Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Партыя бяздзейнасці

Нідзе людзі гэтак не раскрываюцца, як у грамадскіх чынніках. Нагледзелася на ўсялякіх: прастадушыных і хітрых, адкрытых і зачыненых наглуха, істэрычных і годных, прыязных і агрэсіўных. 



Значная частка тых, з кім па роду дзейнасці маем справу, гэта баязлівыя. Яны баяцца звальнення з працы, санкцый з боку начальства альбо яшчэ чагось. Часам яны баяцца свайго ценю. Чалавечы страх даходзіць да паталогіі. 

Незнаёмая жанчына распавяла, як у іх паліклініцы без пашпартоў, праз аддзел кадраў пагалоўна падпісвалі супрацоўнікаў за дзеючага. Дык яна назаўтра адшукала мой тэлефон і напрамілы Бог прасіла інфармацыю нікуды не даваць, інакш ёй “дадуць не той укол”. Адным словам — баялася за жыццё! 



Некаторыя пенсіянеры апасаюцца не толькі за сябе, але і за сталых дзяцей (што працуюць у дзяржустанове, у банку, у ахове, займаюцца бізнесам…), і тады нават бяскрыўдную паперыну за чыстую ваду або льготны праезд падпісаць не рашаюцца. 



Людзям цяжка асмеліцца сказаць “не”, калі клічаш на мерапрыемства ці на сустрэчу. Абыходзяцца адгаворкамі: “заняты”, “шмат працы”, “малое дзіця”, “я падумаю”, “параюся з мужам”, “на мяне пакінулі ўнукаў” і т.п. А матулі па тэлефоне ўстройваюць сапраўдныя допыты: хто, адкуль, з якой патрэбай… Пры тым, што дзіцёнку за трыццаць! 



Мамачкі мяне падчас дзівяць. Адна, напрыклад, прызнаецца: “Я за Лукашэнку буду галасаваць заўсёды. — Чаму? — У мяне дачка працуе ў іспалкоме. Я не хачу, каб прыйшоў іншы і яе прагналі”. Невядома, чаго тут болей — хвалявання за крывінку ці звычайнай меркантыльнасці. Узровень першай, карнявой чакры, якая адказвае за выжывальнасць! 



У абыякавасці да будучыні Беларусі спаборнічаюць усе пласты насельніцтва — ад прыкормленага чынавенства да вайсковых пенсіянераў, што так і не заўважылі скону Савецкага Саюза. 



Але самая нязносная катэгорыя суачыннікаў — гэта знявераныя. Іх можна аднесці да “партыі бяздзейнасці”. У 90-х людзі глытнулі свежага паветра: выходзілі на мітынгі, баранілі Курапаты, адстойвалі нацыянальныя каштоўнасці. На дух не прымаючы існуючай у грамадстве сітуацыі, сёння яны не здольны варухнуць пальцам, каб нешта зрабіць для яе паляпшэння. 



Падпісацца за прэтэндэнта? — Усё роўна не пройдзе. 



Паставіць подпіс пад калектыўным зваротам? — Нічога не зменіцца. 



Пайсці назіральнікам? — Дык выбараў жа няма. 



Якраз яны ў недзяржаўнай прэсе больш за іншых крытыкуюць “слабую” апазіцыю — чаму на талерачцы не паднясе ім справядівую ўладу. Спадары, падніміцеся з канапаў! Узмацніце сабой нашы парадзелыя пасля 2010 года шэрагі. 



І паспрабуй такому давесці, што адсутнасць рэальнага выбару ў краіне неабходна зафіксаваць: падлічыць яўку, зверыць лічбы “іхнія” і “нашы”, засведчыць шматлікія парушэнні, дакументальна аформіць вынікі і гэтак далей. Усё гэта патрабуе немалых намаганняў, сілы духу, ведання працэдуры, смеласці ўрэшце, каб супроцьстаяць адладжанай дзяржаўнай сістэме. 



Сярод прынцыпова абыякавых да палітыкі, як я заўважыла, шмат прадстаўнікоў хрысціянскіх цэркваў, асабліва праваслаўнай. Вядомае выслоўе “Бог терпел и нам велел” зрабілася іх жыццёвым крэда. Калі пакора лічыцца вышэйшай цнотай, а слова “смирение” кожны разумее як хоча, калі царкоўнаслужыцелі не бачаць адрознення паміж асабістым і сферай грамадскіх інтарэсаў, тады праблематычна чакаць ад вернікаў нейкай актыўнасці. 



Пра выбары, якіх “няма”, варта сказаць асобна. За шмат гадоў інстытут выбараў у нас дыскрэдытаваны цалкам. Ад усёй выбарчай працэдуры засталася пустая абалонка, імітацыя. Тое, што С.Калінкіна вобразна назвала “ложной беременностью”. Дакладней не скажаш! Розніца толькі ў тым, што прэзідэнцкая масоўка загадзя плануе адсутнасць “дзіцяці” і пры тым усяляк яго хваліць і ўзносіць. 



Задача ЦВК і дзяржаўнай прэсы — абставіць працэс як мага праўдападобней. У іх “свае” міжнародныя назіральнікі (вось каму лафа!), “свае” несапраўдныя мясцовыя — як быццам ад грамадскіх арганізацый і партый. Хіба ў нас ёсць партыі па-за асяроддзем апазіцыі? 



Л.Ярмошынай давялося публічна патлумачыць, чаму ў мясцовыя выбарныя камісіі зноў не трапілі прадстаўнікі ад апазіцыйных структур. Яны, ці бачыце, у канфлікце з уладамі! А нашы жаночыя камісіі павінны правесці выбарчы спектакль у камфортным душэўным стане, без усялякіх патрасенняў, нечаканасцей і “рэкамендацый”. 



Мне вядома, як напружвае старшынь і сакратароў сама прысутнасць чужых вачэй. Некаторыя камісіі трасе яшчэ і таму, што іх кіраўніцтва захавала вернасць старым традыцыям і мусіць рабіць банальныя ўкіды. (Раней скрыні называлі урнамі, што больш дакладна: служаць для смецця.) Перадавыя сілы зла адкінулі гэтую архаіку: запакаваўшы бюлетэні, яны падбіраюць патрэбныя працэнты на калькулятары. Усё роўна ніхто пакункі не пералічыць і за руку не зловіць. 



Вось чаму мне падаюцца запозненымі прапановы грамадзян наконт празрыстых скрыняў, адмысловых пячатак і ўсяго іншага. Можна расслабіцца. Спрактыкаванага шулера не абыграеш. Эрозія маралі ў дзяржаве дасягнула такой ступені, што дазваляе ўсё! 



На гэтым грамадскім тле, на гатым астылым папялішчы, дзе мала засталося жывога, можна было б так не надзімацца ў прадчуванні чарговай перамогі. Мы ўсе ведаем ёй цану — нават той, хто гэтую цану вымушана альбо дабраахвотна плоціць. 



Васіль Быкаў пісаў, помніцца, пра такую з’яву, як сервілізм. Сервільнасць — тое самае, што і халопства, халуйства, прыслужніцтва, лакейства. Лакеям у нас добра плоцяць, і яны вельмі стараюцца не ўпасці з запяткаў “залатой карэты”. Аднак напрошваецца пытанне: ці трэба ўжо так згінацца, слугуючы сістэме? Што, за правільна падлічаныя галасы таксама ўшпіляць “не той укол?”


naviny.by

Каментаваць