарчае заканадаўства, зараз назіральнік, які пазбаўлены акрэдытацыі, больш не можа вярнуцца на ўчастак для галасавання.

Акрамя таго, цяперашнія выбары адзначаюцца вялікай колькасцю «праўладных» назіральнікаў. Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў, што на гэтых выбарах такіх «свойскіх» назіральнікаў нават больш, чым сябраў камісіі. Што будзе, калі назіральнікі не зафіксуюць яўку ніжэй 50%, — не паведамляецца.

Трэці варыянт: калі яўка ніжэй 50%, то патрэбныя новыя выбары. Але, у адрозненне ад іншых краінаў, у нас у паўторных выбарах маюць права ўдзельнічаць і тыя кандыдаты ў прэзідэнты, якія былі і на гэтых, «асноўных» выбарах. То бок, пры прызначэнні паўторных выбараў дзейсны кіраўнік дзяржавы застаецца на сваім месцы, мае права балатавацца на паўторных выбарах, і мы атрымліваем тую ж сітуацыю, як сёння.

З варыянтам прыходу на выбары ў асноўны дзень галасавання, 11 кастрычніка, сітуацыя становіцца весялейшай. Найперш, яўку вы здолееце даведацца на ўласныя вочы, бо за бюлетэнь вы распісваецеся ў агульным спісе выбаршчыкаў. Там вы і пабачыце, колькі чалавек распісалася: увесь ваш дом прагаласаваў, альбо вы адзін такі сумленны.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька раіць не палохацца таго, што вы не прыйдзеце на выбары, у выніку чаго ваш голас «скрадуць». Маўляў, у нас усё фальсіфікуецца ўжо не бюлетэнямі, апушчанымі ў скрыню, а пратаколамі, дзе стаяць патрэбныя лічбы. Але, з прыходам на ўчастак (гэта «па-другое») вы ўсё ж можаце даведацца, што ваш голас скралі. Ужо неаднаразова на папярэдніх парламенцкіх і мясцовых выбарах узнікалі сітуацыі, калі грамадзянін прыходзіў галасаваць і бачыў, што ён ужо прагаласіў — датэрмінова, ці «на даму» — за яго ў спісе выбаршчыкаў нехта распісаўся. Добрая нагода для скандальчыку.

Спецыяльна для выяўлення такіх фактаў назіральніцкія структуры стварылі адмысловае прыкладанне для смартфонаў з назвай «Вочы». Яно ўжо размешчана ў GooglePlay. Спампаваўшы праграму на мабільны тэлефон можна не сыходзячы з месца паведаміць назіральнікам пра такія (і іншыя) факты парушэнняў. Але, для таго, каб выявіць парушэнне, трэба ўсё ж з’явіцца на ўчастак для галасавання.

Дарэчы, калі вы не пойдзеце ў дзень галасавання на выбары, гэта не значыць, што выбары не завітаюць да вас. Магчыма, да вас прыедзе «выязная скрыня» з сябрамі камісій: маўляў, нехта выклікаў іх, каб вы прагаласавалі. Ні ў якім разе не пагаджайцеся галасаваць, калі вы не рабілі замову на «галасаванне на даму»! Лепей бліжэй да сканчэння выбарчага часу ўсё ж наведацца на ўчастак і паглядзець, сапраўды вы не прагаласавалі «на даму»?

Ну і, канешне, вы можаце прыйсці на ўчастак. Паказаць сябрам камісіі свой пашпарт, пачакаць, пакуль яны знойдуць вас у спісе выбарцаў. Паглядзець, ці не прагаласаваў нехта за вас. Паглядзець, колькі народу з вашага дома/раёна з’явіліся на выбары. І, не распісваючыся ў спісе выбаршчыкаў і не атрымліваючы бюлетэнь, проста сысці дадому.

Сябры камісіі, канешне, будуць у шоку ад такіх вашых паводзінаў. Ну, а каму зараз лёгка? Калі яны раптам пачнуць енчыць, што калі вы прыйшлі, то павінны і прагаласаваць, нагадайце ім, што, згодна Выбарчаму кодэксу, выбар — гэта вашае права, а не абавязак.

У любым выпадку паводзінаў — ігнараванні галасавання альбо прыходзе на выбарчы ўчастак — ёсць свае плюсы і свае мінусы. Як казаў той жа Лябедзька, «выбараў няма, але выбар ёсць»: з’явіцца на ўчастак альбо не з’явіцца.

Абмеркаванне:

  • Кірыл
  • 2015-10-07 13:47:10
Людзі, ніхто нічога ўначы не ўкідвае. Навошта? Бо ніхто ж нічога не бачыць і не лічыць з назіральнікаў. Лічбы прывозіць старшыня выканкама, аб'язджаючы участкі за некалькі гадзін да заканчэння. Гэтыя
лічбы і ўносяцца ў выніковы пратакол. А датэрміновае патрэбна толькі для колькасці прагаласаваўшых. Каб паказаць яўку. І зноў жа, ніхто ж не пералічвае колькасць датэрміновых бюлетэняў. Нам проста
паведамляюць лічбы. А лічбы, звычайна лагічныя. Ну калі ў першы дзень прыйшло каля 2%, не можа ж быць і ў астатнія менш, праўда. такім чынам за 5 дзён будзе не менш за 20-30 %. Ну і ў дзень
галасавання яшчэ 40-50 вось вам і лічба, патрэбная, каб сказаць пра ўсенародную падтрымку.
  • ales'
  • 2015-10-08 02:49:23
я працую назіральнікам на участку2 центральнага раёна мінска у першы дзень датэрміновага галасавання па пратакулу камісіі прагаласавала у два разы балей чым я налічыў. у другі дзень у тры разы болей
вось такія лічбы .пішу скаргі але адказ будзе зразумела які.
  • Кірыл
  • 2015-10-08 03:08:40
Ну і я ж пра гэта. Не трэба нічога ноччу рабіць. Проста запісваюць у пратаколы, што трэба.

Каментаваць