Ханс-Георг Вік: наведаю толькі вольную Беларусь

Беларусі не вярнулі статус адмыслова запрошанай у Парламенцкую Асамблею Савета Еўропы. Галоўнай і фактычна адзінай умовай для прадстаўлення чаканага статусу з’яўляецца ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Сваім меркаваннем наконт унутраных і знешніх працэсаў трансфармацыі ў Беларусі з карэспандэнтам “НЧ Вольгай Хвоін падзяліўся былы кіраўнік місіі АБСЕ ў Мінску Ханс-Георг Вік. Цяпер дыпламат узначальвае ў Германіі арганізацыю «Правы чалавека ў Беларусі».



Беларусі не вярнулі статус адмыслова запрошанай у Парламенцкую Асамблею Савета Еўропы. Галоўнай і фактычна адзінай умовай для прадстаўлення чаканага статусу з’яўляецца ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Сваім меркаваннем наконт унутраных і знешніх працэсаў трансфармацыі ў Беларусі з карэспандэнтам “НЧ Вольгай Хвоін падзяліўся былы кіраўнік місіі АБСЕ ў Мінску Ханс-Георг Вік. Цяпер дыпламат узначальвае ў Германіі арганізацыю «Правы чалавека ў Беларусі».

— Як вы пракаментуеце тое, што Беларусь так і не атрымала статуса адмыслова запрошанага ў ПАСЕ, нягледзячы на папярэднія станоўчыя прагнозы?

— У гэтых адносінах Беларусі яшчэ трэба многае зрабіць. Але цяпер на стале ў Савета Еўропы ляжыць рашэнне пра тое, каб зноў надаць Беларусі статус назіральніка, як гэты было ў 1990-я гады. Аднак для вяртання гэтага статуса ёсць умова: апазіцыя павінна ўдзельнічаць у пасяджэння Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы нароўні з афіцыйнай дэлегацыяй.

— Прайшла інфармацыя, што Аляксандр Лукашэнка можа запрасіць ва ўрад прадстаўнікоў апазіцыі. Прынамсі, Аляксандру Мілінкевічу прарочылі месца віцэ-прэм’ера. Як вы ацэньваеце гэтыя магчымасці?


— Я думаю, што гэта толькі спекуляцыя на ўрадлівай глебе, і распаўсюджваць іх нельга, бо рэальная сітуацыя выглядае інакш.

— Еўропу абвінавачваюць у меркантыльнай пазіцыі да Беларусі. Вы згодныя з тым, што чыноўнікі ЕС кіруюцца хутчэй разлікам, чым каштоўнаснымі крытэрыямі?


— Гэта няправільна. Канешне, вялікае значэнне маюць пытанні эканамічнага развіцця. Аднак апошні візіт камісара Еўрасаюза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніты Ферэра-Вальднер паказаў, што менавіта дэмакратычныя працэсы мусяць быць умоваю ўдзелу Беларусі ва “Усходнім партнёрстве. І апазіцыя, маладыя яе прадстаўнікі, грамадзянская супольнасць павінны быць пастаяннымі ўдзельнікамі перамоў, што тычыцца Савета Еўропы, АБСЕ, іншых структур.

— Як вы ацэньваеце змены, што адбываюцца ў краіне? Ці маюць яны рэальны характар?

— Я думаю, што гэта не толькі касметычныя мерапрыемствы. Гэта жаданне Мінска, кіраўніцтва краіны, атрымаць незалежнасць ад Масквы, атрымаць доступ да супрацоўніцтва з Заходняй Еўропай, скараціць аднабаковую залежнасць ад Масквы шляхам пашырэння заходніх опцый. Як далёка гэта пойдзе, мы паглядзім пазней. Але еўрапейская сістэма каштоўнасцяў з’яўляецца базай нашага існавання, яе нельга ігнараваць. Канешне, можна зрабіць нейкі крок, адсунуўшы ўбок каштоўнасці, аднак сістэма гэтых каштоўнасцяў ёсць асновай адносінаў. Еўропа сваім прыкладам паказвае і даказвае, што дэмакратыя і эканоміка мусяць ісці побач для кожнага асобнага чалавека і грамадства ў цэлым.

— Ці можна казаць пра паляпшэнне адносін паміж Германіяй і Беларуссю?


— Акурат у межах “Усходняга партнёрства павінна быць больш сустрэчаў на афіцыйным узроўні. Аднак вельмі важна, каб у гэтым працэсе ўдзельнічала і грамадзянская супольнасць Беларусі. Праўда, гэтага, відаць, не будзе з той прычыны, што дэмакратычныя сілы не прадстаўленыя ў парламенце.

— Ці маеце намер наведаць Беларусь бліжэйшым часам?

— Мне адмовілі ў візе, таму я думаю, што наведаю толькі вольную Беларусь.

Каментаваць